Пятніца, 29.03.2024, 05:18

МОГІЛКІ

Галоўная »
МОГІЛКІ — месца пахавання нябожчыкаў (называлі таксама пагостам, кладамі). У традыцыйным светаўяўленні лічыліся сакральным месцам спачыну душ, якому прысвечаны шматлікія міфалагічныя сюжэты, прымхі, павер’і, абярэгі.

Формы могілак, іх знешні выгляд адлюстроўваюць побыт, абрадавыя традыцыі, культуру, рэлігійныя і маральна-этычныя ўяўленні розных часоў і народаў.

У продкаў беларусаў — крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, як і ў суседніх усходнеславянскіх і балцкіх плямён, да 10 — 11 ст. панаваў язычніцкі абрад трупаспалення. Нябожчыкаў пасля аплаквання спальвалі на рытуальным вогнішчы, якому адводзілася функцыя ачышчэння, а прах — попел з рэшткамі касцей, упрыгожанняў і інш. — зграбалі ў урну і хавалі, насыпаючы паверх курган. З прыняццем хрысціянства курганныя пахаванні паступова былі выцеснены абрадам трупапалажэння ў грунтавых ямах, які ў асноўным захаваўся да нашага часу.

Тэрыторыю пад могілкі выбіралі звычайна недалёка ад вёсак на сухіх пагорках ці пакатых схілах з пясчаным і супясчаным грунтам. Часам іх абносілі валам, абгароджвалі плотам ці мураванай сцяной. У гарадах і прыходскіх цэнтрах могілкі рабілі пры цэрквах, касцёлах і манастырах (у 17 — 18 ст. такія пахаванні былі абмежаваны ў сувязі з масавымі эпідэміямі халеры). Паводле ўказа 1889 г. забаранялася размяшчэнне могілак бліжэй чым 100 сажняў (213 м) ад апошняга жылля ў горадзе і паўвярсты (528 м) ад вёскі.

Прадстаўнікоў розных канфесій у мінулым хавалі асобна, кожнага на сваіх могілках. Дыферэнцыяцыя па рэлігійнай прыналежнасці вызначала і ўласцівыя той ці іншай этнаканфесіянальнай групе пахавальныя абрады, спосабы пахаванняў, атрыбуты, сімволіку і мемарыяльныя знакі. Так, магілы праваслаўных размяшчаліся галавой на захад, католікаў — на ўсход. Мемарыяльнымі знакамі служылі крыж або камень з выявай крыжа (крыж ставілі звычайна ў галавах нябожчыка, камень — у нагах). На поўначы Беларусі сустракаліся масіўныя вычасаныя з каменю крыжы-жальнікі. У іудзеяў надгробнымі знакамі служылі камяні з выявай 6-канечнай зоркі, у мусульман (татар) — 5-канечнай зоркі і паўмесяца.

Ha могілках стараліся хаваць сем’ямі («каб родным на тым свеце лягчэй было сысціся»). Людзей нявызначанай веры, самагубцаў, тапельцаў хавалі за межамі могілак. Магільныя ўзгоркі часам пакрывалі драўлянымі прамавугольнікамі ў выглядзе века труны ці абгабляванымі гранёнымі калодамі. Час ад часу родзічы і блізкія нябожчыкаў падсыпалі надмагільныя бугаркі, абкладвалі іх дзёрнам або невысокім зрубам, абмуроўвалі, абнаўлялі мемарыяльныя знакі (у святочныя дні крыж абвязвалі ўзорнымі ручнікамі, фартушкамі, вянкамі), садзілі дрэвы, кветкі. На памінкі, радаўніцу, на велікодным тыдні на могілкі прыходзілі, каб аддаць даніну павагі і ўшанаваць памяць памерлых продкаў.

Народным звычаем на могілках забараняліся гульні, збор ягад і кветак, выпас свойскай жывёлы, высечка дрэў; наўмыснае псаванне магіл і мемарыяльных знакаў расцэньвалася як святатацтва. У наш час замена рэлігійных абрадаў грамадзянскімі, урбанізацыя ўнеслі пэўныя змены ў культурны ландшафт могілак; больш разнастайнымі сталі формы пахаванняў, мемарыяльныя знакі, іх сімволіка і эпітафіка.

За стан могілак адказваюць мясцовыя органы ўлады – сельскія і гарадскія Саветы дэпутатаў у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пахаванні і пахавальнай справе» ад 25 кастрычніка 2001 года.

Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Аўтар: В.С. Цітоў
Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 38 (487), кастрычнік 2013 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.