Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Пятніца, 20.09.2024, 06:09 | ||||||||||||||||||||||||||||||||
НАРОДГалоўная »НАРОД — 1) усё насельніцтва пэўнай краіны (напрыклад, народ Беларусі, Францыі і г.д.). 2) Розныя формы гістарычных, этнаграфічных супольнасцей (племя, народнасць, нацыя). 3) У марксізме — толькі працоўныя класы і сацыяльныя слаі грамадства (у процілегласць пануючай або кіруючай эліце). Узнікненне і паглыбленне сацыяльнай дыферэнцыяцыі людзей прывяло да з’яўлення ў грамадстве адносна ўстойлівых супольнасцей з уласнымі эканамічнымі, палітычнымі і іншымі інтарэсамі, аб’ектыўнай зацікаўленасцю фармуляваць і актыўна вырашаць задачы сацыяльнага прагрэсу ў інтарэсах абсалютнай большасці людзей. Напрыклад, ініцыятывай рэвалюцыйных змен у Англіі ў 17 ст. авалодалі розныя слаі буржуазіі і новае дваранства, якія выступалі ад імя народа; у Французскай рэвалюцыі 1789—99 народ прадстаўляла «трэцяе саслоўе» (буржуазныя элементы горада і вёскі), што ўзначальвала барацьбу супраць феадальных адносін; у 19 і 20 ст. у якасці носьбітаў «народных інтарэсаў» і «асноўных прадстаўнікоў народа» заяўлялі аб сабе даволі вузкія колы ліберальнай і радыкальнай, тэхнічнай і навуковай інтэлігенцыі, што часта адбывалася пад уплывам уздыму масавых народных рухаў, дзе галоўнае месца займалі рабочыя, сяляне, дробная буржуазія. Народ валодае здольнасцю да самаарганізацыі, з’яўляецца не толькі неаднароднай, але і супярэчлівай супольнасцю. Пры гэтым супярэчнасці існуюць паміж асобнымі элементамі сацыяльнай структуры і адначасова пранізваюць яе па вертыкалі зверху ўніз, што накладвае яскравы адбітак на гістарычныя падзеі, у прыватнасці, калі прадстаўнікі аднолькавых па сваім сацыяльным змесце частак народы займаюць непрымірымыя грамадзянскія і палітычныя пазіцыі (напрыклад, у грамадзянскіх войнах). Тэарэтычная інтэрпрэтацыя катэгорыі народаў характарызуецца мноствам падыходаў, якія абумоўлены істотнымі асаблівасцямі канкрэтных кірункаў філасофскай, сацыяльна-палітычнай і прававой думкі. Марксісцка-ленінская філасофія пры распрацоўцы катэгорыі народ канцэнтруе ўвагу на выконваемай ім ролі асноўнага суб’екта, «героя» гістарычнага працэсу. У тэорыях масавага грамадства, масавай культуры і масавай камунікацыі народ лічыцца пасіўным аб’ектам разнастайных грамадскіх змяненняў: індустрыялізацыі і урбанізацыі, развіцця масавай вытворчасці і спажывання, бюракратызацыі грамадскага жыцця, шырокага распаўсюджвання нізкіх па маральна-эстэтычным узроўні прадуктаў масавай культуры і інш., аб’ектам маніпуляцый з боку ўладных структур. Прынцыпова новым кірункам міжнародна-прававых і філасофскіх даследаванняў з’яўляецца сістэмнае вывучэнне народа як суб’екта калектыўных міжнародных правоў: права на самавызначэнне, на зберажэнне сваёй індывідуальнасці, на сацыяльна-эканамічнае развіццё, роўнасць з іншымі народамі і суверэнітэт. Аўтар: В.І.Боўш Крыніца: "Беларуская энцыклапедыя" |
|