Субота, 27.07.2024, 03:38

ПАЛЯЎНІЧЫ РЫШТУНАК

Галоўная »
ПАЛЯЎНІЧЫ РЫШТУНАК — сукупнасць прыстасаванняў і матэрыялаў (акрамя зброі), неабходных для палявання, у тым ліку ёмістасцяў для іх захоўвання і пераноскі.

Паляўнічы рыштунак. Шратоўні

Да XX ст. порах трымалі ў ражках — парахаўніцах з валовых, барановых, казіных рагоў з драўлянымі донцамі і пустацелым коркам, які адначасова служыў меркай для пораху на адзін набой. Адсутнасць грошай вымушала сялянаў ужываць самаробны пopax. Выраблялі яго з салетры і серы, набытых у аптэках ці ў вандроўных гандляроў, і вугалю, выпаленага з акораных алешынавых ці крушынавых цурак. У большых ражках порах трымалі дома, у меншых (на 10 — 20 набояў) бралі з сабой на паляванне. Мяшочкі для шроту — шратаўні — выраблялі са скуры, мачавых пухіроў ці барановых машонак. Знешне яны нагадвалі капшукі для тытуню ці магалейкі для крэсіва, губы і крэменю. Зашморгваліся мяккім, моцным сырамятным матузком. Часам верх гаратаўні сабіралі ў зборачкі і з дапамогай вару (са смалы-жывіцы і воску) і прасмаленых пяньковых нітак прымацоўвалі да драўлянай ці адпілаванай ад каровінага рога трубкі. Часам шратаўню рабілі са скуры, знятай з шыі жураўля.

Паляўнічы рыштунак. Сігнальныя рагі

Паляўнічы рыштунак. Паляўнічыя сумкі:
1 - барсучыныя; 2 - ласіная; 3 - юхтовая; 4 - камбінаваная

Такая перашытая пасярэдзіне дратвай шратаўня мела два рагавыя рыльцы для насыпання розных нумароў шроту. Скалкі (кавалкі крэменю) загортвалі ў палатняныя анучкі; пістоны захоўвалі ў берасцяных пушачках. Замест пыжоў (клака, пляйтух) паляўнічыя-сяляне ўжывалі пакулле ці высушаны мох, пазней — старыя газеты. Пры паляванні з шампалоўкамі — стрэльбамі, што зараджаліся цераз дула (скалкоўкі, пістонаўкі), паляўнічы карыстаўся драўляным, пазней драцяным з накруткай шомпалам. Для яго захоўвання ў ложы стрэльбы мелася гняздо. Усе прыпасы для стральбы і іншы паляўнічы рыштунак насілі ў торбах, што шылі з барсучыных ці ласіных скураў поўсцю наверх або з юхту. Вызначаліся барсучыныя торбы: народныя майстры ў якасці знешніх элементаў дэкору часта выкарыстоўвалі ўтыльныя часткі барсучынай скуры (хвост, лапы, галаву). Ласіныя торбы шылі з вузкіх палосак скуры, што здзіралі з галёнак упаляванага звера; рытмічнае чаргаванне швоў ажыўляла шэрую аднастайнасць ласінай поўсці. Часам паляўнічую торбу аблямоўвалі знізу валакном з конскага хваста і грывы або веправай шчаціны; яны мацавалі трокі-шнуркі або раменьчыкі з каванымі пярсцёнкамі для падвешвання здабычы. Паляўнічыя-сяляне звычайна абыходзіліся бяроставым кашалём (вярэнька) або проста палатнянай торбай. Са з'яўленнем стрэльбаў з патронамі пашырыліся ладункі (ладоўніцы) — падсумкі для патронаў і патранташы з гнёздамі для патронаў. Пры паляванні на пэўных звяроў паляўнічы браў з сабою адпаведныя вабікі. Пры паляванні з сабакамі і пры аблавах абавязковай прыналежнасцю паляўнічага былі паляўнічая труба, рог і дула зброі. У залежнасці ад моцы і тэмбру гуку, a таксама ад месца палявання паляўнічыя трубы падзяляліся на бароўкі (з імі палявалі ў барах), нятроўкі (палявалі ў нетрах, дзе хутка глухне гук) і хартоўкі. Адпаведныя мелодыі на трубе выконвалі пры раскладцы дзічыны ў час урачыстага заканчэння палявання.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №31 (672) жнівень 2017 год;
«Краязнаўчая газета» №32 (673) жнівень 2017 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 37
Гасцей: 37
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.