ЛУННАЎСКАЯ КАПЛІЦАГалоўная »
ЛУННАЎСКАЯ КАПЛІЦА размяшчаецца на могілках на поўнач ад вёскі Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудавана ў 1930-я гг. з цэглы як пахавальня (мемарыяльная дошка на фасадзе: «Тут спачываюць астанкі доктара Антонія Барташэвіча. Памёр 13 сакавіка 1933 г. Жыў 78 год»).
Помнік архітэктуры неакласіцызму. Вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам пад двухсхільным дахам, закрытым на фасадзе трохвугольным франтонам з чатырохграннай сігнатуркай у завяршэнні. Уваход аформлены рэнесансна-класіцыстычным парталам, вылучаным белай тынкоўкай на фоне вохрыста-чырвонай цаглянай муроўкі сцяны. Тынкоўкай вылучаны і карніз на дэнтыкулах, які апяразвае капліцу.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|