Аўторак, 19.03.2024, 11:18

ВЫШЫЎКА

Галоўная »
ВЫШЫЎКА — від народнага дэкаратыўнага мастацтва; арнамент або малюнак, выкананы ўручную (звычайнымі або спецыяльнымі іголкамі, часам кручком і інш.) ці машынным спосабам на тканінах, карунках, скуры. Матэрыялам служылі льняныя, баваўняныя чырвоныя, сінія, чорныя (забалаць, горынь, блахва), белыя (белька), ваўняныя, зрэдку шаўковыя ніткі, бліскаўкі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) ужываліся шнур, тасьма, стужкі, кавалкі каляровых тканін, скура і інш.

вышыўка
Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса.
Гарадскі пасёлак Шаркоўшчына


Вышыўкай аздаблялі жаночае (галаўныя ўборы, кашулі, фартухі, іншы раз гарсэты, зрэдку спадніцы) і мужчынскае (кашулі, шыйныя хусткі) адзенне, суконную і аўчынную вопратку, рэчы дэкаратыўна-абрадавага і бытавога прызначэння (ручнікі, абрусы, навалочкі, посцілкі і інш.).

Вышыўка зарадзілася ў эпоху першабытнай культуры і звязана з працэсам вырабу адзення. Удасканаленне яе тэхнічных сродкаў, арнаментальных форм, каларыстычных і іншых прыкмет праходзіла разам з развіццём прадзення, ткацтва, пляцення, фарбавальнай справы; залежала таксама ад сацыяльна-эканамічных умоў, этнічных традыцый, рэлігійных вераванняў. Найбольш старажытныя ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках археалагічных тканін (захаваліся пераважна шаўковыя), на скураным абутку, на футаралах, кашальках (12 — 13 ст.) — вырабах рамеснікаў з Полацка, Мінска, Турава, Давыд-Гарадка, Пінска, Слуцка, Гродна. Вырабы расшывалі каляровымі ваўнянымі, зрэдку шаўковымі ніткамі з характэрным арнаментам у выглядзе пляцёнкі, спіралепадобных завіткоў, канцэнтрычных кругоў, сэрцападобных фігур і інш.

вышыўка
Вышыўка крыжыкам. Фрагмент ручніка.
Вёска Карма Добрушскага раёна


Пра вышыўку перыяду феадалізму сведчаць разнастайныя пісьмовыя крыніцы, што адлюстроўваюць распаўсюджанне вышываных рэчаў сярод пэўных саслоўяў насельніцтва (у т.л. сялянства), паказваюць перавагу вышыўкі ў параўнанні з іншымі спосабамі арнаментацыі тканін, змяшчаюць звесткі пра пераемнасць традыцый мінулага. З развіццём капіталістычных адносін, адыходніцтва, з узмацненнем сувязі з горадам і ўплыву гарадской культуры патрыярхальны быт сельскага насельніцтва хутка разбураўся, што адбілася на традыцыйным адзенні, спосабах і характары арнаментацыі народных тканін. У канцы 19 — пачатку 20 ст. вышыўка бытавала (як і раней) пераважна ў форме хатняй вытворчасці для патрэб сям'і, што абумовіла яе глыбокую самабытнасць і ўстойлівасць старажытных мясцовых традыцый. Здаўна вышыўка лічылася адным з неабходных заняткаў жанчыны (асабліва дзяўчыны-нявесты). Тканіны, арнаментаваныя вышыўкай, узорным ткацтвам, былі абавязковым атрыбутам традыцыйных абрадаў сямейнага і каляндарнага цыклаў.

