Аўторак, 19.03.2024, 12:51

МІНСК

Галоўная »
МІНСК — сталіца Рэспублікі Беларусь, горад рэспубліканскага падпарадкавання, цэнтр Мінскіх раёна і вобласці. Палітычны, адміністрацыйны, эканамічны, навуковы і культурны цэнтр дзяржавы, горад-герой (26.06.1974). На р.Свіслач, прытоку Бярэзіны.

Летапісны Менск (Меньск) упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 г. як горад Полацкага княства. Старажытны цэнтр горада — дзядзінец узнік на правым беразе р.Свіслач, пры ўпадзенні ў яе р.Няміга, дзе ў 2-й палове XI ст. з мэтай абароны паўднёвых межаў Полацкага княства пабудаваны Менскі замак. Гэта была крэпасць (плошча 3 га), акружаная ровам і высокім земляным валам, з драўлянымі крапаснымі сценамі.

На думку некаторых гісторыкаў, старажытны Менск узнік за 16 км на захад ад тэрыторыі мінскага замчышча, на беразе р.Менка (адсюль і назва), дзе (каля в.Гарадзішча Мінскага раёна) захаваліся земляныя валы, пры раскопках знойдзеныя прылады працы, кераміка, упрыгожанні; у 3-й чвэрці XI ст. Менск перанесены на сучаснае месца. Канчаткова гэтае пытанне не высветленае.

У пачатку XII ст. на замчышчы пачалі будаваць мураваны храм. У ХІІ-ХІІІ стст. на поўдзень, паўднёвы захад, паўднёвы ўсход ад замчышча вырас рамесны пасад з гандлёвай плошчай — Нямігскі рынак (з X ст. Ніжні рынак), вуліцы якога, вымашчаныя драўляным насцілам з дрэнажнымі прыстасаваннямі, шчыльна забудоўваліся зрубнымі дамамі. Цэнтральная вуліца пасада Няміга (самая старажытная вуліца, XII ст.) ішла ўздоўж р.Няміга, з паўночнага захаду падыходзіла да Нямігскага рынку і далей да моста праз р.Свіслач. У гэты час узніклі пасады на левым беразе Свіслачы каля Траецкай гары і на паўночны захад ад замчышча Пятніцкі канец (з XVI ст. Татарскі канец).

У канцы XI — пачатку XII ст. горад стаў цэнтрам удзельнага Менскага княства (першы князь Глеб Усяславіч). У 1116 г. вытрымаў амаль 2-месячную асаду дружыны вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха, які ў 1119 г. захапіў горад і далучыў яго да сваіх уладанняў. З сярэдзіны XII ст. — зноў цэнтр удзельнага княства, адзін з буйных гарадоў Полацкай зямлі. З канца XIII ст. Менскае княства было пад уплывам князёў-ліцвінаў, у 1-й чвэрці XIV ст. увайшло ў Вялікае Княства Літоўскае. У 1499 г. горад атрымаў магдэбургскае права. Пацвярджальным прывілеем на магдэбургскае права ад 12.01.1591 г. гораду нададзены герб: выява Дзевы Марыі на блакітным полі. Пасля 1413 г. — у складзе Віленскага ваяводства. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1564 — 1566 гг. стаў цэнтрам Менскага ваяводства і павета.

У XV ст. у асноўным сфармавалася забудова Траецкага (цяпер раён опернага тэатра, частак вул.М.Багдановіча, Я.Купалы, Старавіленскай, Траецкай набярэжнай) і Ракаўскага (вул.Ракаўская і на поўнач ад яе) прадмесцяў. У XVI ст. гарадская забудова развівалася на паўднёвы-ўсход і паўднёвы захад ад замка, дзе на ўзгорыстым узвышшы фармаваліся прамавугольная сістэма вуліцаў і новы гандлёвы цэнтр — Верхні рынак (сучасная плошча Свабоды). Тут пабудаваная драўляная 2-павярховая мінская ратуша (з XVII ст. мураваная), узводзіліся культавыя і жылыя будынкі, паступова складваўся архітэктурны ансамбль плошчы, утварыўся новы гарадскі цэнтр — Верхні горад, пашыралася яго тэрыторыя.

