Пятніца, 26.04.2024, 08:37

МАЛДАЎСКАЯ ЛІТАРАТУРА

Галоўная »
МАЛДАЎСКАЯ ЛІТАРАТУРА — літаратура малдаванаў, карэннага насельніцтва Рэспублікі Малдова. Вытокі яе ў малдаўскім фальклоры, народным эпасе («Данчылэ», «Навакі Груя», «Корбя»). Тут жа варта дадаць, што ў Беларусі малдаване з'явіліся ў асноўным пасля Вялікай Айчыннай вайны, паводле перапісу 1999 г. у краіне было 4267 малдаванаў. У 1992 г. зарэгістраванае грамадскае аб'яднанне «Абшчына "Малдова"», аддзяленні якога ёсць у Гродне, Магілёве, Брэсце, Маладзечне і Рэчыцы.

Малдаўская мова пачала ўжывацца з 1570-х гг. спачатку ў царкоўным богаслужэнні, рэлігійных кнігах, потым у справаводстве. Першая малдаўская кніга — «Казанні» Варлаама выйшла ў 1643 г. у Ясах.

Паспяховаму развіццю культуры і літаратуры ў значнай ступені спрыяла дзейнасць вучонага-гуманіста Д.Кантэміра. У эпоху феадалізму развівалася ў цеснай сувязі з культурай Вялікага Княства Літоўскага, Маскоўскай Русі, Украіны, Польшчы, Візантыі, паўднёвых славянаў, яна пранікала ў Валахію і Трансільванію. Пасля далучэння Бесарабіі да Расіі (1812) разгарнулася творчая дзейнасць А.Доніча, А.Русы, Б.П. Хашдэу, якія зрабілі значны ўклад у развіццё літаратуры Запруцкай Малдавіі. Тут узнік перыядычны друк (1829), заснаваны тэатр, дзе ставіліся п'есы на малдаўскай мове, адкрытыя нацыянальныя школы з выкладаннем на роднай мове.

Тады суіснавалі розныя кірункі: сентыменталізм (К.Канакі), класіцызм, рамантызм (К.Стамаці), пачаў развівацца рэалізм. Далейшае яе развіццё ў 2-й палове XIX ст. звязанае з рэалістычнай прозай класіка малдаўскай і румынскай літаратуры I.Крангэ, творчасцю румынскага і малдаўскага паэта М.Эмінэску, паэзіяй А.Мацяевіча.

Малдаўская савецкая літаратура да 1940 г. развівалася ў Малдаўскай АССР (створаная ў 1924 г. у складзе Украінскай ССР). Сярод лепшых варта назваць апавяданні Д.Мілева, I.Каны, Л.Барскага, аповесці і раманы М.Маркава, паэзію М.Андрыеску, Т.Малая, Н.Кабака, п'есы С.Лехтцыра, П.Карнеліу. У гэты час у акупаванай каралеўскай Румыніяй Бесарабіі (уз'яднаная з Малдовай 2 жніўня 1940 г.) жылі і працавалі Э.Букаў, А.Лупан, пачыналі літаратурную дзейнасць Г.Менюк, Б.Істру, Л.Дэляну, М.Кастэнка, Т.Ненчаў, Д.Ветраў і інш.

У гады Вялікай Айчыннай вайны найбольш плённа развіваліся паэзія і публіцыстыка (вершы і паэмы Букава, Лупана, Істру, Менюка, артыкулы Ветрава, Дарыенкі). У пасляваеннай літаратуры варта адзначыць зборнікі вершаў і паэмаў Э.Букава, А.Лупана, Б.Істру, Л.Дэляну, П. Кручанюка, Ф. Панамара, А.Гужэля, П.Задніпру, А.Бусуёка, А.Чыбатару, П.Боцу, P.Віеру і інш., аповесці і раманы I.Чабану, А.Лiпканa, С.Шляху, Барскага, А.Шалар, I.Дртцэ, Г.Лупан, Я.Куткавецкага, п'есы Друцэ, Л.Карняну, Р.Партнога, Г.Лупан, К.Кондры і інш.

У кастрычніку 1936 г. група малдаўскіх пісьменнікаў прыслала прывітанне Якубу Коласу з нагоды 30-годдзя яго літаратурнай дзейнасці, а ў 1939 г. часопіс «Актомбрые» («Кастрычнік», № 7) змясціў пераклад верша Янкі Купалы «Сонцу». Сувязі малдаўскай і беларускай літаратуры пашырыліся ў пасляваеннны перыяд, адбываліся абмены пісьменніцкімі дэлегацыямі, узаемны ўдзел у пісьменніцкіх з'ездах, юбілейных урачыстасцях. У перакладзе на малдаўскую мову выйшлі зборнікі «Беларускія вершы», «Проза Савецкай Беларусі. Апавяданні і навелы», асобныя кнігі: Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык», Якуба Коласа «Дрыгва», «Апавяданні аб мінулым», I.Шамякіна «Глыбокая плынь», Янкі Маўра «ТВТ», Янкі Брыля «На парозе сталасці», П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі», В.Быкава «Трэцяя ракета», I.Мележа «Людзі на балоце» ды інш. Пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў змяшчаюцца ў перыядычным друку Малдовы. У Мінску выдадзеныя кнігі перакладаў «Малдаўскія апавяданні», «Паэты сонечнай Малдовы», «Малдаўскія народныя казкі», «Бочачка вінароба. Малдаўскі гумар», аповесць Шляху «Таварыш Ваня», зборнік апавяданняў Рошкі «Што мае вочы бачылі», апавяданне С.Вангелі «Прыгоды Гугуцэ», раман Г.Лупан «Трэція пеўні» ды інш. На сцэнах тэатраў Беларусі ставіліся п'есы Друцэ «Птушкі нашай маладосці» (Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча), «Каса марэ» (Брэсцкі абласны тэатр), «Святая святых» (Беларускі акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы), «Імем зямлі і сонца» (Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, 1979) і інш. У тэатрах Малдовы з поспехам ішлі п'есы беларускіх драматургаў.

У 2009 г. выйшла кніга М.К.Кошалева і Т.А.Папоўскай «Гісторыя беларуска-малдаўскіх узаемаадносін» (Мінск: «Беларуская навука»), дзе змешчаны багаты і цікавы факталагічны матэрыял па беларуска-малдаўскіх стасунках ва ўсіх сферах жыцця ад старажытных часоў і да сённяшняга дня. I паводле зместу, і паводле стылю кніга нагадвае энцыклапедычны даведнік, месцамі разбаўлены публіцыстычнымі разважаннямі і паэтычнымі вобразамі.

Крыніца: "Краязнаўчая газета” № 21 (422), чэрвень 2012 года;
"Краязнаўчая газета” № 22 (423), чэрвень 2012 года
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.