Пятніца, 19.04.2024, 15:03

НАРОДНАЕ ВЕРШАСКЛАДАННЕ

Галоўная »
НАРОДНАЕ ВЕРШАСКЛАДАННЕ — самая старажытная сістэма вершаскладання, якая ўзнікла ў народнай паэтычнай творчасці ўсходніх славян у перыяд сінкрэтычнага мастацтва, дзе слова існавала неаддзельна ад музыкі, жэста, руху.

Народны верш спяваўся або напеўна дэкламаваўся. Так, рускія быліны, украінскія думы, беларускія замовы і галашэнні вымаўляліся нараспеў, нярэдка ў суправаджэнні (за выключэннем замоў і галашэнняў) музычных інструментаў (гусляў, кобзы, ліры). Асабліва цесна звязаны слова і мелодыя, сэнс і гучанне ў беларускіх народных песнях (гістарычных, каляндарна-абрадавых, лірычных).

У народным вершы вялікую ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі рытму: у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення першаснай рытмічнай адзінкі — склада. У выніку слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася граматычнага націску або ён перастаўляўся з аднаго склада на другі, у вершаваных радках з'яўляліся лішнія словы, асобныя склады расцягваліся або сцягваліся (замест «у» і «і» з'яўляліся «ў» і «й»). Пазней, калі вершаваны тэкст пачаў паступова адасабляцца ад мелодыі, арганізуючым рытмічным пачаткам народнага верша стаў моцны (апорны) націск, які падпарадкоўваў сабе націскі суседніх слоў (не толькі дапаможных, але і самастойных). Чаргаванне пэўнай колькасці такіх націскаў у вершаваных радках стварала рытм танічнага ў сваёй аснове народнага верша.

Існуюць 2 тыпы народнага верша: напеўны і гутарковы, або рэчытатыўны. Гутарковы верш больш позні, у ім у адрозненне ад напеўнага некалькі меншая сувязь з музыкай (напевам). Пашыраныя яго формы — былінны верш, раёшнік. Напеўны верш таксама неаднастайны. Даследчык беларускага фальклору І.Насовіч у прадмове да зборніка «Беларускія песні» (1874) вылучаў у залежнасці ад колькасці апорных націскаў 3 віды народнага напеўнага верша — «у адзін тэмп»:
Камарочкі мае,
Не кусайце мяне,
А кусайце паноў,
Што не пускаюць дамоў;

«у два тэмпы»:
Ты сяло маё, / сяло новае
Сяло новае, / ўсё кляновае!
Ой, ты чым, сяло, / прыукрашана,
Ці калінаю, / ці малінаю,
А ці чорнаю / смародзінаю?;

«у тры тэмпы»:
Мак зялёны, / мак чырвоны, / у поўначы квіцець.
Там за гарою, / там за другою / мяне татка клічэць.

Песенны рытм «у тры тэмпы» найбольш пашыраны ў старажытных песнях. Магчыма, ён паўплываў на рытміку былін, для якіх у пераважнай большасці таксама характэрны 3 моцныя націскі ў вершаваных радках.

Народнае вершаскладанне паступова відазмянялася пад уплывам літаратурнага верша, які ўзнік у беларусаў у пачатку 16 ст., — антычнага (метрычнага) верша ў паэзіі на лацінскай мове і сілабічнага ў паэзіі на старабеларускай мове.

Літаратурны верш з яго роўнаскладовасцю радкоў, раўнамернасцю чаргавання моцных (доўгіх) і слабых (кароткіх) складоў адчувальна ўплываў на чыста танічныя прынцыпы народнага верша. З 16 ст. ў вершы народных песень узнікаюць сілабатанічныя формы, што аб'ядноўваюць ранейшыя прыкметы тонікі (аднолькавая колькасць рытмічных акцэнтаў у радках) з новымі прыкметамі сілабізму (аднолькавая колькасць складоў). У песнях з'яўляюцца рыфмы, строфы; у сваю чаргу раннія сілабатанічныя формы народнага верша пачалі ўплываць на літаратурны сілабічны верш, паскараючы фарміраванне сілаба-танічнага вершаскладання.

Аўтар: В.П.Рагойша
Крыніца: "Беларуская энцыклапедыя"
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.