Пятніца, 26.04.2024, 13:42

ПАЛЯВАННЕ

Галоўная »
ПАЛЯВАННЕ — пошук і пераследаванне дзікіх звяроў і птушак з мэтаю іх здабычы. Мае доўгую гісторыю развіцця і пераўтварэння з асноўнага занятку першабытнага чалавека ў яго прамысловыя, аматарскія і спартыўныя формы ў сучасны перыяд.

Першабытны чалавек выкарыстоўваў для палявання тыя ж прылады, што служылі яму для самааховы і здабывання каранёў (камяні, палкі, драўляныя дубіны, завостраныя на агні самаробнымі прыладамі ствалы маладых дрэўцаў, крамянёвыя секачы, пазней — дроцікі, пікі, рагаціны, нажы). 3 такой зброяй паляванне было магчымым пры непасрэдным сутыкненні са зверам і патрабавала калектыўных формаў і розных спосабаў палявання, заснаваных на веданні нораву, звычак, паводзінаў звяроў. Паляванне вызначалася сукупнасцю традыцыйных прыёмаў высочвання і здабывання дзічыны і залежала ад сродкаў паляўніцтва.

Найбольш пашыранай і здабычлівай была аблава з нагонкай, што бытуе і ў нaш час пры паляванні на ласёў, козаў, дзікоў, ваўкоў і зайцаў. У адрозненне ад далёкага мінулага гучкі (клікуны, загоншчыкі) гоняць цяпер звяроў не ў дрыгву і глыбокія яры са стромкімі схіламі, а на лінію расстаўленых пэўным чынам стралкоў.

Разнавіднасцю аблавы з вагонкай з'яўляецца лава, пры якой паляўнічыя ідуць доўгай шарэнгай разам з гучкамі. Лава, у якой удзельнічала насельніцтва некалькіх суседніх вёсак, прымянялася пры знішчэнні ваўкоў і пры паляванні на зайцоў. Жыццяздольнай аказалася аблога, ці аблава з флажкамі.

Са з'яўленнем кап'я, дроціка і лука (9 тыс. да н.э.) побач з калектыўнымі склаліся і пашырыліся індывідуальныя спосабы палявання. Падыход — падкрадванне крокам або паўзком да звера на адлегласць стрэлу. Трапленне — пошук і выяўлеяне па слядах (тропах) месцазнаходжання звера. Добры вынік ад яго зімой, асабліва па першым снезе, і летам па вільготным ландшафце, на якім даўжэй захоўваюцца сляды. Эфектыўнасць траплення значна ўзрасла пасля прыручэння сабакі (9 — 8-е тыс. да н.э.). Пад'езд (палявавне на пад'езд) — набліжэнне да звера ў санях або лодцы на адлегласць дакладнага стрэлу. Аб'езд — павольны аб'езд на санях звера на адкрытым месцы, з паступовым звужэннем круга. Подпуск (засада, сежа) — паляванне, калі звера падпускаюць на выстрал з укрыцця — загадзя пабудаванай будкі або з палатак на дрэве. Подпуск часта спалучалі з падвабліваннем, асабліва ў час гону ласёў. Блізкае да падваблівання паляванне з парасём (распаўсюджанае ў XIX ст. сярод шляхты), калі на яго віск збягаліся ваўкі і гналіся за санямі з паляўнічымі, якія ехалі ўздоўж лесу. 3 лукам, а пазней са стрэльбай, палявалі на баравую і балотную дзічыну. Цецерукоў стралялі на такавішчах рана ўвесну, зімой іх прываблівалі балванам (чучалам), якога саджалі на жэрдку крыху ніжэй вершалінаў дрэваў. Качак білі ў падход і на манькуту (падсадную качку). На бакасаў (баранчыкаў, козак), слонак (сломак, вальдшнэпаў), гаршнэпаў, дунеляў, турухтанаў (батальёнаў) палявалі ранняй вясной. Паляванне са стральбой на дробных птушак мела пераважна спартыўны характар і карысталася папулярнасцю галоўным чынам сярод гарадскіх паляўнічых. Сяляне лічылі за празмерную раскошу траціць набой на птушку ў чвэртку фунта вагой і лавілі іх пераважна сілом.

Здаўна вядомыя і неактыўныя спосабы палявання, заснаваныя на выкарыстанні самалоўных прыладаў і прыстасаванняў: лоўчых ямаў, петляў са скураных паскаў і сухажылля, пасткаў ды інш. Асноўнай старажытнай зброяй палявання быў лук, з XII ст. пашырыўся ўдасканалены лук-куша (арбалет) з кольбай, ложай і механічным напінаннем цецівы, што павялічыла магчымасць актыўнага палявання.

