НАВУКОВАЯ ПАЭЗІЯГалоўная »
НАВУКОВАЯ ПАЭЗІЯ — разнавіднасць медытатыўнай лірыкі, аб’ект якой — навуковыя тэорыі, адкрыцці, гіпотэзы. Тэрмін уведзены французскім паэтам Р.Гілем («Трактат пра слова», 1886). З большымі падставамі ён можа ўжывацца ў дачыненні да старажытнай і сярэднявечнай літаратуры, калі вершаванай мовай карысталіся ў гістарычных, філасофскіх, прыродазнаўчых і іншых трактатах, у якіх навуковая думка выяўлялася ў вобразнай форме. Аднак і ў наш час ёсць паэты, для якіх дасягненні розных навук становяцца прадметам мастацкага асэнсавання, роздуму.
З беларускіх паэтаў першым да гэтага паняцця звярнуўся Максім Багдановіч. У няскончаным артыкуле «Паэзія геніяльнага вучонага» (нап. 1911), прысвечаным М.Ламаносаву, ён задумваўся, «чаму б паэзіі і навуцы не ісці рука ў руку» , паколькі яны маюць «адну і тую ж агульную мэту: задавальненне пазнавальных патрэб чалавека». У сваёй творчасці М.Багдановіч улічваў поспехі археалогіі, гісторыі, біялогіі, фізікі і г.д.
У сучаснай беларускай паэзіі пафас навуковай думкі ў аснове некаторых твораў А. Куляшова, У. Караткевіча, С. Дзяргая, М. Танка, А. Русецкага, А. Разанава і інш.
Крыніца: Краязнаўчая газета |