Пятніца, 19.04.2024, 19:08

АДЗЕННЕ

Галоўная »
АДЗЕННЕ — штучнае покрыва цела чалавека; неад'емная частка яго матэрыяльнай культуры. У шырокім сэнсе ўключае таксама галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гаспадарчай дзейнасці, узроўню развіцця вытворчых сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў, нацыянальных традыцый. У гісторыі грамадства адзенне выконвала і выконвае некалькі функцый (магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча), але найперш — утылітарную і эстэтычную. Задавальняючы практычныя патрэбы, яно адначасова нясе ў сабе мастацкі вобраз, таму выступае як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і залежыць ад мастацкага стылю эпохі. Спецыфіка яго ў тым, што аб'ектам творчасці з'яўляецца сам чалавек. Утвараючы з ім зрокавае цэлае, адзенне патрабуе ўліку асаблівасцей фігуры, а таксама дэталей знешнасці (абрысы і адметнасці твару, колер валасоў, вачэй і інш.).

Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сацыяльная з'ява і як прадмет мастацтва яно ўвасабляла ўяўленні розных гістарычных эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутранай сутнасці і фізічным абліччы. Так, адзенне старажытных грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры, не скажаючы яе; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выражала гармонію ўнутранага і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным мастацкім стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які называецца касцюмам. Паводле канструкцыі касцюмы ўсіх эпох падзяляюцца на 3 асноўныя тыпы: драпіраваны (складаецца з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), расхінны (мае спераду разрэз зверху данізу). Асноўны сродак вобразнага вырашэння ў адзенні — архітэктоніка. Кампазіцыйную выразнасць надаюць яму сіметрыя або асіметрыя, суладнасць або кантраст частак ансамбля, спосаб размяшчэння і вар'іраванне рытму малюнка або арнаменту, іх насычанасць або разрэджанасць і інш. Мастацкімі сродкамі адзення служаць таксама фактура і колер матэрыялу, аздоба (футра, стужкі, карункі, фурнітура — гузікі, спражкі, нашыўкі і аплікацыя, здымныя ўпрыгожанні). На своеасаблівасць вобразнага вырашэння ўплываюць і відазмяненні адзення ў працэсе хады і рухаў чалавека.

