Марук Уладзімір Антонавіч нарадзіўся 6 студзеня 1954 года ў вёсцы
Гута ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Гуцянскай і Нацкай сярэдніх школах, потым — у Моўчадскай сярэдняй санаторнай школе-інтэрнаце, што ў суседнім Баранавіцкім раёне. У 1970 годзе, калі закончыў школу, паступіў на вучобу ў
Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Гады вучобы ў тэхнікуме спрыялі творчаму станаўленню будучага паэта. Менавіта ў гэты перыяд у газеце «Магілёўская праўда» былі апублікаваны першыя
вершы У.Марука «Беларусі», «Пазаслалі хмары ўсе шляхі» і іншыя.
Пасля заканчэння вучобы ў тэхнікуме Уладзімір Марук прыехаў на сваю
Ганцаўшчыну. Працаваў у цэнтральнай раённай і раённай дзіцячай бібліятэках, Шашкоўскай сельскай бібліятэцы, у аўтаклубе. Работа бібліятэкарам, штодзённыя сустрэчы з кнігай заахвочвалі Уладзіміра да ўласнай творчасці. Менавіта ў той час у часопісе «Маладосць», у 1974 годзе, з'явіўся цэлы цыкл вершаў маладога паэта, які засведчыў яго несумненны паэтычны талент.
У 1975 годзе Уладзімір Марук паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Гады вучобы ў альма-матар спрыялі яго творчай дзейнасці. Вершы паэта ахвотна друкавалі газеты «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Мінская праўда», часопіс «Маладосць». Пасля заканчэння ўніверсітэта У.Марук некаторы час выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 106 у Мінску. Потым ён працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», рэдактарам, загадчыкам аддзела выдавецтва «Юнацтва», галоўным рэдактарам выдавецтва «Белфакс», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Полымя".
За час сваёй творчай дзейнасці Уладзімір Марук выдаў кнігі паэзіі «Зоркі ў кронах», «Ліст рабіне», «Інкрустацыя голасам», «Ехаў чыж у Парыж» і іншыя, займаўся перакладам з рускай, армянскай, узбекскай, туркменскай моў на беларускую, аўтар шматлікіх публіцыстычных публікацый.
Зямны шлях таленавітага паэта раптоўна абарваўся ў самым росквіце жыццёвых і творчых сіл 23 студзеня 2010 года. Шмат задуманага ім так і засталося нерэалізаваным, многія вершы засталіся ў рукапісах. Хочацца спадзявацца, што сябры паэта зберагуць літаратурную спадчыну Уладзіміра Марука і ўвасобяць яе яшчэ ў адну кнігу паэта.