Панядзелак, 22.07.2019, 00:14

БАБРУЙСК


БАБРУЙСКгорад абласнога падпарадкавання, цэнтр раёна, 110 км ад Магілёва, вузел чыгуначных ліній на Асіповічы, Жлобін, Акцябрскі і аўтадарог у Мінск, Жлобін, Магілёў, Калінкавічы, Рагачоў, Слуцк. На р.Бярэзіна пры ўпадзенні ў яе р.Бабруйка, порт. 220,1 тысяч жыхароў (2005). Назва ад р.Бабруй (цяпер Бабруйка).

БабруйскБабруйск
Герб і сцяг гораду

У 5-6 ст. каля сучаснага горада існавала славянскае гарадзішча, а ў час Кіеўскай Русі — вёска, жыхары якой займаліся земляробствам і рознымі промысламі, галоўнымі з якіх былі бабровы (паляванне на баброў) і рыбалоўны. У летапісах пазначаны пад назвамі Баброўск, Бабруеск, Бабрусек. Першыя пісьмовыя звесткі адносяцца да сярэдзіны 14 ст. Пад 1387 г. упамінаецца ў грамаце караля Уладзіслава князю Скіргайлу. У ВКЛ цэнтр воласці. У 1502 г. войска князя С.М. Алелькавіча разбіла каля Бабруйска крымскіх і акерманскіх татар. У 1540 г. пазначаны на карце Еўропы, выдадзенай у Базелі. У 1562 г. Бабруйск атрымаў наказ аб адпраўцы ў Кіеў 40 чалавек на будаўніцтва замка. У 1566 г. дзяржаўнае ўладанне, цэнтр староства Рэчыцкага павета, уладанне вялікага князя ВКЛ, потым належала Радзівілам, Гаштольдам, Трызнам. У 1615 г. заснаваны Петрапаўлаўскі касцёл (архітэктар Пётр Трызна). У 1620 г. — 15 вуліц, 2 завулкі, 409 дымоў, замак, млын, 75 крам. У 1639 г. аддадзены польскай каралеве Цэцыліі Рэнаце. У 16-17 ст. на ўзвышшы правабярэжжа Бярэзіны размяшчаўся драўляны замак (згарэў у 1649 г.), каля якога знаходзілася гандлёвая плошча і былі ўзведзены Мікалаеўская царква, Петрапаўлаўскі касцёл, шпіталь, замкавы суд, дамы рамеснікаў і купцоў. У радыяльных напрамках ад замка разыходзіліся вуліцы Свіслацкая, на якой размяшчаліся касцёл і кляштар езуітаў, Прачысценская царква (1-я палова 16 ст.), і Парыцкая за р.Баброўка. У 1621 г. 427 дымоў, у замку — 18 двароў, 3 кляштары, касцёл, царква, плябанія, карчма, млын. У вызваленчую вайну 1648-54 гг. у Бабруйску адбылося адно з буйнейшых на Беларусі выступленняў гараджан, выкліканае ўзмацненнем феадальна-прыгонніцкага і нацыянальна-рэлігійнага ўціску, злоўжываннямі феадалаў і шляхты. Разам з казацкім атрадам (загонам) Паддубскага гараджане ў кастрычніку 1648 г. разагналі і часткова перабілі замкавую адміністрацыю і шляхту, разграмілі шляхецкі атрад Паца, які прыбыў для падаўлення паўстання. У пачатку студзеня 1649 г. Бабруйск асадзілі шляхецкія войскі пад камандаваннем У.Валовіча і Я.Радзівіла. Багатыя гараджане (духавенства, гандляры) перайшлі на бок феадалаў. У ноч на 21.02.1649 г. яны адчынілі вароты, найміты і шляхта ўварваліся ў Бабруйск і жорстка падавілі паўстанне — 400 казакоў былі забіты, у 150 адсечаны галовы, у 800 — рукі, больш за 100 пасаджаны на кол, у тым ліку палкоўнік Паддубскі. Горад быў спалены. У 1671 г. ў Бабруйску 170 дамоў, 23 вуліцы і завулкі, 16 лавак, 2 царквы, касцёл, манастыр, 2 карчмы. У 1684 г. 186 двароў, 2 млыны. У 1694 г. адкрыта школа. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) казённае мястэчка. З 1795 г. горад, павятовы цэнтр Мінскай губерні, якому ў 1796 г. дадзены герб — на срэбраным полі карабельная мачта, да якой прыстаўлены 2 перакрыжаваныя драўляныя брусы, прыгатаваныя для мачтаў. У 1790 г. 206 двароў, у 1798 г. 274 двары, 2072 жыхары, 4 млыны, цагельны завод. Развіваліся кравецкі, шавецкі, ганчарны, пякарскі, залатых спраў і кузнечны промыслы. Тры разы на год праводзіўся кірмаш.

