ПАШТОВАЯ СТАНЦЫЯ – від прыдарожных збудаванняў; уваходзіць у склад дарожнай архітэктуры. На фармаванне паштовай станцыі ўплывалі будаўнічыя традыцыі заезных двароў і корчмаў. Размяшчаліся звычайна па-за
горадам і іншым населеным пунктам, на пад'ездах да іх, іншы раз у цэнтры невялікіх сёлаў і вёсак.
Уяўлялі сабой комплекс пабудоваў, аб'яднаных тэрыторыяй станцыйнага двара. Цэнтральнае месца ў кампазіцыі займаў будынак станцыі, дзе былі памяшканні для праезджых (гасцініца), кватэра дазорцы, пакой для запісу падарожных і іншыя дапаможныя памяшканні. Галоўным падоўжным фасадам будынак ставіўся паралельна дарозе. Яго разгорнутую сіметрычную кампазіцыю звычайна падкрэсліваў уваход у выглядзе партала з лаканічным дэкорам. Абапал асноўнага будынка знаходзіліся
вароты ў
двор. Па перыметры размяшчаліся флігелі для ямшчыкоў, свірны, стайні, хлявы. Нярэдка гаспадарчыя пабудовы выходзілі за лінію галоўнага фасада і сіметрычна фланкіравалі будынак. Архітэктура тыпавых паштовых станцыяў сярэдзіны XIX стагоддзя мела рысы позняга класіцызму, псеўдарускага стылю,
неаготыкі.