Нядзеля, 28.04.2024, 10:46

НАРОЎЛЯ

Галоўная »
НАРОЎЛЯгорад, цэнтр Нараўлянскага раёна, прыстань на правым беразе Прыпяці. За 178 км на паўднёвы захад ад Гомеля, 25 км ад чыгуначнай станцыі Ельск на лініі Калінкавічы — Оўруч. Аўтамабільнымі дарогамі злучаная з Мазыром, в. Дабрынь, в. Аляксандраўка. Праз горад цячэ р. Нараўлянка (прыток Прыпяці).

Нароўля
Герб Нароўлі

Выяўленае археолагамі паселішча (0,3 км на паўднёвы ўсход ад горада) і шэраг іншых археалагічных помнікаў сведчаць, што мясціна была заселеная ў далёкай старажытнасці. У пісьмовых крыніцах згадваецца ў XVIII ст. як прыватнаўладальніцкае мястэчка. У 1750 — 1751 гг. местачкоўцы ўдзельнічалі ў антыфеадальных выступленнях. З 1764 г. уладанне Аскеркаў. Дзейнічала Іаана-Багаслоўская царква, у якой захаваліся метрычныя кнігі з 1772 г. 3 1793 г. у складзе Расійскай імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага павета. У 1810 г. на беразе Прыпяці замест састарэлага будынка царквы ўзведзены новы; у сувязі з пагрозаю падмыву берага ракі была перанесеная ў больш бяспечнае месца, у 1869 г. капітальна адрамантаваная.

У 1795 г. 37 двароў, 139 жыхароў. У 1800 г. непадалёк мястэчка працавалі гута і вінакурня. Ад 1811 г. у валоданні Гольста, потым — Горнатаў. У сярэдзіне XIX ст. на паўночна-ўсходняй ускраіне на правым беразе р. Прыпяць узведзены сядзібна-паркавы ансамбль — 2-павярховы мураваны будынак з гаспадарчымі пабудовамі і пейзажным паркам (8,2 га).

У 1834 г. 49 двароў; у 1858-м — 284 жыхары; 1866 г. — 99 двароў. Дваранін Горват у Нароўлі і наваколлі ў 1876 г. меў 19210 дзесяцінаў зямлі, 2 млыны, 4 карчмы. У 1897 г. у мястэчку 160 двароў, 1205 жыхароў; 7 малітоўных школаў, сінагога, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, паромная пераправа. У аднайменным сяле — 68 двароў, 285 жыхароў, царква, прыёмны пакой, царкоўна-прыходская школа, прыстань на р. Прыпяць, хлебазапасны магазін. Побач быў маёнтак з вінакурняй і капліцай. Сярод пабудоваў 2-й паловы XIX ст. вылучаецца жылы аднапавярховы драўляны дом з мезанінам па вул. Кастрычніцкай (цяпер у ім Дом школьнікаў). У канцы XIX ст. была пракладзеная вузкакалейка, што звязвала Нароўлю з в. Красноўка. Працавалі копскі завод Горвата, аптэка. Частка насельніцтва займалася бандарствам. У 1908 г. мястэчка (162 двары, 1528 жыхароў), сяло (110 двароў, 486 жыхароў), маёнтак (14 двароў, 150 жыхароў). У 1913 г. першую прадукцыю дала цукерачная фабрыка Горватаў; з 1914 г. працавала бальніца.

Нароўля
Сінагога

З красавіка 1919 г. у Гомельскай губерні РСФСР. Дняпроўскае рачное параходства ў 1921 г. змантавала ў Нароўлі тэлефонную падстанцыю на 10 нумароў. З ліпеня 1924 г. у складзе БССР, цэнтр раёна Мазырскай акругі, працавалі агароднінасушыльная фабрыка, 5 гарбарных заводаў, паравы млын, 78 саматужнікаў. У 1927 г. адкрыты краязнаўчы музей (спыніў існаванне ў 1930-я). У 1931-м арганізаваная суднабудаўнічая арцель, кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін». 3 27 верасня 1938 г. гарадскі пасёлак; 4770 жыхароў (1939).

У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 да 30 лістапада 1943 г. акупаваная нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі тут 173 мірных жыхароў. 26 чалавек пахаваныя ў магіле па вул. Кастрычніцкай.

З 1954 г. Нароўля ў складзе Гомельскай вобласці. 4,8 тыс. жыхароў у 1959 г. У снежні 1962 — студзені 1965 г. у Ельскім раёне. 6,6 тыс. жыхароў у 1970 г. З лістапада 1971 г. — горад.

Цяпер у горадзе пераважае 1-павярховая драўляная забудова сядзібнага тыпу. Узведзеныя помнікі на брацкай магіле савецкіх воінаў і на брацкай магіле савецкіх воінаў, партызанаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, У. Леніну. Зберагліся помнікі архітэктуры XIX ст. — Нараўлянская сядзіба (у парку) і Нараўлянскі жылы дом. За 0,3 км на паўднёвы ўсход ад горада, на першай надпоймавай тэрасе р. Прыпяць паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку. Сярод знаходак — кераміка, крамянёвыя скрабкі, праколкі, каменныя сякеры і інш.

Нароўля
Нароўля
Нараўлянская сядзіба

Цяпер маюцца 4 дашкольныя ўстановы, 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, раённая і дзіцячая бібліятэкі, раённы Дом культуры, парк (помнік прыроды мясцовага значэння), этнаграфічны музей (з сакавіка 1993 г.). Выдаецца раённая газета «Прыпяцкая праўда» (з 1932 г.). У 1998 г. пабудананы мураваны касцёл Святога Крыжа.

Радзіма батаніка, акадэміка НАН Бсларусі і акадэміка АН Таджыкістана, доктара біялагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі БССР Мікалая Смольскага, паэта Давіда Сімановіча, доктара псіхалагічных навук, прафесара Якава Камінскага, доктара эканамічных навук, прафесара Генадзя Кулажанкі, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Лідзіі Злобін, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Уладзіміра Тугая, Героя Савецкага Саюза, удзельніка Курскай бітвы Майсея Співака (ягонае імя носіць адна з вуліцаў горада).

Крыніца: Краязнаўчая газета №21 (566) чэрвень 2015 года,
Краязнаўчая газета №22 (567) чэрвень 2015 года
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.