Бабруйск
Уезд у горад

Горад меў кампактную квартальную планіровачную структуру, аснову якой складалі 2 працяглыя вуліцы, пракладзеныя паралельна р.Бярэзіна. Асноўныя вуліцы і завулкі накіроўваліся да цэнтральнай плошчы. Праз галоўную — Мінскую вуліцу плошча звязвалася з іншым гарадскім цэнтрам, што складваўся на паўночнай ускраіне. Трэцяя плошча знаходзілася на заходняй ускраіне. У цэнтры паўднёвай часткі — драўляная уніяцкая капліца. На поўдні, за млыном на р.Бабруйка, — двор гарадскога старосты. Пры ўездзе ў горад з боку Рагачова знаходзілася карчма Зялёная.

Першы генеральны план Бабруйска быў створаны ў 1800 г., у адпаведнасці з ім забудова ажыццяўлялася па рэгулярнай квартальнай планіроўцы з захаваннем гістарычна сфарміраванай схемы вуліц, трасіраваных у напрамках да Слуцка і Мінска. Буйнейшымі будынкамі з'яўляліся мураваны езуіцкі кляштар з касцёлам (заснаваны ў 1747 г.), плябанія і парафіяльны касцёл (заснаваны ў 1615 г.), якія фарміравалі адну з галоўных плошчаў. Вылучаліся таксама драўляная Мікалаеўская (1600), Успенская (1628) і Ільінская (1614) цэрквы, яўрэйская школа, драўляныя казённы дом, гандлёвыя рады (гасціны двор), багадзельня, млын з плацінай на р.Бабруйка, 2 хлебазапасныя магазіны. Жылую забудову складалі 274 драўляныя дамы. На поўдні за р.Бабруйка размяшчалася слабада, дзе працаваў цагельны завод. Каля пераправы цераз Бярэзіну знаходзіліся магазіны па продажу харчоў, а на ўзвышшы — драўляная царква. Далейшае развіццё горада звязана з будаўніцтвам у 1807-37 гг. моцнай па тым часе крэпасці. Узводзілася яна з цэглы, на ўзвышаным плато, пры ўпадзенні Бабруйкі ў Бярэзіну. У 1810 г. створаны сітуацыйны і праектны генеральныя планы горада з паказаннем «пражэктаваных» умацаванняў і асноўных для ўзвядзення будынкаў — саборнай царквы, каменданцкага дома, казармы, афіцэрскіх дамоў, правіянцкіх магазінаў, шпіталя, цэйгаўза. У 1819 г. з улікам праведзеных работ быў зацверджаны план крэпасці, складзены Бабруйскай інжынернай камандай. У паўночнай частцы, пры ўездзе з боку Мінска, вакол праваслаўнага сабора фарміравалася новая плошча. Архітэктар А.Штаўберт спраектаваў у 1823 г. мураваную царкву, але яна так і не з'явілася, бо каля моста цераз Бабруйку ўзвялі лазарэт, каля пераправы — правіянцкія магазіны. Езуіцкі кляштар прыстасавалі пад артылерыйскія склады (1810), а ў 1822 г. ўзвялі новы будынак з турмой у стылі позняга класіцызму. Частку драўлянай жылой забудовы знеслі. Да сярэдзіны 19 ст. драўляная забудова вялася ў чатырох фарштатах: Мінскім, Слуцкім, Бярэзінскім і Парыцкім, якія акружалі крэпасць. На заходняй і паўднёвай ускраінах склаліся салдацкія слабоды. Крэпасць была ўзведзена па ўсіх патрабаваннях тагачаснай фартыфікацыйнай тэхнікі і адыграла важную ролю ў Айчыннай вайне 1812 г. Тут знаходзіліся склады забеспячэння расійскай арміі. Пасля жорсткіх баёў прайшла перафарміраванне 2-я руская армія пад камандаваннем П.І. Баграціёна, пакінуўшы гарнізон з 5 тысяч чалавек пад камандаваннем генерал-маёра Г.А. Ігнацьева. 4 месяцы рускія воіны мужна трымалі абарону супраць 20-тысячнага напалеонаўскага войска і нанеслі ворагу вялікія страты. Значнае месца належала крэпасці і ў гісторыі рэвалюцыйнага руху. У 1823 г. тут была раскватаравана 9-я пяхотная дывізія, у якой служылі будучыя дзекабрысты М.П. Бястужаў-Румін, С.І. Мураўёў-Апостал, B.C. Нораў, І.С. Павала-Швяйкоўскі. Яны распрацавалі план паўстання, вядомы пад назвай Бабруйскага, якім прадугледжваліся арышт імператара Аляксандра I у час запланаванага ім агляду войск Бабруйскага гарнізона, ліквідацыя самадзяржаўя, стварэнне Часовага рэвалюцыйнага ўрада і ўсталяванне ў Расіі буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі. Аднак з-за рознагалоссяў паміж змоўшчыкамі, а таксама непадрыхтаванасці да паўстання салдат гарнізона план не быў прыняты кіраўнікамі тайных таварыстваў. Пасля падаўлення дзекабрысцкага паўстання ў крэпасці трымаліся ў зняволенні П.А. Бястужаў, В.К. Тызенгаўзен і многія іншыя яго ўдзельнікі. У лютым 1826 г. ў Палтаўскім палку Бабруйскага гарнізона спрабаваў узняць паўстанне С.І. Трусаў — член Таварыства з'яднаных славян.

