ДАВЫД ГАРАДЗЕНСКІ (каля 1283 – 1326 гг.), – палкаводзец і дзяржаўны дзеяч
ВКЛ, староста гарадзенскі. Сын нальшчанскага князя Даўмонта, які ўдзельнічаў у змове супраць Міндоўга і, асцерагаючыся помсты
Войшалка, уцёк у Пскоў і нямала ваяваў з крыжакамі, а таксама і з Полацкам.
Манета «Давыд Гарадзенскі», 20 рублёў, рэвэрс
Давыд Гарадзенскі ў маладыя гады вярнуўся ў ВКЛ, быў на службе ў Гедзіміна. Пражыўшы не так ужо і шмат гадоў, тым не менш неаднаразова браў удзел у бітвах і войнах. У 1305-м г. удзельнічаў у разгроме каля Гародні войск каменданта Брандэнбургскага комтура К.Ліхтэнхагена. У 1306-м г. паспяхова абараняў Гарадзенскі
замак ад крыжацкага нападу, у 1314-м г. – Навагародак. У 1318-м г. сам зрабіў баявы паход у Прусію, у 1322 і 1323 гг. памагаў Пскову адбіць напады нямецкіх і дацкіх рыцараў. На наступны год наладзіў баявы паход у Мазовію. У 1326 г. з мэтай аслабіць крыжацкі націск зрабіў новы паход на нямецкія землі, але ў час паходу быў па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам, падкупленым крыжакамі.
Камень ва ўшанаванне князя Давыда Гарадзенскага (Гродна) Пахаваны каля сцен Барыса-Глебскага манастыра ў Гродне.