Серада, 24.04.2024, 02:59

НЯСВІЖСКІ ТЭАТР РАДЗІВІЛАЎ

Галоўная »
НЯСВІЖСКІ ТЭАТР РАДЗІВІЛАЎ — прыдворны тэатр князёў Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобласці ў 1740-91 гг. 3 1746 г. пры князі Ф.У.Радзівіл аматарскі, у спектаклях побач з прыгоннымі ўдзельнічалі члены княжацкай сям'і, шляхта, кадэты нясвіжскага корпуса (першы спектакль — «Узор справядлівасці»). Паказы ў суправаджэнні Нясвіжскай капэлы Радзівілаў адбываліся ў спецыяльным будынку — «камедыхаўзе» (пабудаваны ў 1747-48 гг., архітэктар К.Ждановіч).

Паводле інвентара 1767 г. цэнтральным памяшканнем тэатра была вялікая партэрная зала, вырашаная амфітэатрам, над якім размяшчаліся ложы. Сцены і столь былі аздоблены размаляванымі палатнянымі шпалерамі. Сцэна была адгароджана ад залы жоўтай тканай заслонай з выявамі герба Радзівілаў. Абапал сцэны былі хоры для капэлы. Тэатральную залу асвятлялі 53 металічныя ліхтары. Спектаклі ставіліся таксама ў Альбе, пад адкрытым небам у «зялёным тэатры» і ў палацы «Кансаляцыя» (пабудаваны ў 1748 г., архітэктар М.Педэці, перабудаваны ў 1770-я г. архітэктарам Л.Лутніцкім, рэстаўрыраваны ў 1809 г. М.Цэйзікам; не захаваўся).

Спектаклі ішлі на польскай, італьянскай, нямецкай і французскай мовах. У рэпертуары творы Ф.У.Радзівіл: камедыі «Дасціпнае каханне» (1746), «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Убачанае не мінае» (1749), «Гульня фартуны» і «Кансаляцыя ў клопатах» (1750); трагедыі «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Золата ў агні» (1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751); оперы «Сляпое каханне не зважае на вынікі» і «Шчаслівае няшчасце» (1752); перакладзеныя і пераробленыя Ф.У.Радзівіл творы Мальера, Вальтэра, балеты, пантамімы. Рэжысёр тэатра Я.П.Фрычынскі (з 1746 г.), балетмайстар Шрэтэр (з 1746 г.), капельмайстры Е.Бакановіч (з 1749 г.), Я.Ценціловіч (з 1751 г.). У 1753-62 гг. князь М.К.Радзівіл Рыбанька папоўніў трупу нанятымі акцёрамі, стварыў пры каголе Нясвіжскую музычную школу і Нясвіжскую балетную школу, аркестр народных інструментаў (т.зв. «літоўская музыка»), павялічыў прыдворную капэлу. Тэатр набыў прафесійны характар і стаў прыдворным. Рэпертуар папоўніўся творамі Ф.У.Радзівіл, камедыямі Мальера («Маскарыль» і «Сганарэль», 1755 г.; «Жорж Дандэн», 1757 г., і інш.), Вальтэра («Заіра», 1757 г.), С.Мыцельскага («Парыс» і «Іосіф Патрыярх»), В.Ржавускага («Жалкеўскі» і «Уладзіслаў пад Варнай», 1761 г.), італьянскімі і нямецкімі камічнымі операмі і балетамі. Тэатр выязджаў у Слуцк, Белае, Жоўкву, Алыку. Пры князі К.С.Радзівілу Пане Каханку ў 1777-86 гг. у тэатры працавалі антрэпрыза Л.Перажынскага (з 1783 г.; сярод акцёраў К.Аўсінскі, комік Я.Закжэўскі, спевакі В.Ясінскі, М.Вернер, З.Закжэўская, М.Ясінская, М.Перажынская, Т.Маруноўская, М.Лазанская), група італьянскіх спевакоў, новы склад капэлы (44 чалавекі), балет (больш за 20 прыгонных танцораў). У рэпертуары балеты А.Пуціні, оперы Дж.Паізіела, Я.Голанда (камічная опера «Агатка, або Прыезд пана», лібрэта М.К.Радзівіла), К.В.Глюка («Арфей і Эўрыдыка»; абедзве 1784 г.) і інш. 3 1786 г. тэатр працаваў нерэгулярна.

Крыніца: Беларуская энцыклапедыя
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.