У 1829 г. ў горадзе 601 дом, 6829 жыхароў; пабудавана драўляная царква. У 1848 г. праз Бабруйск пракладзена Маскоўска-Варшаўская шаша. У 1863 г. 1301 дом, з іх 23 цагляныя, 18938 жыхароў, меліся дваранскае павятовае, яўрэйскае казённае і прыходскае пачатковыя вучылішчы; у 1865 г. адкрыта прагімназія, якая ў ліпені 1903 г. ператворана ў мужчынскую гімназію. З канца 19 ст. дзейнічалі школа садаводства, агародніцтва і пчалярства, прыватны жаночы пансіён, цагельны і 3 заводы па вырабе свечак, 173 рамесныя майстэрні, у якіх працавалі 53 шаўцы, 17 хлебнікаў, 7 булачнікаў, 22 мяснікі, 4 мадзісткі, 14 капялюшнікаў, 38 шаўцоў, 9 гадзіннікавых майстроў ,3 шорнікі і іншыя; 193 крамы, 11 корчмаў, 13 піцейных дамоў, 4 царквы, 13 малітоўных дамоў. Узведзены шэраг новых прамысловых прадпрыемстваў: вінакурнае (1869), вінадражджавое (1870), цагельныя (1840, 1873, 1879, 1960), лесапільныя (1892, 1893, 1895, 1897), мэблевае (1893), маслабойнае (1890), машынабудаўнічае (1898), мукамольныя (1873, 1874, 1875, 1879). З 1898 г. запрацавала друкарня. Развіццю горада садзейнічала пракладзеная ў 1873 г. Лібава-Роменская чыгунка. Па праектах архітэктара М.П. Чахоўскага ўзведзены цагляныя будынкі казначэйства, rapадскога ўпраўлення, дваранскага сходу, некалькі новых крапасных пабудоў. Насельніцтва ў 1897 г. дасягнула 34330 чалавек, а ў 1907 г. ў Бабруйску налічвалася 39816 жыхароў. Галоўнае месца ў прамысловасці займалі дрэваапрацоўчыя, цагельныя, вінакурныя, тытунёвыя, маслабойныя, мукамольныя, крупарушныя, чыгуналіцейныя прадпрыемствы. Развіваліся ткацкія, агародныя промыслы.

У 1905 г. — 8 лесапільных і дрэваапрацоўчых заводаў, да 2,2 тысячы чалавек заняты ў стужачнай вытворчасці; 2 бальніцы на 70 ложкаў, ваенны шпіталь на 300 месцаў, 5 аптэк і 8 аптэчных кіёскаў; працавалі 15 урачоў, 8 акушэрак, 7 фельчараў і ветэрынары, тэатр, 13 пачатковых школ (38 настаўнікаў, 1757 вучняў), гімназія (14 настаўнікаў, 236 вучняў); 6 фатаграфій, літаграфія, 3 друкарні, бібліятэка-чытальня. Меліся 2 аддзяленні банка, 2 натарыяльныя канторы, гасцініца, 5 пастаялых двароў, 19 корчмаў, 26 храмаў, малітоўных дамоў і капліц, паштова-тэлеграфная кантора, 100 тэлефонаў.