У сярэдзіне XVI ст. узніклі цахі, якія аб'ядноўвалі ў XVII ст. больш за 80 спецыяльнасцяў рамеснікаў. Менскія купцы гандлявалі з Польшчай, Прыбалтыкай, Расіяй, Украінай. Вывозілі лесаматэрыялы, смалу, воск, футра, вырабы з жалеза, шкла і скуры, прывозілі соль, віно, прыправы, тканіны, металы і вырабы з іх. У горадзе рэгулярна праводзіліся кірмашы і таргі. У 1592 г. заснаванае праваслаўнае брацтва, пазней брацкая школа, да сярэдзіны XVII ст. было 7 брацтваў, адно з буйнейшых — Петрапаўлаўскае (створанае ў 1612 — 1614 гг.).

Вялікія разбурэнні, страты прычынялі гораду войны і іншыя бедствы. У 1505 г. Менск часткова спалены крымскімі татарамі. Пажары 1547, 1552, 1569 гг. знішчылі амаль усю драўляную забудову, вялікім бедствам быў пажар 1694 г. Значныя спусташэнні прынеслі руска-польская вайна 1654 — 1667 гг. (так званы «патоп»; засталося 2000 жыхароў, прыкладна 300 дамоў) і Паўночная вайна 1700 — 1721 гг., калі горад у 1708 г. захапілі шведы. У XVII ст. цэнтр пачалі забудоўваць мураванымі жылымі дамамі, ставілі манументальныя культавыя будынкі ў стылі барока: у Верхнім горадзе касцёл і кляштар дамініканцаў, касцёл і кляштар бернардзінак, касцёл і кляштар бернардзінцаў, касцёл і кляштар бенедыкцінак, касцёл і кляштар францысканцаў, царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, у раёне Ніжняга рынку Петра-Паўлаўскую царкву, Петра-Паўлаўскі манастыр (1618), на Траецкай гары царкву Ушэсця (1620). Горад значна разросся ў паўднёвым і заходнім напрамках, у XVII ст. зробленыя ўмацаванні — роў і земляны вал з бастыёнамі. У XVIII ст. на Верхнім рынку закончанае будаўніцтва комплексу касцёла і кляштара езуітаў у стылі барока, на плошчы і навакольных вуліцах пабудаваныя мураваныя жылыя дамы і грамадскія будынкі, у т.л. гарадская сядзіба Ваньковіча, гарадскі тэатр, на Траецкай гары — манументальныя Ушэсця і Траецкі манастыры, манастыры з касцёламі баніфратаў (1700), кармелітаў (1703), бенедыкцінцаў (1764), марыявітак — «Дом марыявітак» (1771).

З 1793 г. горад у складзе Расійскай імперыі, адміністрацыйны цэнтр Мінскай губерні. У 1796 г. — каля 1000 дамоў, 5800 жыхароў, у 1800 г. — 6700 жыхароў, галоўная вуліца — Няміга.

У пачатку XIX ст. скапаныя гарадскія абарончыя збудаванні XVII ст., выпрастаны шэраг вуліцаў, адкрыты губернатарскі сад (сучасны дзіцячы парк). Паводле плана 1817 г. горад развіваўся ў паўднёва-ўсходнім напрамку. Узніклі новыя вуліцы — Захар'еўская (сучасныя праспект Незалежнасці і вул.Савецкая), Падгорная (вул.К.Маркса), Магазінная (вул.Кірава). У гэтай частцы горада кварталы мелі выразную прамавугольную форму з геаметрычнай сеткай вуліцаў. Падоўжаныя старыя вуліцы, якія ішлі ад пл.Верхні рынак: Губернатарская (з XVII ст. называлася Францысканская, сучасная вул.Леніна), Багадзельная (ранейшая назва Феліцыянская, сучасная вул.Камсамольская), Петрапаўлаўская (ранейшая назва Дамініканская, сучасная вул.Ф.Энгельса), Праабражэнская (з XVI ст. Зборавая, частка сучаснай вул.Інтэрнацыянальнай).