Тэхніка выканання народнай вышыўкі даволі разнастайная. Большасць швоў ужывалася выключна для ўпрыгожвання асновы. Існавала група традыцыйных дэкаратыўных швоў, злучальных і краявых (глядзіце Абкіданне) швоў. На Палессі і Падняпроўі здаўна выкарыстоўвалі розныя віды зборак (глядзіце Маршчэнне). У залежнасці ад тэхнікі выканання вылучаюць 2 групы швоў, верхашвы (па суцэльнай тканіне) і скразныя (для якіх выцягваецца пэўная колькасць нітак асновы і ўтку). Верхашвы падзяляюцца на лікавыя (выконваюцца па ліку нітак тканіны) і адвольныя (па контуру). Сярод лікавых швоў асобнае месца займае набор (нацяг, завалаканне, процяг і інш.); пашыраны таксама швы крыжыкам, пляцёнка, сцябліністы, розныя віды гладзі (адна-, двухбаковая і інш.), роспіс. Традыцыйныя верхашвы выконваліся чырвонымі, чырвонымі з нязначным дадаткам сініх (з канца 19 ст. чорных) нітак. Адвольныя швы — гладзь (простая, рэдкая), аплікацыя, выбіванне і іншыя — найчасцей выкарыстоўвалі для стварэння паліхромных стылізавана-раслінных узораў. Строчка — вышыванне па разрэджанай тканіне (сакаленне, гафт) сустракаецца пераважна ў форме вузкіх мярэжак, якімі ўпрыгожвалі кашулі, фартухі, наміткі, ручнікі і інш.

Арнамент вышыўкі ўтвараюць групы геаметрычных, раслінных, арнітаморфных матываў; сустракаюцца антрапаморфныя і зааморфныя выявы. Дамінуючымі здаўна былі старажытныя ромба-геаметрычныя кампазіцыі (характэрныя па ўсёй Беларусі). З канца 19 ст. ўсё большую папулярнасць набывала раслінная арнаментыка. Вышыўка захавала традыцыйнасць арнаментальных узораў (у той жа час самабытную непаўторнасць рэгіянальных) больш дробных лакальных асаблівасцей. Фарміраванне іх праходзіла пад уплывам сацыяльна-эканамічных, гістарычных, этнакультурных, ідэйна-эстэтычных фактараў, прыродных умоў. Своеасаблівасць вышыўкі асобных арэалаў складаецца з шэрагу прыкмет — арнаменту, тэхнічных прыёмаў, колеравай гамы, матэрыялу, кампазіцыйнага размяшчэння ўзораў і інш.

Заходнепалескай вышыўкай багата аздаблялі традыцыйныя прадметы народнага адзення — наміткі, фартухі, жаночыя і мужчынскія кашулі. Паводле характару арнаментальнага комплексу вылучаюць вышыўкі Кобрыншчыны, Маларытчыны, Брэсцкага раёна. Вышыўка Кобрынскага, Жабінкаўскага раёнаў узбагацілі народнае мастацтва вытанчаным дробнаўзорыстым геаметрычным арнаментам у тэхніцы процягу. Кампазіцыя традыцыйна складаецца з некалькіх вузкіх бардзюраў чырвонага колеру з тонкімі лініямі сіняга або чорнага колеру. На поўдні Кобрыншчыны ў 1-й палове 20 ст. было пашырана аздабленне жаночага касцюма аплікацыяй з каляровага саціну. Спецыфіка вышыўкі Маларытчыны — у шчыльным, амаль дывановым запаўненні арнаментальнай паласы (узор выяўляўся прасветамі фону), класічнай трохчасткавай кампазіцыяй (цэнтральны бардзюр у абрамленні больш вузкіх); своеасаблівая манументальнасць нацяганых узораў падмацоўвалася насычаным чырвона-карычневым каларытам. Вышыцы ў асобных вёсках Брэсцкага раёна (в.Прылукі і інш.) уласціва выкарыстанне баваўняных нітак чорнага або карычнева-чырвонага колераў, адмысловыя геаметрычныя кампазіцыі ў выглядзе шырокіх нацяганых па вертыкалі ці дыяганалі палос.

