Панядзелак, 06.05.2024, 10:29

НАВУКОВА-МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА

Галоўная »
НАВУКОВА-МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА — мастацкія творы, у якіх расказваецца пра навуку і навуковыя пошукі. Узнікла на стыку мастацкай, дакументальнай і навукова-папулярнай літаратуры. Калі навукова-папулярная літаратура канцэнтруе ўвагу на чыста спазнаваўчых і навучальна-педагагічных задачах, то навукова-мастацкую літаратуру пераважна цікавяць душэўны свет вучоных, псіхалогія навуковай творчасці, перадумовы і вынікі навуковых адкрыццяў. Яна мае спазнаваўчую і эстэтычную каштоўнасць, захапляе чытачоў рамантыкай пошукаў, раскрывае веліч чалавечага розуму, яго бязмежныя магчымасці.

Склалася ў навейшую эпоху, хоць творы, прысвечаныя навуковым з’явам і пошукам, вядомыя з даўніх часоў (напрыклад, паэма «Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя Кара (I ст. да н.э.), вершы М.Ламаносава і інш.). Многія вучоныя расказвалі пра свае адкрыцці, гіпотэзы, разважанні. Гэтая літаратура шматжанравая (публіцыстычны і праблемны нарыс, дакументальная мастацкая аповесць, біяграфія, апавяданне і інш.). Цікавыя яе ўзоры стварылі, напрыклад, пісьменнікі Б.Жыткоў (« Апавяданні пра жывёл» ,1935), В.Біянкі («Лясная газета на кожны год», 1928), К.Паўстоўскі(«Кара-Бугаз», 1932) і інш. Асаблівы ўздым гэтай літаратуры назіраецца з канца 1950-х гг., калі вялікае развіццё атрымалі генетыка, кібернетыка, касманаўтыка і іншыя галіны навукі і тэхнікі.

Першыя творы беларускай навукова-мастацкай літаратуры адрасаваліся дзецям (апавяданні Якуба Коласа ў кнізе «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», 1909; Цёткі «Газа», 1914, і інш.). Значны ўклад у яе развіццё зрабілі I.Дуброўскі (кнігі «Светлы шлях», 1959; «Гамоніць Палессе», 1977), М.Паслядовіч («Салігорскае дзіва», 1963). Апавяданні на гістарычныя тэмы напісалі В.Вольскі («Старонкі нашай гісторыі», 1906), У.Караткевіч («Зямля пад белымі крыламі», 1977; «3 вякоў мінулых», 1978). Мастацкае эсэ пра Максіма Багдановіча стварылі М.Стральцоў(«Загадка Багдановіча», 1968), А.Бачыла («Дарогамі Максіма», 1971). Пашырэнне атрымалі мастацкія біяграфіі вучоных, пісьменнікаў. У гэтым жанры напісаныя мастацкія біяграфіі Якуба Коласа (аповесці С.Александровіча «Ад роднае зямлі...», 1962; «На шырокі прастор», 1972), Янкі Купалы (аповесць З.Бандарынай «Ой, рана на Івана...», 1956; раман-эсэ А.Лойкі «Як агонь, як вада...», 1984), Цёткі (аповесці Л.Арабей «Па струнах буры», 1966; «Стану песняй», 1977), М.Гарэцкага (кніга А.Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю...», 1980). Элементы навукова-мастацкай літаратуры выкарыстоўваюцца ў мастацкай прозе (раман «Пушча» В.Карамазава і інш.).

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 22 (519) чэрвень 2014 года
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1395]
Здарэнні [466]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.