Адзенне — важная этнічная прыкмета народнасці і нацыі. Аднак у класавым грамадстве ў характары адзення адбіліся маёмасная няроўнасць і прававая дыферэнцыяцыя. Адзенне феадалаў, а пазней і буржуазіі падкрэслівала іх прывілеяванае становішча і высакамернасць. Адзенне сялян, а пазней і рабочых уласціва арганічная сувязь з прыродным асяроддзем, зручнасць карыстання ў побыце і працы. Складваючыся на нацыянальнай глебе, адзенне кожнага народа засвойвае многія іншанацыянальныя рысы, набываючы характэрнасць і пераемнасць у пакаленнях. Але як вырабы з адносна няўстойлівых матэрыялаў прадметы адзення зберагаюцца значна горш, чым іншыя рэчы, а як асабістая прыналежнасць носьбіта звычайна не залічваюцца ў разрад мастацкіх. Таму адзенне мінулага цяжка паддаецца вывучэнню і крыніцамі яго з'яўляюцца звычайна тагачасныя замалёўкі і апісанні, выявы адзення ў творах мастацтва. Вытокі беларускага адзення ў культуры Кіеўскай Русі. Умерана кантынентальны клімат, працяглая зіма і негарачае лета вымагалі закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей пянькі) і воўны, упрыгожвалі набіўным узорам або ткалі з нітак розных колераў. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка) розных адценняў чырвонага, блакітнага, зрэдку зялёнага колераў; аздобаю служылі вышыўкі шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладнымі, агульнае эстэтычнае патрабаванне — статычнасць і прастата сілуэта. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя боты часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў спадчыну адзення заходніх зямель старажытнай Русі, дзе ў 14 — 16 ст. сфарміравалася беларуская народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца ўплыў касцюма рускіх і ўкраінцаў, а таксама літоўцаў, палякаў, іншых еўрапейскіх народаў. Існаванне яго ў тую пару супала з выпрацоўкай у Заходняй Еўропе асноўных спосабаў і прыёмаў крою, удасканальваннем кравецкага рамяства, што прывяло да істотных змен у адзенні. Кашуля ўскладнілася прынцыпамі крою, адкладным каўняром, світка — вытачкамі для стварэння аб'ёму, авальным падкроем проймы і акату рукавоў. Дэкор стаў больш разнастайным і вытанчаным, змясціліся яго акцэнты. Адзенне магнатаў, шляхты і гарадской знаці развівалася ў рэчышчы заходне-еўрапейскай моды. Шылі яго з дарагіх тканін, аздаблялі залатой і сярэбранай вышыўкай, каштоўнымі камянямі. Важнымі часткамі мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночага — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне стваралася і бытавала ў асяроддзі працоўнага люду. Яно больш яскрава, чым адзенне іншых слаёў грамадства, выяўляла яго маральныя нормы і эстэтычныя густы. Народны касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў, у ім найлепш захаваліся традыцыі нацыянальнага адзення. Беларускі касцюм у 14 — 16 ст. узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі), больш наблізіўся да абрысаў фігуры. Ён меў характэрныя прыкметы касцюма эпохі Адраджэння, а з найбольш спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру ў паасобных вырабах, спалучэння белага з чырвоным у іх каларыстыцы, а таксама геаметрычных узораў у арнаментыцы, што было трывалай усходне-славянскай традыцыяй. Беларускі касцюм у гэты час набыў завершанасць, свой утылітарны і мастацкі вобраз.

Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло не па шляху карэнных пераўтварэнняў, а па шляху тых ці іншых змен, звязаных з мадыфікацыяй асобных элементаў адзення, насычэннем колеравай гамы, пераасэнсаваннем арнаментальных матываў, замацаваннем рэгіянальных адметнасцей. У перыяд фарміравання беларускай буржуазнай нацыі (на працягу 19 ст.) захоўвалася выразнае этнаграфічнае аблічча беларускага народнага адзення. Касцюм сялян той пары выступае як традыцыйны класічны ўзор беларускага народнага мастацтва. Ён — вынік доўгіх і складаных гістарычных працэсаў, скандэнсаваны вопыт многіх пакаленняў. Адна з яго самых адметных рыс — цесная ўзаемасувязь і танальная зладжанасць з іншымі праявамі творчай дзейнасці беларусаў, з іх абрадамі і звычаямі (гл. Абрадавы касцюм).

Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці свята, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. Напрыклад, у пост хадзілі ў пасцяным касцюме, у якім адсутнічаў чырвоны колер. У самае прыгожае адзенне ўбіраліся да працоўных урачыстасцей: выгану жывёлы «на юраўскую расу», на свята Першай баразны, Першага снапа на ніве або Першага пакосу на сенажаці. Дэкор касцюма беларускага сялянства быў суладны з мелодыяй народнай песні, пластыкай народнага танца, строгай велічнасцю драўлянага дойлідства і драўлянай скульптуры. Ён натуральна ўпісваўся ў беларускі краявід, гарманіраваў з інтэр'ерам сялянскай хаты, з яго самабытнай мэбляй, ручнікамі, абрусамі. Тканіны (палатняныя — зрэбныя і кужэльныя, суконныя і інш.) выраблялі ў хатніх умовах (на кроснах). Фарбавалі прыроднымі фарбавальнікамі (настоямі траў, кары і лісця дрэў, балотнай жалезнай рудой). На белае палатно натыканнем або вышыўкай наносілі чырвоны геаметрычны арнамент. У старажытнасці чырвоны колер сімвалізаваў жыццё, а ў ансамблі адзення адыгрываў і важную кампазіцыйную ролю, яднаючы яго часткі ў мастацкае цэлае. Паліхромнасць была ўласціва суконным і паўсуконным тканінам паяснога адзення і поясу, у якіх вышыўка амаль адсутнічае, а тканы ўзор вызначаецца сакавітасцю тонаў і смеласцю іх спалучэнняў — чырвоны, зялёны, сіні, белы. Удала выкарыстоўваліся ў аздобе натуральныя серабрыстыя тоны лёну і воўны. Бытаваў таксама спецыфічны промысел упрыгожання тканін — набіванка. З 2-й паловы 19 ст. са з'яўленнем анілінавых фарбавальнікаў і крамных нітак спектр колераў дапоўніўся аранжавым, фіялетавым, блакітным, малінавым, ярка-зялёным, аднак сфера іх выкарыстання была абмежаванай.