вышыўка
Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі.
1900-я гады. Вёска Кляевічы Касцюковіцкага раёна


На Усходнім Палессі вышыўцы характэрна больш яўная эвалюцыя традыцыйных узораў, разнастайнасць прыёмаў, каларыту, шырокае ўжыванне раслінных узораў. Характэрныя асаблівасці вышыўкі склаліся на Тураўшчыне, у цэнтральных раёнах паўднёва-ўсходняй часткі рэгіёна. У вышыўцы Тураўшчыны (Жыткавіцкі, Лельчыцкі раёны) выразна прасочваюцца тры арнаментальныя пласты, якія паслядоўна зменьвалі адзін аднаго: у пачатку 20 ст. манахромнае (чырвонае, белае) геаметрычнае шво выцеснілася вышыўкай раслінных узораў у выглядзе буйных дэкаратыўных руж чырвона-чорнага колеру; з 1930-40 гг. пашыраны паліхромныя раслінныя ўзоры ў тэхніцы адвольнай гладзі.

Асобны тып вылучаецца на тэрыторыі Цэнтральнага Палесся (Калінкавіцкі, Светлагорскі, Ельскі, Мазырскі раёны), адметнасць якога ў яркай дэкаратыўнасці ўзораў, гарманічным спалучэнні геаметрычных і раслінных форм, абмаляванні шырокага асноўнага бардзюра разрэджаным падузорам. Ва ўзорах традыцыйнага шва 19 ст. пераважаў манахромны чырвоны каларыт, у больш позняй вышыўкі крыжыкам ён дапаўняўся чорным колерам. На Паўднёва-Усходнім Палессі (Брагінскі, Хойніцкі, Лоеўскі раёны) вышыўка прадстаўлена пераважна расліннымі чырвона-чорнымі ўзорамі на адзенні, ручніках, настольніках (абрусах), коўдрах, фіранках. Асноўныя тэхнічныя прыёмы — крыжык, гладзь, ажурнае расшыванне.

вышыўка
Вышыўка процягам. Намітка.
Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна


У асобную зону вылучаюць вышыўку Цэнтральнага рэгіёна. У канцы 19 — пачатку 20 ст. традыцыйнае геаметрычнае нашыванне было распаўсюджана ад Пухавіцкага раёна на поўначы да Лунінецкага на поўдні і ад Клічаўскага раёна на ўсходзе да Клецкага на захадзе. Паводле асаблівасцей вышыўка гэтага рэгіёна працягвае традыцыі старажытных палескіх узораў. Традыцыйная вышыўка найбольш захавалася сярод насельніцтва Клецка-Капыльскага, Салігорска-Лунінецкага, Старадарожска-Пухавіцкага, Клічаўскага арэалаў. Клецка-Капыльскім вышыўкам уласціва строгая дакладнасць геаметрычных узораў, у аснове якіх часта ўжываліся паралельныя лініі апісаных ромбаў, выкарыстанне тэхнікі набору, своеасаблівай лікавай аднабаковай гладзі, арнітаморфная арнаментыка ручнікоў, падобная да крулевецкіх (Сумская вобласць) украінскіх тканін. Вышыўкі Старадарожскага раёна адрозніваюцца яркімі мастацкімі асаблівасцямі, беззаганнасцю тэхнічнага выканання дробнага ромбагеаметрычнага ўзору. Адмысловая стылістычная інтэрпрэтацыя традыцыйных узораў склалася на тэрыторыі Салігорскага, Лунінецкага раёнаў. Тут упрыгожвалі рукавы жаночых кашуль падоўжнымі і папярочнымі бардзюрамі, асноўны чырвоны колер дапаўнялі сінім, нярэдка ўключалі ў арнамент старажытныя салярныя матывы (крыжы і інш.). На ўсходзе Цэнтральнага рэгіёна (Клічаўскі раён) вышыўкай упрыгожвалі традыцыйнае адэенне і ручнікі (папярочнае нашыванне-набор, каляровая мярэжка насцілам, крыжык). У арнаменце адлюстраваны даўнія і больш познія геаметрызавана-раслінныя матывы.

вышыўка
Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха.
Вёска Пасека Старадарожскага раёна


На Панямонні даўнія традыцыі вышыўкі захаваліся ў Ваўкавыска-Камянецкім арэале. Яго арнаментальны комплекс падобны на вышыўку Кобрыншчыны, але адрозніваецца больш простымі геаметрычнымі кампазіцыямі, нярэдкім спалучэннем геаметрычных і раслінных узораў, выкарыстаннем тэхнікі набору, крыжыка.

