Пятніца, 19.04.2024, 14:13

НОТАДРУКАВАННЕ

Галоўная »
НОТАДРУКАВАННЕ — паліграфічнае размнажэнне нотных (музычных) тэкстаў.

Вядомае з 2-й паловы XV ст. У першых друкаваных царкоўных кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі («Лацінскі псалтыр», 1457 г., Майыц). Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі самі ноты (мяркуюць, што зрэдку іх штампавалі). Часам друкавалі толькі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі («Збор напеваў на Магніфікат», 1473 г., Эслінген). Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй. Упершыню нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў У. Хан («Рымская меса», 1476 г., Рым). Адным са спосабаў нотадрукавання была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады як своеасаблівыя ілюстрацыі вырабляліся ў выглядзе гравюраў па прынцыпе высокага друку.

Ксілаграфічнае нотадрукаванне развівалася да XVII ст., аднак якасць нотаў пры ім не заўсёды была здавальняючай. У 1498 г. А. Петручы вынайшаў рухомыя металічныя шрыфты, удасканаліў спосаб Хана. Спосабам Петручы карысталіся ў Германіі, Нідэрландах, Францыі. У 1527 г. французскі друкар П. Атэн (верагодна) вынайшаў друк, калі адразу друкавалася нота і невялікая частка 5-лінейнага нотнага стану, што спрашчала працэс друку і давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку. У 1755 г. I. Брэйткопф (Лейпцыг) вынайшаў і наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з трох частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазваляла ўзнаўляць любыя акорды. Аднак ускладненне музычнай фактуры ў XVIII ст. абмяжоўвала яго выкарыстанне і прымусіла звярнуцца да спосабу гравіроўкі па прынцыпе глыбокага друку (упершыню выкарыстаў С. Веровіо ў выданні «Духоўная асалода». 1586 г., Рым), які перадаваў нотныя прыклады любой складанасці і пазней пашырыўся ў многіх краінах.

Да канца XVIII ст. нотадрукаванне рабілася непасрэдна з металічных дошак (медных або са сплаву волава і свінцу). 3 вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на металічныя формы для плоскага друку. У XX ст. нотны рысунак пераносіцца фотамеханічным спосабам на цынк (для цынкаграфскага клішэ) або на тонкія пласціны (цынкавыя або алюмініевыя) – формы для афсетнага друку. Арыгіналамі для гэтага, акрамя награвіраваных дошак, служаць нотныя старонкі, каліграфічна напісаныя ад рукі або вырысаваныя на празрыстай паперы. Рабіліся таксама спробы стварыць нотную друкарку (пішучую машынку). 3 прыходам у паліграфію камп’ютарнай тэхнікі нотадрукаванне яшчэ больш спрасцілася. Існуюць адмысловыя праграмы для запісу нотаў («Sibelius», «Finale», «Encore», «Cakewalk Overture» ды інш.) i спыцыяльныя нотныя шрыфты («Hymnus», «Maestro» ды інш.).

На тэрыторыі Беларусі нотадрукаванне вядомае з сярэдзіны XVI ст. Ноты друкаваліся ў Брэсце (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Супраслі (першае ноталінейнае выданне – «Паследаванне пастрыгу», 1697), Вільні (канец XVI — 1-я чвэрць XVIII ст.), у перасоўнай друкарні С. Собаля (працавала ў 1630-я гг. у Куцейне, Буйнічах, Магілёве). У XVII ст. існавалі брацкія друкарні, што распаўсюджвалі «Псалтыр» Яна Гуса – узор новага нотнага музычнага запісу. Першы друкаваны нотны зборнік на тэрыторыі Беларусі і адзін з самых ранніх ва Усходняй Еўропе – «Брэсцкі канцыянал» («Песні хвалаў Боскіх», 1558 г.) Яна Зарэмбы. У ім змешчана каля 100 адна- і чатырохгалосых псалмоў і кантаў на польскай і лацінскай мовах, запісаных мензуральнай натацыяй на 5-лінейным нотным стане. У 1563 г. М. Кавячынскі і друкар Д. Ланчыцкі выдалі «Нясвіжскі канцыянал» (2-е выд. у Вільні, 1594 г.). У канцы XVI – 1-й чвэрці XVII ст. надрукаваны шэраг Любчанскіх канцыяналаў. Вядомы зборнік 1-галосых песнапенняў 1620 г., які дэманструе інтэрнацыянальныя сувязі ў музычна-паэтычнай культуры, народжанай еўрапейскай Рэфармацыяй. Цягам XVII – XIX стст. друкаваліся віленскія, гарадзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псалмы, ірмалагіёны. У 1850 – пачатак 1860-х гг. А. Валіцкі выдаваў у Мінску літаграфскім спосабам свецкія музычныя творы беларускіх кампазітараў-рамантыкаў, у т.л. паланэзы і мазуркі Камілы Марцінкевіч, Фларыяна Міладоўскага, яго ж зборнік «Польскія песні», і інш.

У Расіі пачатак нотадрукавання адносіцца да XVII ст., калі маскоўскі арганіст С. Гутоўскі надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 г. друкар С. Бышкоўскі прапанаваў распрацаваны ім дасканалы шрыфт, якім надрукаваныя богаслужэбныя нотныя кнігі: «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход». «Святы» (1770 – 1772 гг.). Свецкія музычныя творы да 1770-х гг. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам I. Бройткопфа.

У XX ст. нотныя выданні друкуюцца на афсетных машынах і машынах высокага друку. Перавод нотнага арыгінала на друкарскую форму ажыццяўляецца фотамеханічным спосабам. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для падрыхтоўкі арыгіналаў выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, каліграфічнай перапіскі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу па прынцыпе пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Пры невялікіх тыражах і для папярэдняга азнаямлення спецыялістаў ноты друкуюцца на святлокапіравальных апаратах.

Крыніца: «Краязнаўчая газета», № 4 (597) студзень 2016 г.;
«Краязнаўчая газета», № 5 (598) люты 2016 г.;
«Краязнаўчая газета», № 6 (599) люты 2016 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.