ВЯЧЭРНІКІ —
вясельныя чыны з боку маладой, якія везлі пасцель і пачастунак пасля ад'езду маладых з дому маладой. На дарогу яе бацькі давалі вячэрнікам гарэлку і абавязкова засмажанага пеўня, якімі вячэрнікі частаваліся ў дарозе, спыняючыся сем разоў.
Пры ўездзе ў двор маладога вячэрнікі прад'яўлялі так званы «пашпарт» — кварту гарэлкі (выкуп, без якога іх бы не прапусцілі). Іх сустракаў малады, садзіў за стол і частаваў. Пасля гэтага вячэрнікі слалі шлюбную пасцель (тады іх называлі пасцельніцамі). Пасля першай шлюбнай ночы вячэрнікі паказвалі ўсім шлюбную кашулю маладой, завівалі маладую (тады яны называліся завівальніцамі; глядзіце
Завіванне). У некаторых мясцовасцях Беларусі два апошнія дзеянні выконвалі не вячэрнікі, а прыданыя, якія прыязджалі пазней, пасля вячэрнікаў, або назаўтра (вячэрнікі стараліся не пусціць прыданых у двор да маладога, патрабуючы выкуп). Затым вячэрнікі лавілі курэй, гатавалі з іх
ежу і частавалі прыданых.