Бабруйск
Будынак былой жаночай Аляксееўскай гімназіі.
Сучасны стан


У росце палітычнай свядомасці пралетарыяту важнае месца займала марксісцкая літаратура, што паступала з буйных цэнтраў Расіі і з-за мяжы. У 1901-04 гг. адбыліся 35 масовак і маніфестацый. У чэрвені 1903 г. з вучнёўскай моладзі склаўся іскраўскі гурток. За кошт злучэння рабочых да жніўня 1903 г. ён вырас да 25 чалавек, a ў верасні ўзнікла арганізацыя РСДРП, стваральнікамі якой былі Ф.В. Сімончык, Л.С. Галынскі, Г.Л. Шклоўскі. З сакавіка 1904 г. Бабруйская арганізацыя ўваходзіла ў склад Паўночна-Заходняга камітэта РСДРП. У снежні таго ж года ўзнік шэраг рабочых гурткоў. Дзейнічала падпольная друкарня. Арганізацыя падтрымлівала сувязі з замежным бальшавіцкім цэнтрам, Пецярбургскім і Палескім камітэтамі і інш., мела нелегальную бібліятэку, вяла прапаганду і агітацыю сярод рабочых, салдат, сялян, рамеснікаў, навучэнцаў, служачых, друкавала і распаўсюджвала лістоўкі, пракламацыі і адозвы, у якіх тлумачыла задачы РСДРП, заклікала да барацьбы супраць царызму, памешчыкаў і капіталістаў. 16.01.1905 г. пад кіраўніцтвам сацыял-дэмакратаў адбылася ўсеагульная стачка супраць расстрэлу пецярбургскіх рабочых 09.01.1905 г., у якой удзельнічала каля 1000 рабочых. З кастрычніка 1905 г. да кастрычніка 1906 г. пры Бабруйскай арганізацыі РСДРП дзейнічала ваенна-рэвалюцыйная арганізацыя (кіраўнікі Галынскі, К.Ісаева, Н.Пагадзіцкая). 22-25.11.1905 г. пад яе кіраўніцтвам адбылося выступленне дысцыплінарнага батальёна Бабруйскай крэпасці ў ліку 900 салдат, якое ўзначаліў матрос Якушаў. У кастрычніку 1906 г. ваенна-рэвалюцыйная арганізацыя была разгромлена паліцыяй, актыўныя яе члены арыштаваны, a 24.11.1906 г. раскрыта і ліквідавана друкарня. Аднак барацьба рабочых не спынялася. У сакавіку 1917 г. ўзнікла Бабруйская аб'яднаная арганізацыя РСДРП, а ў ліпені бальшавікі стварылі самастойную арганізацыю РСДРП(б). 15.10.1917 г. пры партыйным камітэце была створана чырвонагвардзейская камендатура на чале з Брэгманам. 15.11.1917 г.быў абраны новы бальшавіцкі склад Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў; нацыяналізаваны банкі, заводы і фабрыкі, канфіскаваны памешчыцкія землі. 20.01.1918 г. Бабруйск захоплены польскім контррэвалюцыйным корпусам генерала І.Р. Доўбар-Мусніцкага, a 23.05.1918 г. акупіраваны германскімі войскамі. У канцы лістапада 1918 г. горад вызвалены Чырвонай Арміяй; створаны павятовы рэвалюцыйны камітэт, які ўзначаліў бальшавік П.Ф. Равінскі. У хуткім часе была ўведзена ў строй першая электрастанцыя магутнасцю 750 кВт. Рэўком у 1918-19 гг. выдаваў газету «Известия». Важнай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці Бабруйска першых гадоў савецкай улады было наведванне яго 18-19.06.1919 г. старшынёй ЦВК М.І. Калініным з агітпоездам «Кастрычніцкая рэвалюцыя». На агульнагарадскім сходзе партыйнага, савецкага і прафсаюзнага актыву Калінін выступіў з прамовай аб унутраным і знешнім становішчы краіны.