У традыцыйны комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы, a таксама камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў лапці, скураныя пасталы, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Закончанасць ансамблю надавала скураная сумачка, якую падвешвалі цераз левае плячо ці да пояса. Мужчынскі касцюм меў сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер, а дэкор прыпадаў на каўнер, каўнерцы, пазуху і ніз кашулі і на разнаколерны пояс з кутасамі.

Найважнейшага ўзлёту фантазіі і майстэрства беларускае адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нацыянальнага касцюма беларусаў увогуле. У жаночай кашулі залежна ад крою вылучаюць 3 умоўныя тыпы: з прамымі плечавымі ўстаўкамі; тунікападобная; з гесткай. Найбольшая ўвага звярталася на ўпрыгожанне рукавоў, што звязана з мастацкай тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту, які нібыта засцерагаў рукі ад злых духаў і надаваў ім моц у працы. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Кампазіцыйна-арнаментальнае вырашэнне фартуха адпавядала кашулі і гарманіравала з ёю; апрача таго, ён упрыгожваўся карункамі і быў прыкметнай часткай касцюма. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі, якая шчыльна аблягала стан і рабіла фігуру зграбнай. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк) чорнага, блакітнага, малінавага колераў, аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным (найчасцей чырвона-зялёна-белым) поясам з кутасамі ці махрамі. Галаўныя ўборы строга залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй кабеце не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой, таму жаночыя галаўныя ўборы паводле будовы больш складаныя і разнастайныя. Яны падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Яна мноствам спосабаў павівалася вакол галавы на спецыяльным каркасе, канцы яе прыгожа драпіраваліся на спіне, а постаць жанчыны ўспрымалася вельмі статнай і велічнай. Будзённым абутакам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі.

Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася паміж сабой. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, латушка, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок — белыя нядубленыя, пазней чырвона-вохрыстыя дубленыя, казачына). Насілі таксама бравэрку, кафтан, кабат. Дэкаратыўнасцю выдзяляліся святочныя світы і кажушкі, якія па-майстэрску кроілі (з бакавымі клінамі — «з вусам»), упрыгожвалі шнурком, аплікацыяй, вышыўкай.

