НАРАЎЛЯНСКІ СЯДЗІБНА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬГалоўная »
НАРАЎЛЯНСКІ СЯДЗІБНА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ — помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Нароўля Гомельскай вобласці.
Створаны ў 2-й палове 18 ст. на правым высокім беразе р. Прыпяць. Уключае палац, парк з малымі архітэктурнымі формамі, вытворчыя пабудовы. Палац (1865) — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з высокім цокалем. Першы паверх апрацаваны буйным рустам, другі раскралаваны лапаткамі. У цэнтры падоўжаных фасадаў плоскія рызаліты з порцікамі (не захаваліся). Перад імі тэрасы з шырокімі лесвіцамі і пандусамі. Абапал галоўнага фасада плоскія рызаліты, абапал дваровага — 3-гранныя эркеры. На тарцах будынка больш глыбокія рызаліты з уваходамі. У афармленні інтэр'ера выкарыстаны арачныя нішы.
Пaрк пейзажнага тыпу (плошча 8,2 га). Кампазіцыйна падзелены баскетамі з грабу на 2 часткі. У паўднёвай частцы — палац, вялікая паляна, алея, якая пачынаецца ўязной брамай у выглядзе каланады дарычнага ордэра з антаблементам. Перад фасадам, арыентаваным на раку, — шырокая лесвіца, якая вядзе на тэрасу з фантанам у стылі ампір. У паўночнай частцы лагчыны невялікі ручай. У парку растуць пераважна дрэвы мясцовых парод і пладовыя, трапляюцца экзоты.
На ўзгорку пры перасячэнні абходных алей знаходзіцца 3-ярусная квадратная ў плане мураваная альтанка з рысамі стылю ампір. Яе ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам, 2-і — скразны, з вялікімі паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з 4 бакоў. Вуглы аздоблены трохчвэртнымі калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з 6 калонамі карынфскага ордэра, завершаны паўсферычным купалам з вазай.
У ансамбль уваходзіць вытворчы комплекс з чырвонай цэглы ў формах несапраўднай готыкі і неараманскага стылю.
Аўтар: А.М. Кулагін, В.Р. Анціпаў Крыніца: "Беларуская энцыклапедыя" |