З жніўня 1919 г. да ліпеня 1920 г. горад акупіраваны польскімі войскамі. На тэрыторыі крэпасці акупанты стварылі канцлагер, у якім загубілі тысячы захопленых у палон чырвонаармейцаў. Інтэрвенты расстралялі актыўных удзельнікаў падполля, у тым ліку Г.П. Адзярыху. Пасля вызвалення Бабруйска ад акупантаў шырока разгарнуліся работы па аднаўленні эканомікі, грамадскіх пабудоў, жылля, культурна-бытавых, навучальных і медыцынскіх устаноў. 15.04.1920 г. прынята рашэнне Бабруйскага аддзела аховы здароўя аб нацыяналізацыі аптэк. 30.08.1920 г. адбылася 1-я павятовая канферэнцыя прафсаюзаў. Да лістапада 1920 г. адкрыты 12 школ 1-й і 2-й ступеней, 6 школ граматы, 2 народных і 2 дзіцячыя дамы, 11 бібліятэк-чытальняў, цэнтральная бібліятэка, народны ўніверсітэт. Аднавілі работу 9 млыноў, 2 лесапільныя заводы, швейная, абутковая і металаапрацоўчая майстэрні, хлебапякарні, у 1922 г. запрацавалі маслабойня, 2 электрастанцыі. У 1920-я г. здадзены ў эксплуатацыю 12 прадпрыемстваў, з якіх найбольш буйнымі былі фабрыкі «Чырвоны харчавік», мэблевая імя С.М. Халтурына, лесапільныя заводы імя В.Вароўскага, імя М.В. Фрунзе, хімлесгас. У 1923 г. — 39816 жыхароў. Да пачатку 1927 г. выпуск прамысловай прадукцыі перавысіў дарэвалюцыйны ўзровень. Адкрыты сацыяльна-эканамічны тэхнікум, педтэхнікум. У 1921 г. пачало дзейнічаць павятовае аддзяленне дзяржаўнага выдавецтва БССР, выходзілі штомесячны часопіс павятовага аддзела народнай асветы і саюза работнікаў асветы «Просвещение и труд», у 1921-22 гг. — выданне работнікаў дашкольнага выхавання «Наш дневник», у 1924-25 гг. — «Бюлетэнь Бабруйскага павятовага аддзела народнай асветы», у 1926 г. — «Бюллетень Бобруйского окружного исполнительного комитета», у 1928-29 гг. — дадатак да газеты «Камуніст» пад назвай «За калектыў». Пры ўдзеле краязнаўца Ц.Я. Славіна ў 1924 г. створаны музей. Функцыяніравала гарадское праўленне таварыства па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці сярод насельніцтва, у горадзе выступала са спектаклямі і канцэртамі трупа Галубка (1926); працавалі метэаралагічная станцыя, цэнтральная рабочая амбулаторыя, дзіцячая кансультацыя, санітарная інспекцыя, туберкулёзны дыспансер, аптэка, бальніца, Дом дзіцяці.

З 17.07.1924 г. Бабруйск — цэнтр акругі і адначасова цэнтр 1-га і 2-га Бабруйскіх раёнаў, якія ў 1927 г. аб'ядналіся ў адзін Бабруйскі раён. У 1927 г. — 50,4 тысяч чалавек. У 1930-я г. ўзводзяцца дрэваапрацоўчы камбінат, машына-будаўнічы і гідролізны заводы, швейная фабрыка імя Ф.Э. Дзяржынскага, у 1932 г. створана МТС, дзейнічаў радыёвузел. У1940 г. ў Бабруйску больш за 100 прадпрыемстваў (каля 10 тысяч рабочых), дзе вырабляліся стандартныя дамы, цэгла, чарапіца, гідратурбіны, агрэгаты для цагельнай прамысловасці, скрэперы, шаравыя і стрыжнёвыя млыны, запчасткі для сельскагаспадарчых машын і іншая прадукцыя. Значныя поспехі былі дасягнуты ў развіцці культуры, паляпшэнні ўмоў працы і быту насельніцтва, якое ў 1939 г. складала 84,1 тысяч чалавек. На прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах, пры школах дзейнічалі пункты па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці сярод дарослых. У 1940 г. меліся 17 клубаў, 2 кінатэатры, краязнаўчы музей, 13 масавых бібліятэк, 30 агульнаадукацыйных школ, 38 дашкольных устаноў, 3 бальніцы, 19 іншых медыцынскіх устаноў. Выходзілі шматтыражныя газеты «За ўдарныя тэмпы» (лесакамбінат, 1931-40 гг.), «Чырвоны гутнік» (шклозавод «Кастрычнік», 1930 г.), «Стаханавец» (завод № 4 Галоўлесспірта), «За сацыялістычны лес і сплаў» (лесасплаў, 1934-40 гг.), «Пралетарская піла» (дрэваапрацоўчы камбінат, 1929-31 гг.), «Чырвоны друкар» (друкарня, 1934-35 гг.), «Чырвоны швейнік» (швейная фабрыка, 1931-32 гг.). У 1931 г. выдавалася газета «Рабочы кааператар» (№ 1 — 25.02.1931 г.) і газета бабруйскага райпрамсавета «Сацыялістычным шляхам». Філіял «Маладняка» выдаваў альманах «Уздым» (1926-28 гг.). Бабруйская газета «Камуніст», якая выходзіла з 1918 г., выдавала ў 1928-31 гг. літаратурныя дадаткі «Вясна» і «Ударнік». З лютага 1938 г. да пачатку 1941 г. працаваў калгасна-саўгасны тэатр.

