МОТАЛЬСКІЯ КАЖУХІГалоўная »
МОТАЛЬСКІЯ КАЖУХІ — традыцыйнае зімовае народнае адзенне, якое вырабляюць майстры з в.Моталь (Іванаўскі раён). Пашыраны з даўніх часоў. Шылі доўгія шчыльныя да стану белыя нядубленыя кажухі з адкладным каўняром. Кроілі з бакавымі клінамі («вусамі»), зашпільвалі на гаплікі. Мотальскія кажухі багата аздаблялі рознакаляровай вышыўкай «козлікам», гладдзю, нашыўкамі пярэстага шнура, раменьчыкаў, тканіны (найчасцей блакітнае, чырвонае, зялёнае сукно), пампонамі. Дзяўчына ў мотальскім кажуху
З 1930-х г. Мотальскія кажухі робяць з дубленых аўчын, якім надаюць чырвона-цагляны ці вохрысты колер. Яны кароткія, прамога ці паўпрыталенага сілуэту, найчасцей са стаячым каўняром і футравай аблямоўкай удоўж верхняга крыса, па нізу і разрэзах кішэняў. Аздабляюць каляровымі раменьчыкамі, працягнутымі праз вузкія надрэзы ўздоўж швоў, a таксама вышыўкай (зялёныя сцяблінкі з кветкамі вышывалі на кішэнях, нізе рукавоў, верхняй прыкаўнернай частцы спінкі).
Аўтар: М.Ф. Раманюк Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с. |