Пятніца, 26.04.2024, 03:33

МОВА МАСТАЦКАЙ літаратуры

Галоўная »
МОВА МАСТАЦКАЙ літаратуры — разнавіднасць агульналітаратурнай мовы, якая паўтараючы (адлюстроўваючы) у мастацка асэнсаванай форме яе складаную і шматаспектную сістэму, мае свае спецыфічныя функцыі, спосабы выражэння, служыць сродкам перадачы думак і пачуццяў пісьменнікаў.

Мова займае ў мастацкай літаратуры найважнейшае месца, паколькі з’яўляецца першаэлементам мастацкіх твораў. Мастацкая літаратура не існуе без той ці інш. пісьмовай мовы. «…Слова для пісьменніка — гэта асноўная канва, па якой будуе ён сваю мастацкую творчасць» (Якуб Колас). Побач з асноўнай функцыяй мовы (камунікатыўнай) мова мастацкай літаратуры выконвае спецыфічную функцыю — эстэтычнае ўздзеянне на чытача. Агульналітаратурная нацыянальная мова адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку і культуру народа, з’яўляецца аб’ектам унармавання, апрацоўкі майстрамі слова і ацэньваецца з пазіцыяў эстэтычнасці. Калі ў адносінах да агульналітаратурнай мовы эстэтычнасць — атрыбутыўная якасць, то ў мове мастацкай літаратуры яна набывае функцыянальнае прызначэнне як сродак мэтанакіраванага ўздзеяння на чытача. Мова мастацкай літаратуры выконвае і агульныя функцыі мовы, што атрымліваюць сваю спецыфіку, звязаную з прызначэннем і асаблівасцямі мастацкай літаратуры. Так, галоўная функцыя мовы рэалізуецца ў мове мастацкай літаратуры шляхам перадачы ў мастацкай форме думак і пачуццяў аўтараў чытачам, функцыя выражэння думкі як найважнейшая ў адносінах да свету паняццяў, думак, пачуццяў — з дапамогай сукупнасці прыёмаў і сродкаў выражэння ідэі мастацкага твора, функцыя адлюстравальнага абазначэння як найважнейшая ў адносінах да свету прадметаў, з’яваў жыцця — шляхам мастацкага адлюстравання з’яваў і падзеяў рэчаіснасці. Дзякуючы выкананню апошняй функцыі можна, напрыклад, зрабіць заключэнне, што трылогія Якуба Коласа «На ростанях» — адлюстраванне жыцця і дзейнасці беларускай вясковай інтэлігенцыі гістарычна канкрэтнага перыяду.

Вядома, што мова абагульняе, аднак у мастацкай літаратуры абстрактнасць мовы спалучаецца з выражэннем канкрэтна-адчувальнага свету. Вялікім майстрам слова дасягнуць спалучэння ў выражэнні ідэяў, думак і пачуццяў дапамагаюць вобразнасць, поліфункцыянальнасць, канкрэтнасць іх мовы.

Асаблівае месца ў мове мастацкай літаратуры ў параўнанні з агульна-літаратурнай займаюць стылі мовы і яе функцыянальныя разнавіднасці. У мастацкіх творах могуць ужывацца элементы ўсіх стыляў (афіцыйна-дзелавы, публіцыстычны і інш.), функцыянальных разнавіднасцяў (гутарковая мова), а таксама рысы ненармаванай, некадыфікаванай сферы мовы. Але ў кантэксце мастацкага твора яны атрымліваюць функцыю эстэтычнага ўздзеяння, выступаюць сродкамі стварэння вобразаў, з’яўляюцца поліфункцыянальнымі, падпарадкоўваюцца агульнай задачы.

Мова мастацкай літаратуры — паняцце гістарычнае. Параўноўваючы вершы беларускага перыяду Сімяона Полацкага і творы палітычнай сатыры XVII ст., п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча і творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, можна ўбачыць значнае адрозненне ў складзе і семантыцы лексічных сродкаў, у характары пабудовы сказаў і словазлучэнняў старажытнабеларускай мовы мастацкай літаратуры ХVІ — XVІІ стст., пачатковага фармавання новай беларускай мовы і сучаснай мовы мастацкай літаратуры. Вялікую ролю ў яе станаўленні XIX — пачатку XX стст. адыгралі аўтары ананімных вершаў, гутарак, паэмаў «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», В.Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, А.Абуховіч, А.Гурыновіч, Янка Лучына. Мова мастацкай літаратуры гэтага перыяду, як і беларуская літаратурная мова наогул, складвалася на базе жывых народных гаворак, лексічныя і граматычныя асаблівасці якіх уводзілі ў літаратурны ўжытак беларускія пісьменнікі. Працэс фармавання яе праходзіў ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, паколькі ўрад Расійскай Імперыі забараняў выкарыстанне беларускай мовы ў дзяржаўных і навучальных установах. Беларуская мова мастацкай літаратуры XIX ст. не была ўнармаванай. Творы друкаваліся лацінскім шрыфтам і кірыліцай рускага варыянта, што таксама стрымлівала выпрацоўку адзіных арфаграфічных і граматычных нормаў.

Найбольшага развіцця беларуская мова мастацкай літаратуры дасягнула пасля падзення расійскага самадзяржаўя, калі беларускі народ змог атрымаць савецкую дзяржаўнасць. Выдатная роля ў яе ўзбагачэнні і ўнармаванні належыць майстрам мастацкага слова Янку Купалу, Якубу Коласу, Цётцы, Максіму Багдановічу, Змітраку Бядулю, Максіму Гарэцкаму, Уладзіміру Дубоўку, Цішку Гартнаму, Кузьме Чорнаму, Кандрату Крапіве, Ф. Янкоўскаму, Уладзіміру Караткевічу, Нілу Гілевічу, Рыгору Барадуліну і інш.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 33 (482) верасень2013 г.;
«Краязнаўчая газета» № 34 (483) верасень2013 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.