З 15.01.1938 г. Бабруйск у складзе Магілёўскай вобласці, з 27.09.1938 г. горад абласнога падпарадкавання. Архітэктурна-планіровачнае яго развіццё ішло па гістарычна складзенай радыяльна-паўкальцавой схеме. Забудоўвалася тэрыторыя былых фарштатаў вакол крэпасці і ўздоўж асноўных магістраляў — вуліц Мінскай, Бахарава, Рагачоўскай. Грамадскі цэнтр сфарміраваўся на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і М.Горкага. Архітэктура таго часу, якая адлюстроўвала працэс асваення антычнай спадчыны, прадстаўлена кінатэатрам «Таварыш» па вуліцы Інтэрнацыянальнай, а таксама адміністрацыйны будынак па вуліцы Савецкай і першы ў рэспубліцы Дом культуры (1927-30 гг., архітэктар Г.Оль). У ліку найбольш значных будынкаў таго часу быў і Дом Чырвонай Арміі.

З 28.06.1941 г. да 29.06.1944 г. Бабруйск акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З першых дзён акупацыі гітлераўцы стварылі для згубы савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў 4 лагеры смерці з 4 філіяламі і 8 аддзяленнямі. У горадзе дзейнічала патрыятычнае падполле. Узначальвалі падпольныя групы І.В. Стомаў, П.Ф. Маслёнак, В.І. Бутараў, І.А. Хімічаў, Д.М. Лемяшонак, А.К. Калеснікаў, В.С. Калеснікаў, В.І. Лівенцаў, М.А. Баўкун, С.З. Крамнёў, М.Р. Баглай, Я.І. Савацееў, П.М. Сцяржанаў, П.С. Вашукевіч, К.М. Якаўлеў. Падпольшчыкі падтрымлівалі цесныя сувязі з партызанамі, праводзілі дыверсіі, друкавалі і распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, соль, дакументы акупацыйных улад (пашпарты, пропускі і інш.), звесткі аб размяшчэнні нямецка-фашысцкіх войскаў, складоў, абарончых збудаванняў ворага, руху яго сіл і грузаў па чыгунцы і шашэйных дарогах і інш. У 1942 г. яны вывезлі з фашысцкай друкарні шрыфт для выпуску падпольнай газеты «Бобруйский партизан» (рэдактар Крамнёў). За час акупацыі падпольшчыкі накіравалі ў партызанскія атрады каля 4 тысяч чалавек. У снежні 1941 г. — студзені 1942 г. арганізаваны 752-і партызанскі атрад, разгорнуты потым у 1-ю Бабруйскую партызанскую брыгаду, дзе базіраваўся падпольны райком КП(б)Б. У Бабруйску і яго ваколіцах гітлераўцы стварылі глыбока эшаланіраваную сістэму абароны. Бабруйскі ўмацаваны раён займала 9-я нямецкая армія, у якую ўваходзілі 12 пяхотная, 1 танкавая дывізіі і іншыя падраздзяленні (каля 130 тысяч гітлераўцаў). У ранку 24.06.1944 г. пасля моцнай артпадрыхтоўкі войскі 1-га Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К.К. Ракасоўскі) пачалі наступленне з мэтай разгрому гэтай групоўкі праціўніка, якая спадзявалася ў ноч на 28.06.1944 г. вырвацца з акружэння, але ў канцы дня 27 чэрвеня армада савецкай авіяцыі (526 самалётаў) нанесла ворагу сакрушальны ўдар. 29.06.1944 г. горад быў вызвалены. 20 часцей Савецкай Арміі ўдастоіліся наймення «Бабруйскіх». У баях вызначыліся старшы лейтэнант Дз.П. Грыгор'еў, старшына Г.Ф. Канцаў, падпалкоўнік Ф.М. Кустоў, палкоўнік М.П. Масонаў, якія ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. На франтах, у партызанскай і падпольнай барацьбе ўдзельнічалі тысячы бабруйчан. За баявыя заслугі ўраджэнцам Бабруйска С.А. Гарэліку, М.П. Мебшу, С.І. Сікорскаму, В.З. Харужай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля вызвалення горада ад акупантаў аднавілі работу тэлеграфная і тэлефонная сувязь, многія прадпрыемствы. 20.09.1944 г. стаў цэнтрам вобласці (да 08.01.1954 г.). Выдаваліся абласная газета «Савецкая Радзіма» (19440-54 гг.), раённая «Ленінскі шлях». У 1949-54 гг. дзейнічаў настаўніцкі інстытут. Паступова Бабруйск ператварыўся ў буйны індустрыяльны і культурны цэнтр краіны. Зараз тут працуе каля 40 буйных прамысловых прадпрыемстваў у тым ліку вытворчыя аб'яднанні «Бабруйскшына», «Беларусьгуматэхніка», «Бабруйскгідролізпром», дрэваапрацоўчае аб'яднанне, машынабудаўнічы, суднарамонтны і іншыя заводы. Значнае месца займаюць лёгкая (Бабруйскае вытворчае аб'яднанне мастацкіх вырабаў, швейная, валюшна-лямцавая, трыкатажная, абутковая фабрыкі і інш.), харчовая (камбінаты хлебапрадуктаў, мясаперапрацоўчы, заводы малочны, маслабойны імя Г.П. Адзярыхі, кансервавы, кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік») і іншыя галіны прамысловасці. Дзейнічаюць заводы буйнапанэльнага домабудавання, зборнага жалезабетону, камбінат будматэрыялаў, ЦЭЦ. Паводле перапісу 1959 г. 97 530 чалавек, у 1989 г. тут 223 тысяч чалавек. 18.08.1972 г. ў склад горада ўключаны вёскі Дзеднава, Кісялевічы, Яловікі. 27.10.1980 г.Бабруйск падзелены на 2 раёны — Ленінскі і Першамайскі.