Рост горада на некаторы час затрымала вайна 1812 г. За час акупацыі напалеонаўскімі войскамі (з 08.07 да 16.11.1812) значна скарацілася насельніцтва горада: з 11200 чалавек у 1811 г. да амаль 3500 чалавек на канец 1812 г. Пасля пажару 1835 г. цэнтр забудоўваўся мураванымі 2- і 3-павярховымі дамамі. Да сярэдзіны XIX ст. чвэрць будынкаў мураваныя, забрукаваныя 22 вуліцы, у т.л. Захар'еўская, Койданаўская, Замкавая.

У XIX ст. сфармаваўся ансамбль Верхняга горада, дзе размяшчаліся дом губернатара, кафедральны касцёл, дзяржаўныя ўстановы, жылыя будынкі на вуліцах Манастырскай (сучасная Герцэна), Валоцкай (сучасная паўднёва-ўсходняя частка вул.Інтэрнацыянальнай), дваранская школа, гасціны двор, Петрапаўлаўскі кафедральны сабор (да 1795 г. Святадухаўская царква базыльянскага манастыра) перабудаваны ў псеўдарускім стылі, плошча Верхні рынак перайменаваная ў Саборную. Асноўныя вуліцы Верхняга горада, што падыходзілі з захаду і поўдню да Саборнай плошчы, былі прамыя і паралельныя. У Ніжнім горадзе засталася радыяльна-веерная планіровачная структура, якая складалася гістарычна. Зарэчная частка (былое Траецкае прадмесце) значна пашырылася ў паўночным напрамку. Тут на прамавугольнай у плане Траецкай плошчы пастаўленыя мураваныя будынкі духоўнай семінарыі (перабудаваны ў 1950 — 1953 гг., цяпер сувораўскае ваеннае вучылішча), жаночага епархіяльнага вучылішча; большасць вуліцаў былі крывалінейныя. Росту і развіццю горада садзейнічала будаўніцтва Маскоўска-Варшаўскай шашы (1846 г.). Прамая траса, пракладзеная па вул.Захар’еўскай, злучыла Барысаўскі і Варшаўскі тракты. У XIX ст. вялася забудова т.зв. Новага места (цяпер Кастрычніцкая плошча і раён тэатра імя Я.Купалы), дзе квартал заняло архірэйскае падвор’е (цяпер на гэтым месцы будынак Дома афіцэраў), быў узведзены будынак Дваранскага сходу (на рагу сучасных вул.Маркса і Энгельса), паміж імі ў 1872 г. створаны Аляксандраўскі (цяпер Цэнтральны) сквер з фантанам, упрыгожаным дэкаратыўнай скульптурай (1874 г.), У кампазіцыю сквера пазней увайшоў будынак гарадскога тэатра (1888 — 1890 гг.). Непадалёку пабудаваная паштовая кантора і жылы дом, іншыя значныя мураваныя будынкі, у архітэктуры якіх пераважалі рысы класіцызму. Узводзіліся культавыя будынкі: царква Марыі Магдаліны, Траецкі. Залатагорскі касцёл, царква Аляксандра Неўскага, Кальварыйскі касцёл і брама.

З 2-й палавіны XIX ст. Мінск паступова станавіўся капіталістычным горадам. У 1871 г. праз яго пракладзеная Маскоўска-Брэсцкая, у 1873 г. — Лібава-Роменская чыгункі. Забудоўваліся раёны вакол чыгуначнага вузла. Былі пабудаваныя (1871 — 1874 гг.) Брэсцкі і Віленскі чыгуначныя вакзалы, 2 дэпо, рамонтныя майстэрні. Значна змянілі выгляд горада пабудаваныя на берагах Свіслачы і на ўскраінах фабрыкі і заводы. Да 1900 г. было 58 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў (2,8 тыс. рабочых). Да сярэдзіны XIX ст. працавалі дваранскае 5-класнае вучылішча, духоўнае вучылішча, 2-класная прыхадская школа, каталіцкая і праваслаўная духоўныя семінарыі, губернская гімназія (з 1803 г.); да 1900 г. у горадзе 32 пачатковыя і сярэднія навучальныя ўстановы, у іх 4,1 тыс. вучняў. Плошча горада з 1801 г. да 1897 г. вырасла ў 10 разоў, насельніцтва — з 27 тыс. (1860 г.) да 90,9 тыс. чалавек. У 1897 г. было 6616 дамоў, з іх 5589 драўляных, у 1899 г. — 200 вуліцаў і завулкаў. Гарадскія ўскраіны — слабоды Камароўка, Пярэспа, Раманава, Ляхаўка, Серабранка, Кальварыя, Грушаўка, Татарская слабада (Татарскі канец) былі нядобраўпарадкаваныя, забудоўваліся пераважна драўлянымі жылымі дамамі. З 1859 г. пачаў дзейнічаць тэлеграф (1-я лінія сувязі Мінск — Бабруйск), у 1874 г. здадзены ў эксплуатацыю вадаправод, у 1896 г. —- тэлефонная станцыя, у 1892 г. праведзеная конка, у 1895 г. дала ток 1-я электрастанцыя.

