Субота, 27.07.2024, 03:53

ПАРЭМІЯЛОГІЯ

Галоўная »
ПАРЭМІЯЛОГІЯ (ад грэч. раriomiа прытча, прыказка + ...логія) — раздзел фалькларыстыкі, што вывучае прыказкі і прымаўкі, а таксама велерызмы, дэвізы, слоганы, афарызмы, максімы, загадкі, прыкметы і іншыя выслоўі, асноўным прызначэннем якіх з'яўляецца кароткі вобразны вербальны выраз традыцыйных каштоўнасцяў і поглядаў, заснаваных на жыццёвым досведзе групы, народа і таму падобнае.

Упершыню беларускія прыказкі разам з польскімі выдаў С.Рысінскі ў зборніку «Польскія прыказкі» (Любча, 1618). У 1840 годзе А. Рыпінскі надрукаваў і 50 беларускіх прыказак у кнізе «Беларусь» (Парыж). Беларускія прыказкі і прымаўкі публікавалі таксама Ян Чачот (185 тэкстаў), Я.Тышкевіч (450), П.Шпілеўскі (больш за 500). Самы вялікі зборнік прыказак (3715 тэкстаў) апублікаваў I.Насовіч у 1874 годзе. Гэты зборнік доўгі час заставаўся самым грунтоўным для вывучэння прыказкавай паэзіі беларускага народа. Значную калекцыю афарыстычных твораў (757) змясціў Е.Раманаў у двух выпусках «Беларускага зборніка» (1886) і У.Дабравольскі (прыкладна 300) у «Смаленскім энтаграфічным зборніку» (ч. 3, 1894). Вялікі зборнік падрыхтаваў Аляксандр Сержпутоўскі (6225, не апублікаваны) і М.Федароўскі [у 4-м т. «Люду беларускага» (1935) разам з іншымі творамі змешчаны 13231 тэкст]. Адным з поўных выданняў савецкага часу з'явіўся зборнік Ф.Янкоўскага «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (7900 тэкстаў, 1962) з класіфікацыяй паводле тэматыкі; зборнік «Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі» (1958) выдаў Я.Рапановіч.

Тэарэтычнае асэнсаванне беларускіх прыказак і прымавак пачалося з кароткіх прадмоваў да зборнікаў Насовіча, Я.Ляцкага [«Матэрыялы для вывучэння творчасці і побыту беларусаў (т. 1). Прыказкі, прымаўкі, загадкі», 1898] і іншых. Іх жанравыя асаблівасці, ідэйна-тэматычны змест і некаторыя пытанні паэтыкі разгледзеў Яўхім Карскі ў працы «Беларусы» (т. 3, ч. 1, 1916), у якой даў гістарыяграфічны нарыс іх збірання. Упершыню ў савецкай фалькларыстыцы беларускія прыказкі даследаваў К.Атраховіч (Кандрат Крапіва) у артыкуле «Беларускія прыказкі» (1927). Разгляду паходжання, ідэйна-тэматычнага зместу прыказак і загадак прысвечаная праца П.Ахрыменкі «Беларускія загадкі, прыказкі, прымаўкі» (1961), грунтоўнае даследаванне мастацкіх асаблівасцяў прыказак і прымавак зрабіў М.Янкоўскі ў кнізе «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971). Праблемы жанравай спецыфікі, збірання і вывучэння, класіфікацыі і ідэйна-мастацкага зместу прыказак разгледзеў М.Грынблат ва ўступным артыкуле да складзенага ім найбольш поўнага двухтомнага акадэмічнага выдання «Прыказкі і прымаўкі» (1976). Выйшаў дапаможнік I.Лепешава «Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства» (2006), дзе абгрунтоўваецца неабходнасць выдзялення ў курсе сучаснай беларускай літаратурнай мовы асобных раздзелаў парэміялогіі і парэміяграфіі, у якіх павінны вывучацца прыказкі як рэальна існуючыя моўныя адзінкі, упершыню даецца тэарэтычны і часткова практычны матэрыял для сістэматызаванага вывучэння прыказак з семантычнага, этымалагічнага, грама-тычнага і стылістычнага пунктаў гледжання. У 2011 годзе выйшаў «Тлумачальны слоўнік прыказак» (I.Лепешаў, М.Якалцэвіч).

Параўнальная (кампаратыўная) парэміялогія займаецца вывучэннем парэміяў у розных мовах і культурах.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №18 (707) май 2018 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 46
Гасцей: 46
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.