Бабруйск
Вуліцы гораду

Станоўчыя пераўтварэнні адбыліся ў культуры. У 1940-60-я г. працавалі тэатры: абласны драматычны, калгасна-саўгасны перасоўны, абласны музычнай камедыі, з 1970 г. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Самадзейныя тэатры гарадскога Дома культуры і Дома афіцэраў, харавыя капэлы ВА «Беларусьгуматэхніка» і настаўнікаў, ансамблі танца «Юнацтва» гарадскога Дома культуры, танца і хор дрэваапрацоўчага аб'яднання, вакальны «Вяснянка» механіка-тэхнічнага тэхнікума, духавы аркестр гарадскога Палаца піянераў і школьнікаў, дзіцячы хор «Чырвоны гваздзік» сярэдняй школы № 20, носяць званне «народны». Дзейнічаюць аўтатранспартны і аграрна-эканамічны каледжы, лесатэхнічны і механіка-тэхналагічны тэхнікумы, медыцынскае вучылішча, 8 ПТВ, 27 агульнаадукацыйных, 3 музычных, мастацкая, 6 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, 3 дамы піянераў і школьнікаў, станцыі юных натуралістаў і юных тэхнікаў, 77 дашкольных устаноў. Ёсць 4 кінатэатры, 20 клубных устаноў, 12 бібліятэк, 3 стадыёны, краязнаўчы музей, 12 музеяў на грамадскіх пачатках, філіял дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці, 3 бальнічныя ўстановы, 4 дыспансеры, радзільны дом, 11 паліклінік, 50 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 2 санітарна-эпідэміялагічныя станцыі, станцыя пералівання крыві, 15 аптэк, гідраметэастанцыя, санаторый імя У.І. Леніна. Дом санітарнай асветы. Выдаецца газета «Бабруйскае жыццё» — орган гарадскога Савета, выходзіць шэраг іншых перыядычных выданняў. Працуюць rapадская і раённая рэдакцыі радыёвяшчання, рэтранслятар 2 тэлевізійных праграм. З 1967 г. радыёвузел перайшоў на трохпраграмнае радыёвяшчанне. Уласныя радыёвузлы мае шэраг прадпрыемстваў, на вытворчым аб’яднанні «Бабруйскферммаш» дзейнічае фабрычна-заводская рэдакцыя радыёвяшчання. У горадзе 63 помнікі, у тым ліку Герою Савецкага Саюза В.З. Харужай, генерал-маёру танкавых войск Б.С. Бахараву, воінам 1-га Беларускага фронту — вызваліцелям Бабруйска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, рэвалюцыянеру-народавольцу С.М. Халтурыну. Планіровачна цэнтр горада захаваў рэгулярную дробнаквартальную радыяльна-паўкальцавую сістэму вуліц (генеральны план 1936 г.) вакол крэпасці. Забудовы размешчаны па абодва бакі р.Бярэзіна. На захадзе і ўсходзе горад перасякае чыгунка. Асноўныя ўезды ў Бабруйск з'яўляюцца яго галоўнымі вуліцамі. У 1975 г. Мінскім філіялам Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута па горадабудаўніцтве ажыццёўлена чарговая карэкціроўка генплана. Чарговы генеральны план складзены ў 1978 г. (БелНДІП горадабудаўніцтва). Былыя прыгарады Крывы Крук, вёска і пасёлак Дзеднава, Новы Свет, Цітаўка, Лагерная Слабада, Бярэзінскі фарштат, Кісялевічы, Яловікі, Цагляная