У канцы XIX — пачатку XX стст. узводзіліся шматпавярховыя будынкі новых тыпаў: начлежныя і даходныя дамы па вул.Захар’еўскай (сучасная вул.Савецкая), Падгорнай (К.Маркса), Магазіннай (Кірава), Серпухоўскай (Валадарскага), банкі на Саборнай плошчы, гасцініцы «Еўропа» (1906 — 1009 г., вул.Губернатарская) і «Парыж» (на рагу вул.Петрапаўлаўскай і Захар’еўскай), кінатэатры «Гігант», «Мадэрд», «Эдэн» (усе ў 1912 г.), будынак Мінскага царкоўна-археалагічнага музея (1913 г.) на архірэйскім падвор’і. У 1908 г. пабудаваны касцёл Святога Сымона і Святой Алены (т.зв. Чырвоны касцёл). У архітэктуры канца XIX — пачатку XX стст. пераважалі рысы эклектызму, асаблівая ўвага надавалася дэкору фасадаў. У гэты час узводзяцца будынкі для сярэдніх навучальных установаў —мужчынскага духоўнага вучылішча, жаночай гімназіі, жаночай. Марыінскай гімназіі, а таксама Мінскай чыгуначнай бальніцы і інш.

З 01.01.1919 г. — сталіца Беларускай ССР. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і выгнання інтэрвентаў (з 21.02.1918 г. да 10.12.1918 г. акупаваны войскамі кайзераўскай Германіі, з 08.08.1919 г. да 11.07.1920 г. — войскамі Польшчы) аднаўляліся разбураныя будынкі. у т.л. жылы фонд, добраўпарадкоўвалася тэрыторыя горада. У 1920 г. было 104 тыс. жыхароў. У 1920-я гг. пачалося асушэнне Камароўскага і Сляпянскага балотаў. Рэканструяваныя старыя і пабудаваныя новыя прамысловыя прадпрыемствы — станкабудаўнічыя заводы «Энергія», «Камунар», новы корпус гарбарнага завода «Бальшавік», кандытарская фабрыка «Камунарка», хлебазаводы, ЦЭЦ і інш. У 1924 — 1930 гг. — цэнтр Мінскай акругі, з 1934 г. — раёна, з 1938 г. — Мінскай вобласці, горад абласнога падпарадкавання.

У 1924 г. пушчаны аўтобус, у 1929 г. — трамвай. У гады 2-й і 3-й пяцігодак (1930-я гг.) забудоўваўся ў паўднёвым і паўночна-ўсходнім напрамках — уздоўж Магілёўскай і Маскоўскай шашы, Лагойскага тракту. У межы горада ўключаны Камароўскі лес (збярогся часткова), які ўвайшоў у парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў.

У 1933-1936 гг. быў распрацаваны генеральны план сацыялістычнай рэканструкцыі і развіцця Мінска, зацверджаны ў 1938 г. (карэкціроўка ў 1939 — 1941 гг.). Рыхтаваліся праекты рэканструкцыі плошчаў Леніна (сучасная Незалежнасці), Круглай (Перамогі) і Камароўскай (Якуба Коласа), Прывакзальнай, Парыжскай Камуны, Свабоды, вул.Савецкай. Узведзеныя будынкі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна, Дома Урада БССР, Беларускага політэхнічнага інстытута, Мінскага Палаца піянераў і школьнікаў, Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, карпусы і друкарня АН БССР (цяпер НАН Беларусі), Дом Чырвонай Арміі (Дом афіцэраў) і інш. У 1941 г. амаль завершаны будынак Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі (цяпер Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Створанае Камсамольскае возера. За перадваенныя гады Мінск ператварыўся ў буйны індустрыяльны і культурны цэнтр. На 01.01.1941 г. у ім 270 400 жыхароў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Мінск з 28.06.1941 г. да 03.07.1944 г. акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія амаль дашчэнту разбурылі цэнтр горада, знішчылі 313 дзяржаўных і кааператыўных прадпрыемстваў, 80 % жылога фонду, будынкі грамадскіх установаў. На пачатак ліпеня 1944 г. насельніцтва складала каля 40 — 50 тыс. чалавек.

