ВЯНКОВАЯ КАНСТРУКЦЫЯ ў архітэктуры – сістэма драўляных вянкоў (гарызантальных радоў бярвёнаў, плашак, дыляў і інш.), змацаваных у куце ўрубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб.
Сістэма ўжываецца ў лясных рэгіёнах Еўропы з
жалезнага веку. На Беларусі вядома з II – III стст. у плямён культур штрыхаванай керамікі і
днепра-дзвінскай. Была пашыраная ва ўсіх сучасных мясцінах, асабліва ў IX – XIII стст., і з таго часу стала асноўнай канструкцыяй драўляных будынкаў.
На аснове сістэмы будавалі жыллё, гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тэрасы,
вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомыя зрубы прамавугольнай, квадратнай (
клеці), 8-граннай (
васьмярык), 6-граннай формы, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утваралася падоўжана-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і іншыя кампазіцыі. Вянковыя канструкцыі мелі не толькі зрубы, але часам і іх завяршэнні (закот, верх, шацёр).
У сучасным будаўніцтве яны выкарыстоўваюцца пераважна ў традыцыйным народным жыллі і гаспадарчых пабудовах.