Слабада зліліся ў адзіны горадабудаўнічы кангламерат. Паводле новага генеральнага плана 2005 г. вядзецца комплексная забудова мікрараёнаў жылымі дамамі ў 5 і 9 паверхаў. У паўночнай частцы горада фарміруецца буйны жылы масіў, які ўключае студэнцкі гарадок, бальнічны комплекс, спартыўныя збудаванні. Прадугледжваецца засваенне былога ваеннага гарадка Кісялевічы, рэстаўрацыя Бабруйскай крэпасці, рэканструкцыя цэнтра горада. Сярод збудаванняў апошніх гадоў будынак аддзялення Нацыянальнага Банка па Магілёўскай вобласці, мост праз Бярэзіну і інш. Выразна вызначаюцца 4 раёны: цэнтральны, паўночны, паўночна-ўсходні і ўсходні. На скрыжаванні вуліц Савецкай і Горкага — плошча Леніна і адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. У межах горада на паўночным захадзе участак лесу. Ёсць рэгулярны парк куьтуры і адпачынку, дзіцячы парк па вуліцы Пушкіна, парк «Арэхава Града» (на левабярэжжы Бярэзіны), скверы. Бабруйск — радзіма поўнага кавалера ордэна Славы А.Ф. Сямёнава, беларускіх пісьменнікаў М.Герчыка, Б.Мікуліча, Ю.Рудзько, Г.Шведзіка, кампазітара У.У. Алоўнікава, спевакоў І.М. Балоціна і В.І. Глушакова, скрыпача Л.Д. Гарэліка, рэжысёра С.С. Казіміроўскага, мастакоў У.А. Дамарада, І.А. Давідовіча, Г.П. Івакіна, І.Х. Капеляна, А.А. Малішэўскага, У.К. Міхайлоўскага, А.К. Боглая, С.І. Нартавай, філосафаў С.Я. Вальфсона і Б.Э. Быхоўскага, спартсменаў, майстроў спорту СССР С.Я. Прыходзькі, В.І. Рэнейскага і Т.Р. Рэнэля і заслужанага майстра спорту Беларусі А.І. Рэнейскага. У розны час у горадзе жылі і працавалі беларускі савецкі пісьменнік Міхась Лынькоў, народныя артысты СССР Я.К. Цікоцкі і У.І. Уладамірскі, народны артыст БССР Ц.М. Вяргейчык, народны мастак БССР А.А. Бембель, акадэмік АН БССР А.Н. Сеўчанка, заслужаны дзеяч навукі БССР У.В. Марзон.

Бабруйск
Бабруйск
Сімвал гораду -- бабёр

За поспехі, дасягнутыя ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве, уклад у барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікую Айчынную вайну Бабруйск 09.07.1987 г. ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

За 1,5 км на ўсход ад горада знаходзіцца Бярэзінскае радовішча пяскоў (разведаныя запасы 15,6 млн. м³, распрацоўваецца Бабруйскім заводам жалезабетонных вырабаў). У 1929 г. на правым беразе ракі адкрыты мінеральныя воды, якія выкарыстоўваюцца ў Бабруйскім санаторыі імя У.І. Леніна.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [250]
Каталог файлаў [99]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [152]
Адукацыя [19]
Спорт [728]
Здарэнні [178]
Грамадства [272]
Эканоміка [11]
Транспарт [81]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [14]
Каляндар
«  Ліпень 2019  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.