НЕАРАМАНСКІ СТЫЛЬГалоўная »
НЕАРАМАНСКІ СТЫЛЬ — умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца XIX — пачатку XX ст., заснаванага на выкарыстанні формаў і элементаў кампазіцыі раманскага стылю.
Зараджэнне звязанае з панаваннем у заходнееўрапейскай архітэктуры і выяўленчым мастацтве эклектызму. У імкненні да манументальнасці, архаічнасці дойліды некрытычна выкарыстоўвалі формы раманскага стылю пры будаўніцтве культавых і грамадзянскіх збудаванняў, стылізавалі творы сярэднявечнай архітэктуры.
Ha тэрыторыі Беларусі неараманскі стыль не меў значнага пашырэння, часцей выяўляўся ў спалучэнні з элементамі несапраўднай готыкі. У сядзібным будаўніцтве выкарыстоўваліся аркатурныя паясы і контрфорсы, высокія шчыты ў завяршэнні сценаў (сядзібны дом у в. Бальценікі Воранаўскага раёна). Элементы неараманскага стылю прысутнічалі ў будынку пазямельна-сялянскага банка ў Магілёве.
У культавай архітэктуры былі пашыраныя 3-нефавыя базілікі, галоўныя фасады якіх фланкіравалі ярусныя вежы, завершаныя шатрамі (касцёл у в. Слабодка Браслаўскага раёна). Збудаванні характарызаваліся шматграннасцю аб'ёмаў, выкарыстаннем адкрытага муру (касцёл у в. Задарожжа Глыбоцкага раёна), цыліндрычных і крыжовых скляпенняў, купалоў, аздабленнем галерэяў, ваконных і дзвярных праёмаў аркатурай (касцёл у в. Лаздуны Іўеўскага раёна).
Крыніца: "Краязнаўчая газета” |