ЛЯЛЕВЕЛЬ Іаахім (22.03.1786 г., Варшава – 29.05.1881 г.) – польскі гісторык, грамадскі дзеяч. Яго маці Е.Шалюта паходзіла з Беларусі. Скончыў
Віленскі ўніверсітэт (1808), дзе ў 1815 – 1818 гг. і 1821 – 1824 гг. выкладаў, узначальваў кафедру. Ідэйны натхняльнік тайнага студэнцкага таварыства філаматаў, што аб'ядноўвала моладзь з Беларусі,
Літвы і Польшчы. Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў часопіса «Тыгоднік віленьскі». У 1824 г. у сувязі з прадэсам філаматаў і філарэтаў пазбаўлены кафедры. У 1830 – 1831 гг. дэпутат сейма. У час паўстання 1830 – 1831 гг. старшыня Патрыятычнага таварыства, уваходзіў у склад Часовага ўрада, аўтар дэвіза «За нашу і вашу свабоду», з якім паўстанцы звярталіся да рускіх салдатаў.
З 1831 г. у Парыжы, дзе арганізаваў Нацыянальны польскі камітэт. За рэвалюцыйную дзейнасць і надрукаваную камітэтам адозву «Да братоў рускіх», напісаную Лялевелем, высланы з Францыі. З 1833 г. у Бруселі, ідэйны кіраўнік польскіх дэмакратычных арганізацыяў «Маладая Польшча», «Аб'яднанне»; разам з К.Марксам і Ф.Энгельсам актыўна ўдзельнічаў у інтэрнацыянальнай Дэмакратычнай асацыяцыі.
I.Лялевель — заснавальнік рамантычнай школы ў польскай гістарыяграфіі. У лекцыях аналізаваў мінулае Беларусі і Літвы. Непасрэдны вучань Лялевеля – беларуска-польскі пісьменнік Я.Чачот. Разам з прафесарам Віленскага ўніверсітэта I.Даніловічам вывучаў помнікі беларуска-літоўскага права. У сваёй працы «Гісторыя Літвы і Русі аж да Люблінскай уніі з Польшчай 1569 года» (1839) побач з Вялікім Ноўгарадам ставіць сярэднявечную «рэспубліку» Полацка, піша пра ўсходнеславянскую пісьмовую культуру, пра вялікае значэнне старабеларускай мовы ў
Вялікім княстве Літоўскім, пра кнігадрукароў Мамонічаў і Заблудаўскую друкарню. З пашанай называе імя Ф.Скарыны. Пры ўдзеле I.Лялевеля ў Познані ў 1841 г. на беларускай мове ўпершыню выдадзены Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г.
Творы I.Лялевеля чыталі ў звязаным з Т.Лада-Заблодкім гуртку ў
Віцебску, у школах Полацка, усходазнавец К.Касовіч. Ягоныя кнігі былі ў бібліятэцы У.Сыракомлі. Пад яго ўплывам фармавалася пакаленне рэвалюцыянераў 1860-х гг. на чале з К.Каліноўскім і З.Серакоўскім.