Серада, 08.05.2024, 14:53

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ МОВА

Галоўная »
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ МОВАмова, якая з'яўляецца сродкам вусных і пісьмовых зносін нацыі. Складваецца з мовы народнасці ў перыяд станаўлення нацыі. Функцыянуе ў некалькіх разнавіднасцях: літаратурная мова, прастамоўе, мясцовыя гаворкі і сацыяльныя дыялекты. Вышэйшая форма нацыянальнай мовы і неабходная ўмова яе існавання — літаратурная мова, якая лічыцца ўзорнай і прызнаецца ўсімі носьбітамі гэтай нацыянальнай мовы.

Адна з найбольш істотных прымет нацыі — нацыяльнальная мова. Звычайна адна на-цыя атаясамліваецца з адной нацыянальнай мовай (напрыклад, рускія —з рускай, французы — з французскай мовай). Аднак у сучасным свеце дастаткова распаўсюджаны сітуацыі, калі адна нацыя карыстаецца некалькімі мовамі (напрыклад, у Швейцарыі функцыянуюць 4 дзяржаўныя мовы) або адна мова можа абслугоўваць моўныя патрэбы некалькіх нацый (напрыклад, англійская мова ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах). У апошнім выпадку фарміруюцца нацыянальныя варыянты адной мовы: англійская брытанская, англійская амерыканская, англійская аўстралійская і г.д.

Сучасная літаратурная беларуская мова як найвышэйшая форма нацыянальнай мовы пачала складвацца ў 19 ст. Асаблівасцю яе фарміравання было тое, што новая беларуская літаратурная мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай — мовай беларускай народнасці — і складвалася на народна-гутарковай аснове. Толькі ў 1920-я г. беларуская мова набыла ўсе правы і функцыі нацыянальнай мовы і пасля некалькіх стагоддзяў перапынку пачала абслугоўваць усе сферы моўнага жыцця беларускай нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла і развіццю самой беларускай нацыянальнай мовы, найперш яе літаратурнай формы.

На сучасным этапе беларуская нацыянальная мова паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная мастацкая літаратура, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навуковыя працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні, што з'яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця.

Сучасная беларуская нацыянальная мова — сродак зносін беларускай нацыі — функцыянуе ў 2 асноўных разнавіднасцях: літаратурная мова і мясцовыя народныя гаворкі. Літаратурная беларуская мова абслугоўвае сферы вусных і пісьмовых зносін, мясцовыя гаворкі з'яўляюцца сродкам вусных зносін пераважна жыхароў сельскай мясцовасці. Хоць сфера функцыянавання народных гаворак істотна звузілася і значна зменшылася кола іх носьбітаў, яны працягваюць адыгрываць важную ролю ва ўзбагачэнні лексічных сродкаў літаратурнай мовы. Асаблівасцю існавання сучаснай беларускай нацыянальнай мовы з'яўляецца яе функцыянаванне і развіццё ва ўмовах двухмоўя, г.зн., што моўныя патрэбы адной беларускай нацыі абслугоўваюць дзве нацыянальныя мовы — беларуская і руская.

Аўтар: А.А.Лукашапец
Крыніца: "Беларуская энцыклапедыя”
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1395]
Здарэнні [467]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.