Панядзелак, 06.05.2024, 23:17

ВЫПРАБАВАННЕ

Галоўная »
ВЫПРАБАВАННЕ — вясельны абрад, у час якога правяралі здольнасці і характар маладой, а таксама знаёмілі яе з гаспадаркай і будучымі абавязкамі ў новай сям'і. Узнік у выніку пераасэнсавання некаторых элементаў рытуалу далучэння маладой да роду маладога. Выпрабаванне адбывалася ў доме маладога пасля выканання абрадаў каморы і завівання маладой. Маладую ў суправаджэнні музыкантаў і ўдзельнікаў вяселля вялі па ваду да студні. Часам наперадзе ішоў дружка з завязаным на канцы палкі поясам. Маладая павінна была дастаць са студні два вядры вады і на каромысле, не разліўшы, прынесці яе дахаты (у некаторых мясцовасцях яна несла вядро з вадой на адным пальцы, каб паказаць сваю спраўнасць і сілу). На зрубе студні маладая пакідала піражок або шышку са свайго каравая, а да жураўля прывязвала ручнік, намітку або пояс уласнага вырабу. Часам піражок хто-небудзь з прысутных кідаў у студню, тады маладая за трэцім разам павінна была яго вылавіць вядром і занесці дадому. Піражок (паводле народных уяўленняў ён меў цудадзейную сілу) са зруба забіралі жанчыны, дзялілі яго паміж сабой і тут жа з'ядалі, а ручнік (пояс, намітку) забіраў гаспадар студні. Ваджэнне маладой да студні раней азначала далучэнне яе да адной з жыватворных крыніц роду маладога, а дараванне піражка суседкам — плату за ўступленне ў групу замужніх жанчын.

Прынёсшы ваду ў хату, маладая палівала яе ў першую чаргу на рукі бацькам маладога, а потым усім яго родзічам і падавала ім свой ручнік для выцірання. У такім жа парадку яна паіла гэтай вадой сваякоў. Астатнюю ваду маладая вылівала на лаўку і ў доказ сваёй акуратнасці чыста яе выцірала. Вада, прынесеная маладой, лічылася цудадзейнай (нібыта вылечвала ад балячак, давала сілу і бадзёрасць). Цудадзейнымі лічылі пірагі і бліны маладой, якія яна павінна была спячы і накарміць імі ў першую чаргу свякроў, а потым і ўсю радню маладога. У час прыгатавання цеста для пірагоў (бліноў) маладая клала на века дзяжы прывезены з дому піражок з цеста свайго каравая і пояс, a дзяжу накрывала куском палатна. Усё гэта забірала свякроў разам з паясамі, што маладая клала на прыпечак перад пячэннем пірагоў і на лапату, якой саджала іх у печ. У час пячэння для выпрабавання характару маладой сваякі спрабавалі насыпаць у цеста попел, смецце; перашкаджалі ёй, разлівалі ваду і рассыпалі смецце і тады, калі яна мяла хату. Маладая ад перашкод адкуплялася паясамі. Пазней прысутныя кідалі на падлогу дробныя манеты, цукеркі, што азначала плату маладой за падмятанне.

Другаснае значэнне набыў і звычай пячэння маладой бліноў і частаванне імі сваякоў. Першапачаткова ён азначаў далучэнне маладой да ачага, роду маладога, а пазней — выпрабаванне яе здольнасцей. Падмёўшы хату, маладая абвязвала венік поясам, а смецце да канца вяселля з хаты не выносіла. Пакуль замешанае на пірагі цеста падыходзіла ў дзяжы, удзельнікі вяселля бавілі час у танцах і спевах, маладая ж тым часам прыбірала бацькоў маладога ва ўсё прывезенае са свайго дома. У некаторых мясцовасцях свякроў перад гэтым знарок абвязвалася анучай. Прыбраўшы бацькоў маладога ва ўсё новае, маладая вяла іх у запечак і дапамагала ўзлезці на печ. Гэтымі дзеяннямі падкрэсліваліся будучыя абавязкі маладой у дачыненні да бацькоў маладога.

У час выпрабавання маладую вазілі і на рэчку, дзе загадзя пасланая кабета мыла бялізну. Маладая павінна была ўдарыць некалькі разоў пранікам па намочанай бялізне і падараваць жанчыне чырвоны ваўняны пояс за «навуку» мыць. У час выпрабавання маладая насіла за пазухай піражок або шышку, спечаную з каравайнага цеста. Бацька маладога абводзіў маладую па ўсіх гаспадарчых будынках, дзе яна кідала чорна-белы пояс, які забіраў пастух. Правяралі таксама здольнасці маладой да прадзіва. Для гэтага да новай прасніцы прывязвалі кудзелю і маладая выпрадала некалькі нітак. Для выпрабавання сілы маладой дружка разразала качан капусты і складвала свае рукі накрыж так, што частку качана з правай рукі атрымліваў малады, а з левай — маладая. Маладая кідала сваю палавіну качана на печ, пад парог, біла аб сцяну, пакуль яго не разбівала. Сваякі маладога паказвалі маладой, як мясіць хлеб, мыць посуд, шуфляваць збожжа, грэбці сена, секчы і насіць дровы і г.д. Кожнаму, хто яе «вучыў», яна дарыла кавалак палатна або пояс. У больш позні час усе работы за маладую выконвалі яе сваякі, а часам і сваякі маладога, за што яна іх адорвала.

У сучасным вяселлі выпрабаванне ператварылася ў жартоўны абрад.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1395]
Здарэнні [467]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.