ПАРУШНІЦКІ ЛЕМЕЗГалоўная »
ПАРУШНІЦКІ ЛЕМЕЗ — умоўная мова шклоўскіх шаўцоў і шапавалаў. Бытаваў у мястэчку Шклоў Магілёўскага павета. Лексічны склад паводле запісаў Е.Раманава налічвае 651 слова і ахоплівае 13 паняційных групаў.
Большасць паняццяў абазначалася агульнаўжывальнымі беларускімі словамі, зацемненымі ўстаўкамі-прыстаўкамі «ку-» («кувесна» — вясна, «кубалота» — балота), «шу-» («шугара» — гара), суфіксамі «-он» («сватон» — сват, «грехон» — грэх), «-ош» («дымош» — дым, «гшсарош» — пісар), «-ник» («лабушник» — музыкант, «кувезник» — каваль). Большасць прыметнікаў утвораная пры дапамозе суфіксаў «-имн-», «-омн-» («горкомный» — горкі, «худимный» — худы). 3 назваў дзён тыдня зарэгістраваныя толькі субота («субантюк») і нядзеля («дэушница»). Адным словам маглі абазначацца некалькі паняццяў («сивор» — снег, лёд, град, мароз, мяцеліца). Невялікая колькасць словаў з іншых моваў (з грэчаскай «кресо» — мяса; з лацінскай «дэус» — сонца, Бог; з татарскай «басаць» — рэзаць). Частка словаў — вузкія дыялектызмы («лох» — мужык).
У лексіцы 168 словаў агульныя з катрушніцкім лемезнем (што паказвае на агульнасць паходжання). Граматыка і сінтаксіс парушніцкага лемезу — беларускія (напрыклад, «угуръ чъзу ховбовъ» — дай мне грошай, «чузовский збрагъ химаеть» — мой брат хварэе). Фальклорных твораў на парушніцкім лемезе не зафіксавана.
Крыніца: «Краязнаўчая газета» №18 (707) май 2018 год |