Панядзелак, 06.05.2024, 13:01

ВЯСЕЛЬНЫЯ МУЗЫКІ

Галоўная »
ВЯСЕЛЬНЫЯ МУЗЫКІ — музыканты, якія ігралі на вяселлі ад заручын і да яго канца. Раней вяселле абслугоўваў адзін вясельны музыка, на поўначы Беларусі ён іграў на дудзе (яго называлі дудар), на поўдні — на скрыпцы (музыка). З аслабленнем абрадавай часткі вяселля ў суправаджэнні дуды ці скрыпкі адбываліся толькі рытуальныя моманты, а ўсе гульнёвыя — у суправаджэнні іншых інструментаў. Пазней, калі на поўначы на вяселлі пачалі іграць на скрыпцы, цымбалах, жалейцы, кларнеце, бубне, барабане, а затым і на гармоніку — усё роўна выканаўцаў называлі дударамі. Аднак, калі ігралі на дудзе і скрыпцы, казалі: «Іграе дудар і музыка». Толькі ў самы апошні час, калі дуда стала рэліктавай рэаліяй вяселля, дудар у складзе музычнага аркестра стаў называцца вясельным музыкаю.

На вяселлі дудар займаў пачэснае месца. Перад ад'ездам маладой да шлюбу дудар, іграючы на рагаўні, узначальваў урачыстае шэсце, якое тры разы абыходзіла вакол стала баярак, за імі ішла, галосячы, княгіня (маладая). На сірочым вяселлі дудар замяняў нават бацькоў і, згодна з рытуалам, спецыяльнай суцяшальнай песняй у форме дыялога адпраўляў маладых на шлюбную пасцель.

З цягам часу вядучую ролю на вяселлі стаў адыгрываць скрыпач. Вясельным музыкаю мог быць толькі сваяк маладога, нават у тым выпадку, калі ён не ўмеў іграць. Таму нярэдка са скрыпкай, часта пазычанай, прыязджаў «музыка» толькі па назве. Калі пачыналіся танцы, ён няўмела цягнуў некалькі разоў смыкам па струнах, а потым аддаваў інструмент сапраўднаму музыку. У народзе лічылася, што вясельныя музыкі валодаюць звышнатуральнай сілай, таму яны і іх інструменты ўдзельнічалі ў розных абрадавых дзеяннях. Так, смычком вясельнага музыкі бацька маладой здымаў з яе пакрывала і закідваў на печ; перад тым, як пачаць іграць вяселле, вясельным музыкам вырэзвалі з сярэдзіны каравая кружок, у выразаную ямку клалі соль і, уліўшы туды некалькі кропель піва, закліналі: «Як падразаем гэты хлеб, каб так падразала хвароба ўсіх, хто нам зычыць зла, хто можа пашкодзіць урокамі і закляццямі». У выпадку неабходнасці адзін з вясельных музыкаў замяняў жаніха ў першую шлюбную ноч. Галоўнымі атрыбутамі вясельнага музыкі былі адзін або два ручнікі, перавязаныя адпаведна праз правае плячо ці накрыж. Музычныя інструменты павязвалі каляровымі паясамі, зробленымі нявестай; калі маладая была цнатлівай, пояс на скрыпцы завязвалі бантам.

Спецыяльна для вясельнага музыкі ў знак удзячнасці за ігру пяклі з каравайнага цеста булку ў форме скрыпкі (казалі: «пякуць музыку»), а ў час падзелу каравая музыкам аддавалі звычайна спод або рэшткі непадзеленага каравая разам з ручніком. Века ад дзяжы, на якім ляжаў каравай, музыкі качалі да парога, калі яно дакочвалася да печы, лічылася, што маладая будзе добрай гаспадыняй.

На паўднёвым захадзе Беларусі музыкі, узлезшы на палаці або стол, забаўлялі прысутных жартоўнымі небыліцамі. На заручынах музыкі ігралі т.зв. заручынскую, або запоінскую, мелодыю. Мелодыю «вяселле» пачыналі іграць толькі пасля абраду благаславення для кожнага з маладых паасобку ў іх доме перад пасадам. Калі ішлі да клеці падымаць маладых пасля шлюбнай ночы, вясельныя музыкі выконвалі мелодыю «на добры дзень», а пры сустрэчы маладых — «вітанне». У найбольш урачыстыя моманты вяселля вясельныя музыкі выконвалі маршы. Пры сустрэчы вясельнага музыкі маладога з вясельным музыкаю маладой яны віталіся, кланяліся адзін аднаму, абменьваліся пірагамі, выконвалі разам агульную мелодыю «вяселле», а затым спаборнічалі паміж сабой: кожная група музыкаў імкнулася як мага лепш паказаць сваё музычнае майстэрства ў выкананні вясельных мелодый.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1395]
Здарэнні [466]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.