Субота, 11.05.2024, 06:21

ПАЛЯЎНІЧАЯ ЗБРОЯ

Галоўная »
ПАЛЯЎНІЧАЯ ЗБРОЯ — прылады для палявання на дзікіх звяроў і птушак. Падзяляецца на абушную (доўбня, булава, кісцень, сякера), колючую (рагаціна, дзіда, кап'ё, дроцік), сякучую (кінжал, стылет, меч, шабля), кідальную (прашча, лук, куша, стрэльба). Паляўнічая зброя прайшла шлях удасканалення ад завостранай на агні палкі і востраканцовага каменнага секача да сучаснай агнястрэльнай стрэльбы з аптычным прыцэлам.

Вынаходства ў мезаліце (XIX — V-е тысячагоддзі да нашай эры) лука — эпахальная падзея ў гісторыі дзейнасці чалавека, у прыватнасці ў паляўніцтве: склаліся новыя спосабы і прыёмы палявання, заснаваныя на высованні, трапленні (высочванні па следу) і скрадванні (прыём падкрадвання) звяроў. Паляванне стала менш небяспечным і больш прадукцыйным. Страла даганяла звера ці птушку на адлегласці звыш 100 метраў на зямлі, на вадзе і ў лёце. У X ст. узбраенне паляўнічых папоўнілася ўдасканаленым лукам — кушай (самастрэл, арбалет) з кольбай, ложай і казінай нагой, пазней шасцерневым калаўротам для нацягвання цецівы. Забойная сіла новай зброі перавышала лук удвая. Да XVIII ст. асноўнай і ўніверсальнай зброяй заставаўся лук: ім карысталіся пры ўсіх актыўных спосабах палявання і на ўсіх без выключэння звяроў і птушак. Цягам стагоддзяў ён спаборнічаў з агнястрэльнай зброяй. У некаторых краінах Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, на востраве Новая Гвінея і ў іншых кутках свету з лукам палююць і ў наш час.

У канцы XV — пачатку XVI ст. на тэрыторыі Беларусі пашырылася агнястрэльная зброя. Папярэдніцай сучаснай стрэльбы была гаркабуза (аркабуза, аркабуз, гаркабузік), пазней ручніца — гладкаствольная шампалоўка з кнотавым, з XVI ст. крамянёвым замком (скалкоўка, крамзеля). У залежнасці ад калібру і прызначэння ручніцы падзяляліся на «ручніцы звярыныя» і «ручніцы пташныя» («пташынка» — лёгкая стрэльба малога калібру пераважна для палявання на птушак). У першай чвэрці XIX ст. з'явіліся пістаноўкі — стрэльбы з перкусійным замком і пістонам з запальным рэчывам, ад якога загараўся парахвы зарад. Яны мелі мала прыхільнікаў, бо часта давалі асечкі, займалі шмат часу на замену пістона і пры самай малой неасцярожнасці самаадвольна стралялі. 3 гэтае прычыны крамянёўкі праіснавалі да 1880-хгг., іх выцесніла вынайдзеная ў Францыі (1837) дубальтоўка са спаранымі ў гарызантальнай плоскасці двума стваламі. У яе ствалах знаходзіліся два патроны з розным шротам, якімі можна было страляць у патрэбнай паслядоўнасці, а галоўнае — амаль імгненна паўтарыць выстрал. Добрым боем (кучнасць, дальнастрэльнасць) вызначаліся бярданкі (бярдан), пераробленыя са спісанай у 1891 г. армейскай 4,2-лінейнай вінтоўкі сістэмы Бярдана. Выкарыстоўвалася асобнымі паляўнічымі да 1940-х гг. У карыстанні паляўнічых знаходзілася таксама вялікая колькасць стрэльбаў, пераробленых з вайсковай зброі, што асядала ў насельніцтва пад час войнаў. Асабліва шмат яе засталося пасля адыходу напалеонаўскай арміі ў 1812 г. Другой крыніцай забеснячэння было частае пераўзбраенне рускай арміі. Рознымі шляхамі сяляне здабывалі спісаную зброю ў вайсковых арсеналах і жалезных складах Бабруйска, Гомеля, Мазыра, Чарнігава. Выраб агнястрэльнай зброі на тэрыторыі Бсларусі дасягнуў высокага майстэрства яшчэ ў XVI ст. Дакументы 1540 г. сведчаць, што гродзенскі майстар Раман Мікіціч вырабляў зброю і ўсё неабходнае для стральбы начынне. Беларускія броннікі працавалі ў Маскоўскім Крамлі (зробленая імі зброя дагэтуль зберагаецца ў Збройнай палаце). У XIX ст. высокім прафесіяналізмам вызначаліся брагінскія майстры, а зробленыя хойніцкім слесарам Кандратам Жураўскім стрэльбы да 1880 г. не мелі сабе роўных.

Сучасная паляўнічая зброя вызначаецца разнастайнасцю тыпаў і мадэляў. Пры ўсіх канструкцыйных адрозненнях яны маюць адны і тыя ж вузлы і функцыі. Найбольшым попытам карыстаюцца дубальтоўкі цэнтральнага бою, напрыклад бескуркоўка «ІЖ-58» («іжаўка») і куркоўка «ТОЗ-БМ» («тулка»). Добра зарэкамендавалі сябе «трайнікі» з двума гладкімі і адным наразным ствалом для стральбы патронамі баявога тыпу пры паляванні на лася, ваўка і дзіка. Некаторыя тыпы зброі для аматарскага палявання («МЦ-7») вырабляюцца паштучна, на заказ.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №30 (671) жнівень 2017 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1395]
Здарэнні [468]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.