Асобны рэгіён складаюць вышыўкі Падняпроўя, тэхніка выканання якіх разнастайная і даволі складаная. Ужываліся лікавыя швы, строчка, самабытныя дэкаратыўныя злучальныя швы. Каларыстычнае вырашэнне ўзораў — ад традыцыйных чырвоных, белых, чорных да чырвона-чорных, чырвона-белых. На Падняпроўі шмат агульнага ў вышыўцы Добрушскага і Гомельскага раёнаў: асаблівасць узораў (сеткавыя кампазіцыі) з адзінкавых геаметрычных, расліннагеаметрызаваных матываў — ромбаў, вазонаў, размешчаных у шахматным парадку на рукавах жаночых кашуль), упрыгожванне падолу кашулі арнаментальна-дэкаратыўнай палоскай, выкарыстанне геаметрычнага шва па зборках. У арнаменце вышываных ручнікоў папулярны раслінныя матывы.

Устойлівыя традыцыі ўпрыгожвання жаночага адзення вышыўкай склаліся ў Буда-Кашалёўскім раёне; адна з асноўных яе тэхнік — двухбаковая лікавая гладзь чырвонымі і белымі ніткамі. Арыгінальны тып вышыўкі сфарміраваўся ў Чачэрскім, Краснапольскім раёнах; асабліва папулярны характэрныя кампазіцыі ў выглядзе сетак, уздоўж прамых ці касых ліній якіх размяшчаліся геаметрычныя (звычайна ромбы, разеткі) узоры ў тэхніцы крыжа. У в.Неглюбка Веткаўскага раёна вышыўкай упрыгожвалі жаночыя і мужчынскія кашулі; выкарыстоўвалася тэхніка набору, выразь, злучальная мярэжка насцілам і інш. Старажытныя геаметрычныя ўзоры выконваліся забалаццю ці белькай.

На Магілёўшчыне ў параўнанні з Гомельшчынай не назіраецца падобнай тыпалагічнай варыяцыйнасці вышыўкі. Аднак і тут бытавалі зоны з пэўнымі мастацка-стылістычнымі асаблівасцямі: вышыўка Клімавіцкага, Крычаўскага раёнаў з дакладнымі формамі строга рытмічных стылізавана-раслінных кампазіцый на адзенні, ручніках. Традыцыйныя вышыўка Магілёўскага раёна характарызуюцца спалучэннем тэхнікі нацягу і роспісу, тонкімі графічнымі лініямі строга геаметрычнага арнаменту. Асаблівасць вышыўкі Мсціслаўшчыны — у шырокіх геаметрычных чырвона-чорных вышытых крыжыкам бардзюрах на наплечніках жаночых кашуль. Устойлівасць кампазіцыйнай пабудовы ўласціва вышыўцы Касцюковіцкага раёна, сеткавы арнамент якіх выкананы дэкаратыўнымі злучальнымі швамі, крыжыкам.

Прыкметна вылучаецца вышыўка Віцебшчыны, дзе шырокае адыходніцтва (у т.л. жаночае ў канцы 19 ст.) садзейнічала хуткаму выцясненню традыцыйнага адзення касцюмам гарадскога тыпу. Таму вышыўкай тут часцей аздаблялі разнастайныя бытавыя прадметы — ручнікі, абрусы і інш. Тэхніка выканання самая разнастайная — гладзь, роспіс, строчка, крыжык. Для арнаменту характэрны не толькі геаметрычныя (8-пялёсткавыя разеткі, зоркападобныя фігуры) і раслінныя (выява «дрэва жыцця», квітнеючага вазона, хвалепадобнай галінкі) матывы, але і сімвалічныя антрапаморфныя, арнітаморфныя.

У беларускай народай вышыўцы шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, літоўцаў, палякаў). Традыцыйная вышыўка бытуе ў сучасным народным побыце, ёю ўпрыгожваюць дэкаратыўныя тканіны, у асобных раёнах аздабляюць абрадавы і сцэнічны касцюм.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1378]
Здарэнні [459]
Грамадства [463]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 9
Гасцей: 9
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.