Касцюм беларусаў канца 19 — пачатку 20 ст., яго формы не былі аднароднымі. Расслаенне сялянства на заможных і беднату, рост таварна-грашовых адносін, масавае адыходніцтва, пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў размывалі «жанравыя» межы традыцыйнага народнага касцюма. Моцны ўплыў гарадскога касцюма з яго тэндэнцыяй да спрашчэння і універсалізацыі форм, шырокае выкарыстанне крамных расквечаных тканін і фарбавальнікаў з тэндэнцыяй да паліхромнасці падводзілі народнае адзенне да карэнных змен.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пачаўся новы этап развіцця народнага адзення беларусаў. Многія віды і састаўныя часткі адзення выйшлі з ужытку, а тыя, што асталіся, і тыя, што ўзніклі, сталі больш зручнымі і дасканалымі. Побач з ільнянымі і шарсцянымі даматканкамі пашырыліся фабрычныя баваўняныя, шаўковыя і іншыя тканіны. З'явіліся невядомыя раней матэрыялы і спосабы аздаблення. I мужчынскі, і жаночы касцюм сталі больш багатымі, разнастайнымі, сугучнымі свайму часу. У 1920-30-я г. сферу бытавання павялічылі шматколерныя, сакавітай расфарбоўкі кашулі, фартухі, хусткі. Каларыт адзення стаў больш стракатым, спалучэнне колераў — больш смелым. Замест чыстых і глыбокіх тонаў пачалі ўжываць пераходныя. Трацілася семантыка традыцыйнага геаметрычнага арнаменту, часцей сустракаўся раслінны ўзор. У строгую геаметрыю ўзорыстых тканін і вышывак уводзяцца новыя матывы («ружы», «валошкі», «незабудкі», «званочкі», на Палессі і Случчыне — стылізаваныя выявы галубкоў, пеўнікаў і іншыя зааморфныя матывы). Выкарыстоўваючы каляровыя нюансы, майстрыхі дасягаюць святлоценявога эфекту, і к сярэдзіне 20 ст. акрэсліваецца новая ступень у развіцці мастацкіх сродкаў беларускага народнага адзення — плоскасны малюнак атрымлівае ілюзію аб'ёму.

Беларускае народнае адзенне аднатыпнае на ўсёй тэрыторыі Беларусі, але і ў ім вылучаюць 4 асноўныя комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом, гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя вядомы ўсюды, 2 другія — ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах. Кожны з іх па-свайму адлюстроўвае эвалюцыю касцюма ад старажытных, пазбаўленых крою адзежын з прамавугольных кавалкаў тканіны да вытанчаных форм з багатым аздабленнем фальбонамі, складкамі, вытачкамі, швамі. У кожным адбіліся і асаблівасці такіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў, як Заходняе і Усходняе Палессе, Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Паазер'е. Комплексы маюць шэраг разнавіднасцей, якія ўвасабляюць стылявыя прынцыпы народнай творчасці ў пэўных кутках беларускага краю. Гэтыя лакальныя разнавіднасці вылучаюцца як народныя строі. Яны адрозніваюцца асобнымі элементамі касцюма, тэхнікай выканання і характарам арнаменту, яго сюжэтамі, каларытам, а таксама спосабамі нашэння частак касцюма. Геаграфічныя межы народных строяў выражаны нярэзка. У розныя часы яны мяняліся і залежалі ў мінулым ад сацыяльна-эканамічнага развіцця мясцовасці, прыродна-кліматычных умоў, якія ўплывалі на дыферэнцыяцыю гаспадаркі, адміністрацыйных, царкоўных і прыватна-ўласніцкіх падзелаў тэрыторыі, кантактаў з іншанацыянальным насельніцтвам. Найбольш вывучаныя строі: дамачаўскі, кобрынскі, маларыцкі, мотальскі, пінска-івацэвіцкі (Заходняе Палессе), брагінскі, давыд-гарадоцка-тураўскі, калінкавіцкі, турава-мазырскі (Усходняе Палессе), буда-кашалёўскі, краснапольскі, магілёўскі, неглюбскі (Падняпроўе), вілейскі, капыльска-клецкі, ляхавіцкі, пухавіцкі, слуцкі (Цэнтральная Беларусь), ваўкавыска-камянецкі, мастоўскі, навагрудскі (Панямонне), дубровенскі, лепельскі (Паазер'е).
Меню
http://tpmstroi.ru полиуретановое покрытие для пола: полиуретановый полимерный пол.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
http://tpmstroi.ru полиуретановое покрытие для пола: полиуретановый полимерный пол.
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
http://tpmstroi.ru полиуретановое покрытие для пола: полиуретановый полимерный пол.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.