У X — XIV стст. паляванне ў жыцці чалавека на тэрыторыі Беларусі займала значнае месца. На Полаччыне, Віцебшчыне і Тураўшчыне асноўным аб'ектам палявання былі тур і зубр, на Ваўкавышчыне — дзік, на Пагарынні — бабёр, у ваколіцах Клецка — казуля. Для палявання выкарыстоўваліся ўсе віды наступальнай і абарончай зброі: лукі, кушы, коп'і, дзіды, дроцікі, рагаціны, сякеры, чаканы, шаблі, нажы, кісцяні. Коп'і і дроцікі кідалі наводмаш з бегу ці нагнаўшы звера верхам, дзіды і рагаціны выкарыстоўвалі пры паляванні на буйных звяроў, асабліва мядзведзя. Пашыраным было паляванне разнастайнымі самаловамі, пасткамі (ступіца, ступа, торгала, ашчэп, ваўкоўня, трызубец), соткамі (лятуха, звон, шацор, плат, стажок, раз'езд), петлямі, сіламі (пружок, панажы, кола), з XVIII ст. — капканамі саматужнай і фабрычнай вытворчасці.

У сярэднявеччы папулярным было паляванне з сабакамі ці сокаламі. У XV — XVII стст. выкарыстоўвалі сабак-хартоў, якія даганялі і прыпынялі звера, гончых, якія гналі звера з брэхам, выжлаў, якія нюхам адшуквалі птушак і ўзнімалі іх, a потым знаходзілі і прыносілі здабычу, ямнікаў (таксаў), з якімі палявалі на норнага звера. Сакалінае паляванне з «белазорамі» і «балабанамі» было выключна прэрагатывай караля і магнатаў. 3 канца XV — пачатку XVI ст. пашырылася паляванне з агнястрэльнай зброяй (напачатку сярод прадстаўнікоў шаноўных класаў, з сярэдзіны XVI ст. — і сярод сялянаў). Да канца XIX ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: ручніцамі губчастымі («звярынымі» і «птушынымі»), крамянёвымі («крамзелямі» і «сакалоўкамі»), аднаствольнымі, пазней двухствольнымі дубальтоўкамі («пістонаўкамі»), у канцы XIX — пачатку ХХ ст. «бярданкай» — стрэльбай з зарадамі патроннага тыпу.

Паляванне з агнястрэльнай зброяй і адсутнасць дзейснага кантролю прывялі да масавага знішчэння многіх відаў жывёлаў, асобныя з якіх звяліся канчаткова (тур, зубр, тарпан, расамаха, собаль і інш.). Паляванне насіла характар варварскай забавы прывілеяваных асобаў і стала амаль недаступным для простага люду. Напрыклад, у 1860 г. расійскі цар Аляксандр II і яго світа за 2 дні знішчылі ў Белавежскай пушчы 28 зуброў, 23 дзікі, 36 касуляў і шмат іншых звяроў. Для загону звяроў, акрамя егераў і аб'ездчыкаў, было мабілізавана больш за 2 тысячы сялянаў, якія 3 тыдні заганялі звяроў у загарадзь. У час палявання расійскага цара Мікалая II за 2 тыдні забіта 40 зуброў, 53 алені, 26 рысяў, 36 ланяў, 325 касуляў, 138 дзікоў, 51 ліс і інш.

Сучаснае паляванне ў Беларусі істотна адрозніваецца ад старажытнага. Са знішчальнага яно стала адной з формаў рацыянальнага прыродакарыстання. Носіць спартыўна-аматарскі характар і з'яўляецца актыўным адпачынкам, спосабам спазнання навакольнай прыроды; выпрацоўвае майстэрства, вытрымку, вынаходлівасць; павышае агульную культуру чалавска і ягоную адказнасць перад грамадствам. Паляванне дазволенае толькі членам таварыства паляўнічых і рыбаловаў у паляўнічы сезон па пуцёўках або ліцэнзіях, у вызначаных для палявання паляўнічых угоддзях. У сувязі са змяньшэннем у аношнія дзесяцігоддзі колькасці паляўнічых у многіх рэгіёнах павялічыліся папуляцыі ваўкоў, лісаў, дзікоў, баброў, якія часцяком шкодзяць прыватным і фермерскім падвор'ям і грамадскім угоддзям, палям, лесу, садам, рэкам, балотам.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №17 (658) май 2017 год;
«Краязнаўчая газета» №18 (659) май 2017 год;
«Краязнаўчая газета» №19 (660) май 2017 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.