Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Чацвер, 19.04.2018, 16:44 | ||||||||||||||||||||||||||||
ГУТАГУТА (Гута - русс.) — вёска ў складзе Нацкага с/с. за 23 км на паўночнага ўсходу ад горада і чыгуначнай станцыі Ганцавічы (на лініі Лунінец — Баранавічы). 59 двароў, 67 жыхароў (14.10.2009 г.), на сакавік 2015 года 45 жыхароў. У пачатку 19 ст. невялікае сяло Слуцкага павета Мінскай губерні, належала памешчыкам Абуховічам. У 1816 г. 10 двароў. Паводле перапісу 1897 г. вёска Круговіцкай воласці Слуцкага павета, 31 двор, 206 жыхароў, працаваў піцейны дом. У 1909 г. вёска, 37 двароў 229 жыхароў. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. Акупіравана германскімі войскамі ў лютым 1918 г., польскімі — з сакавіка 1919 г. (савецкая ўлада аднаўлялася ў пачатку 1919 і ў ліпені-жніўні 1920). З 1921 г. ў складзе Польшчы, вёска Круговіцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства, 46 дамоў, 277 жыхароў (з іх 2 палякі-католікі, 1 беларус-католік, астатнія — беларусы-праваслаўныя). З 1939 г. ў БССР, з 15.01.1940 г. ў Ганцавіцкім раёне Пінскай вобласці, з 12.10.1940 г. ў Лактышскім (з 1954 г. Нацкі) сельскім савеце. У 1940 г. 73 двары, 684 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну з 30.06.1941 г. да 08.07.1944 г. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі; у баях на франтах вайны загінулі 3 вяскоўцы, 4 жыхары прапалі без вестак. З 08.01.1954 г. ў Брэсцкай вобласці. Паводле перапісу 1959 г. ў Гуце 453 жыхары. З 25.12.1962 г. да 30.07.1966 г. ў Ляхавіцкім раёне. Паводле перапісу 1970 г. — 329 жыхароў. Планіровачна складаецца з 3 паралельных прамалінейных вуліц, арыентаваных з захаду на усход, злучаных 2 кароткімі вуліцамі ў цэнтры і ў заходняй частках. Мемарыяльная дошка на доме, дзе жыў Уладзімір Антонавіч Марук Вёска — радзіма Івана Аляксандравіча Кірэйчыка і Уладзіміра Антонавіча Марука.
Падрыхтавана паводле кнігі Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006.
|
|