Субота, 27.04.2024, 10:28

ГОРАД

Галоўная »
ГОРАД — буйны населены пункт, жыхары якога заняты пераважна ў прамысловасці, гандлі, сферах абслугоўвання, навуцы, культуры, кіраванні і інш., а сам ён з'яўляецца гаспадарчым, культурным, у большасці выпадкаў і адміністрацыйным цэнтрам. Для гарадоў характэрны канцэнтрацыя вытворчасці, павышаная шчыльнасць засялення і кампактнасць забудовы. Для аднясення населенага пункта да катэгорыі гораду заканадаўчыя органы розных краін выкарыстоўваюць розныя крытэрыі і паказчыкі: колькасць насельніцтва (люднасць), адміністрацыйныя і народна-гаспадарыя функцыі, гарадскія прыкметы (узровень добраўпарадкавання) і інш. Крытэрый колькасці насельніцтва гарадоў вагаецца ад 250 чалавек у Даніі да 30 тыс. чалавек у Японіі. Сучасныя гарады звычайна падзяляюцца на малыя (да 50 тыс.), сярэднія (50 — 100 тыс.), вялікія (100 — 250 тыс.), буйныя (250 — 500 тыс.), найбуйнейшыя (500 тыс. — 1 млн.) і гарады-міліянеры (больш за 1 млн. жыхароў). У свеце існуе больш за 220 гарадоў-міліянераў, a самы буйны — Токіо, 25,8 млн. жыхароў (1992). Каля многіх буйных гарадоў узнікаюць гарады-спадарожнікі. Часта гарады і гарады-спадарожнікі аб'ядноўваюцца, ствараючы агламерацыі гарадскія, якія могуць аб'ядноўваша ў мегаполісы. У жыцці грамадства горад (асабліва буйныя) выступае як мнагапланавы сацыяльны арганізм, складаны эканамічна-геаграфічны, архітэктурны, інжынерна-будаўнічы і культурны комплекс. Для горада характэрна канцэнтрацыя і інтэнсіўнасць розных формаў сацыяльных сувязей, спецыфічная (у параўнанні з вёскай) дэмаграфічная, прафесійная і арганізацыйная структура. Органамі гарадскога кіравання, тыповымі для сучасных замежных дзяржаў, з'яўляюцца выбарны муніцыпальны савет (муніцыпалітэт), кіраўнік гарадской адміністрацыі (мэр, бургамістр і да т.п.), які выбіраецца гэтым саветам або насельніцтвам, і падначаленыя ім аддзелы. Для сталічных гарадоў нярэдка ўстанаўліваюцца асобыя формы кіравання.

У Рэспубліцы Беларусь гарады падзяляюцца на 3 катэгорыі: рэспубліканскага, абласнога і раённага падпарадкавання. Гарадское кіраванне ажыццяўляецца праз rapадскія Саветы дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам гэтых гарадоў, выканаўчыя і распарадчыя органы, кіраўнікі якіх назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і зацвярджаюцца адпаведнымі Саветамі.

Ha Беларусі першыя гарады ўзніклі ў 9 — 13 ст. і ўяўлялі сабой агароджанае (адсюль назва «горад») умацаванае паселішча. Нярэдка яны ўтвараліся на месцах былых гарадзішчаў жалезнага веку. Многія беларускія гарады развіліся з умацаваных паселішчаў, феадальных замкаў, парубежных крэпасцей. Росту гарадоў спрыяла яго геаграфічнае размяшчэнне — скрыжаванне гандлёвых шляхоў, блізкасць ракі ці возера, якія выкарыстоўваліся як транспартныя магістралі. На тэрыторыі Беларусі дакладна ідэнтыфікавана і даследавана 35 гарадоў 9 — 13 ст., сярод якіх Полацк (з 9 ст.), Заслаўе, Тураў (з 10 ст.), Брэст, Віцебск, Лагойск, Мінск, Пінск (з 11 ст.), Барысаў, Брагін, Гомель, Гродна, Клецк, Навагрудак, Слаўгарад (Прапойск), Слуцк (з 12 ст.).

Ядром горада звычайна быў дзядзінец, найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, абкружаны абарончымі збудаваннямі. Побач узнікалі вакольны горад, вакол якога стваралася 2-я лінія ўмацаванняў, і пасады. Гарады развіваліся на аснове радыяльна-кальцавой і радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі, у 11 — 13 ст. будаваліся мураваныя храмы, вежы-данжоны. У 12 — 13 ст. у гарадах пераважна развіваліся кавальства, ювелірнае, шавецкае, кравецкае, касцярэзнае, ганчарнае, бандарнае рамёствы. Сярод гараджан была пашырана пісьменнасць, пра што сведчаць берасцяныя граматы і графіці.

У раннефеадальны перыяд большасць гарадоў стала цэнтрамі ўдзельных княстваў, некаторыя — рэзідэнцыямі епіскапаў. Склаліся некаторыя рысы спецыялізацыі эканамічнай дзейнасці гарадоў. Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі ператвараліся ў цэнтры вотчыннай прамысловасці. Ускладненне грамадскага ладу ў феадальную эпоху выклікала ўзнікненне ў буйных гарадах цэхавай сістэмы і самакіравання паводле нормаў магдэбургскага права і мясцовага права. У сацыяльна-палітычным жыцці гарадоў важную ролю адыгрывала барацьба супраць феадальнага самавольства. Гарады былі цэнтрамі рэфармацыйнага руху і супраціўлення нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту.

У канцы 17 — 1-й паловы 18 ст. ў выніку працяглых войнаў гарады Беларусі прыйшлі ў заняпад. Калі ў 17 ст. на Беларусі было 37 гарадоў і 320 паселішчаў местачковага тыпу, то ў сярэдзіне 18 ст. гарадоў і гарадскіх паселішчаў засталося 228, а колькасць жыхароў у іх зменшылася ў 2,5 раза. Заняпад змяніўся новым уздымам. З 1786 па 1861 гг. колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. жыхароў. Органамі самакіравання засталіся магістраты. У парэформенны перыяд (пасля 1861 г.) паскорыўся рост фабрык і заводаў, развіццю горада спрыяла гарадская рэформа 1870-х гадоў. У 1887 г. у 42 гарадах пражывала 649,5 тыс. жыхароў. гарады ператвараліся ў культурныя цэнтры, дзе канцэнтраваліся навуковыя ўстановы, тэатры, музеі.

Значны рост насельніцтва гарадоў адбыўся ў БССР у выніку індустрыялізацыі, у 1939 г. у гарадах жыло 1854,8 тыс. чалавек (20% насельніцтва). У 1990-я г. гарадское насельніцтва Беларусі павялічылася ў параўнанні з 1950 г. у 4,3 раза; яго ўдзельная вага склала 67,6% ад усяго насельніцтва рэспублікі, што з'яўляецца адным з вышэйшых паказчыкаў урбанізаванасці ў свеце.

На 2008 г. на Беларусі 112 гарадоў, з іх 13 (без Мінска) мелі больш за 100 тыс. ж. (Гомель 481 тыс., Віцебск 343 тыс., Магілёў 367 тыс., Гродна 318 тыс., Брэст 301 тыс., Бабруйск 219 тыс., Баранавічы 167 тыс., Барысаў 150 тыс., Пінск 129 тыс., Орша 124 тыс., Мазыр 111 тыс., Салігорск 101 тыс., Новаполацк 101 тыс.). У Мінску жыве 1,8 млн. чалавек.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.