Субота, 27.07.2024, 02:48

ПАРТЫЗАНСКІ ФАЛЬКЛОР

Галоўная »
ПАРТЫЗАНСКІ ФАЛЬКЛОР – вусна-паэтычныя творы, складзеныя беларускім народам у гады Вялікай Айчыннай вайны на часова акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі. У іх выказвалася нянавісць да акупантаў і вера ў перамогу, услаўляліся подзвігі народных мсціўцаў. Асабліва папулярнымі былі партызанскія песні, прыпеўкі, анекдоты, прымаўкі і прыказкі. Бытавалі таксама легенды, сказы, казкі. Характэрная асаблівасць многіх твораў таго часу – мастацкае адлюстраванне подзвігаў рэальных народных герояў Канстанціна Заслонава, Сідара Каўпака і іншых. У казках, легендах, апавяданнях пра іх сапраўдныя жыццёвыя факты нярэдка спалучаліся з выдуманымі і падаваліся як рэальныя.

У казцы «Як конь Заслонава Парыў ад смерці яго выратаваў» матывы гераічнага эпасу аб'ядноўваюцца ў эстэтычна-мастацкім адзінстве з эпізодамі, уласцівымі чарадзейным казкам пра цудоўных памочнікаў (у якасці такога памочніка тут выступае конь Заслонава, надзелены незвычайнай сілай і мудрасцю). У легендах і апавяданнях сцвярджалася бессмяротнасць славутых змагароў з фашыстамі, расказвалася пра храбрасць і надзвычайную ваенную хітрасць легендарных партызанскіх камандзіраў. Пры стварэнні новых казак, легендаў, апавяданняў, анекдотаў шырока выкарыстоўваліся традыцыйныя фальклорныя сюжэты, мастацкія прыёмы і сродкі (напрыклад, у казцы «Жываглот» выкарыстаная форма раёшніка), а таксама элементы прафесійнага мастацтва і літаратуры. Асабліва вялікай папулярнасцю карысталіся сатырычныя творы, дзе выкрывалася звярынае аблічча фашыстаў, іх вераломства, развенчваўся міф пра непераможнасць гітлераўскай арміі («Змей Гарыныч», «Рыба-бах, быль-небыліца», «Самае моцнае слова на свеце» і іншыя). Вялікі камічны зфект мелі творы малых формаў – анекдоты, жарты, гумарэскі, што перадаваліся ў вуснай і пісьмовай формах. У іх з'едліва высмейваліся Гітлер, Гебельс, Герынг, Гімлер, выкрывалася хлуслівая фашысцкая прапаганда. На ўзор ліста запарожскіх казакоў турэцкаму султану складзены сатырычны ліст беларускіх партызанаў «бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту дурному Адольфу Гітлеру».

Карыкатурнае аблічча фюрэра выклікала знішчальны смех, што развейваў усе намаганні гебельсаўскай прапаганды стварыць уяўленне пра вялікасць Гітлера. Сатырычная накіраванасць уласцівая многім прыказкам і прымаўкам, дзе трапным мастацкім словам малявалася аблічча наваяўленых «пераможцаў» («Кожны куст для фашыстаў рызыка: трасе іх трасца, кідае ў дрыжыкі», «Спяшаўся фашыст на нашы куры, а папаў на свае хаўтуры», «Сабака віляе хвастом, а Гебельс – языком»), выкрываліся здраднікі («Здраднік за агрызкі прадасць родных і блізкіх»). Бязлітасная сатыра на фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых, нянавісць да іх – усё гэта адпавядала думкам і настроям людзей, якія не скарыліся ворагу і працягвалі барацьбу. Надзённасць сатырычных твораў рабіла іх надзвычай папулярнымі і спрыяла хуткаму іх распаўсюджванню сярод партызанаў і насельніцтва.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №13 (702) красавік 2018 год;
«Краязнаўчая газета» №14 (703) красавік 2018 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 60
Гасцей: 60
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.