Пасля вайны распрацаваны «Эскіз планіроўкі Мінска», які стаў асновай генплана аднаўлення і развіцця горада (1946). План прадугледжваў фармаванне грамадскага цэнтра, выпростванне і расшырэнне асноўных і пракладку новых магістраляў, паступовы пераход на радыяльна-кальцавую сістэму вуліцаў, стварэнне буйных жылых і прамысловых раёнаў, сістэмы азелянення і добраўпарадкавання. У 1952 г. пушчаны тралейбус. З 1960-х гг. на ўскраінах горада забудоўваюцца буйныя жылыя раёны: Зялёны Луг, Чыжоўка, Усход, Серабранка, Курасоўшчына, па Ракаўскай шашы. Ствараюцца ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў на асноўных радыяльных напрамках: па вул.Няміга, Максіма Горкага (М.Багдановіча), Якуба Коласа, Прытыцкага, праспектах Машэрава (Пераможцаў), Партызанскім. Фармуецца Мінскі водна-зялёны дыяметр — сістэма паркаў, бульвараў і вадаёмаў, што праходзіць з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход уздоўж р.Свіслач праз горад.

У горадзе ўсталяваныя помнікі: пісьменнікам Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, мастаку Я.Драздовічу, вучоным Я.Зяльдовічу, К.Цыялкоўскаму, двойчы Герою Савецкага Саюза С.Грыцаўцу, Герою Савецкага Саюза М.Казею і іншыя мемарыяльныя знакі. У горадзе 3 гістарычна-культурныя ахоўныя зоны: Верхні горад (пл.Свабоды і кварталы паміж вул.Гандлёвай, Рэспубліканскай, Інтэрнацыянальнай і Нямігай), Траецкае прадмесце (квартал паміж вул.М.Багдановіча, Янкі Купалы, Старавіленскай і Траецкай набярэжнай), Ракаўскае прадмесце (уздоўж вул.Ракаўскай, Вызвалення, Віцебскай, Замкавай, Дзімітрава; у зону ўваходзіць і археалагічны запаведнік Мінскае замчышча), дзе захавалася планіроўка XVI — XIX стст. і капітальная забудова XVIII — пачатку XIX ст., а таксама асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры. У іншых раёнах горада (пераважна ў цэнтральнай частцы) захаваліся асобныя помнікі грамадскай, жылой, культавай і прамысловай архітэктуры XIX — пачатку XX ст.

У Мінску знаходзяцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, абласная, гарадская і раённыя бібліятэкі. Працуюць музеі: Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальны мастацкі музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Літаратурныя Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Музей старажытнабеларускай культуры, Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, шматлікія музеі пры ўстановах, прадпрыемствах і на грамадскіх асновах. Працуе кінастудыя «Беларусьфільм». Вядуць перадачы Нацыянальнае тэлебачанне і Нацыянальнае радыё. Кнігавыданнем займаюцца дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Літаратура і Мастацтва», «Кнігазбор», «Беларускі фонд культуры» ды інш. Выдаюцца газеты: «Звязда», «СБ: Беларусь сегодня», «Культура», «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Белорусская нива», гарадская «Вечерний Минск» ды інш. Выходзяць часопісы, бюлетэні, зборнікі, у т.л. «Мастацтва», «Роднае слова», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Родная прырода» ды інш. Працуюць Беларускае тэлеграфнае агенцтва ды інш. агенцтвы навінаў.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 9 (458) сакавік 2013 г.;
«Краязнаўчая газета» № 10 (459) сакавік 2013 г.;
«Краязнаўчая газета» № 11 (460) сакавік 2013 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1378]
Здарэнні [459]
Грамадства [463]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.