Пятніца, 29.03.2024, 08:04

Галоўная » 2018 » Снежань » 29 » Артур Бартэльс і яго «Дзяніскавічы»
19:17
Артур Бартэльс і яго «Дзяніскавічы»
Імя таленавітага беларуса вернута з нябыту дзякуючы ягоным землякам, у чацвер 6 снежня ў Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася прэзетацыя кнігі «Артур Бртэльc. Дзяніскавічы».

Анатоль Трафімчык і Віктар Гардзей прэзентуюць кнігу «Артур Бртэльc. Дзяніскавічы»

Артур Бартэльс у Варшаве напрыканцы Другой сусветнай вайны быў вядомы многім як складальнік нефармальнага гімна «A tu jest Warszawa». Сёння імя паэта шануецца і ў Беларусі — бо ён жа наш зямляк, супляменнік! Беларускія літаратуразнаўцы ў снежні прэзентавалі каштоўную кнігу, што служыць своеасаблівым мастком і дае магчымасць былому варшавяніну ў вершах на роднай мове вярнуцца на Бацькаўшчыну: то пераствораная Віктарам Гардзеем паэма Артура Бартэльса «Дзяніскавічы». Такім чынам адзначылі й 200-я ўгодкі земляка.

Дзе ж менавіта нарадзіўся 30 жніўня 1818 года беларуска-польскі паэт-песеннік, сатырык, карыкатурыст, ілюстратар і камедыёграф? Тое пакуль дакладна невядома. Некаторыя даследчыкі прытрымліваюцца думкі, што яго радзімай варта лічыць Вільню (цяпер Вільнюс). Аднак літаратары, якія сабраліся на прэзентацыю ягонай кнігі ў гасцёўні Музея Якуба Коласа ў Мінску, сцвярджаюць: месца нараджэння Артура Бартэльса — вядомая ў той час беларуская вёска Дзяніскавічы (цяпер http://www.gants-region.info/index/0-72 Брэсцкай вобласці). А ў доказ прыводзяць радкі самога паэта — яны вось так гучаць у перакладзе з польскай: «Вітаю, палеская вёска,/ Дзе зоры мне ззялі ярчэй./ Сплыла тут і першая слёзка/ З дзіцячых нявінных вачэй». Гэта якраз у лірычнай паэме «Дзяніскавічы» ёсць такая падказка даследчыкам. Твор стаў вядомы нам, сённяшнім беларусам, дзякуючы кандыдату філалагічных навук Анатолю Трафімчыку — ён знайшоў яго ў архівах Польшчы. Пераклаў паэму на цудоўную, сакавітую беларускую мову вядомы паэт Віктар Гардзей. (Дарэчы, і Анатоль Трафімчык, і Віктар Гардзей — самі родам з Ганцавіцкага раёна. У вёсцы Малыя Круговічы да 50-годдзя пісьменніка (1996) іменем Віктара Гардзея названа вуліца, на якой ён нарадзіўся і жыў. А на месцы хаты, дзе жыла сялянская сям’я Гардзеяў, у 2017 годзе ўсталяваны памятны знак — рэд.). Выдаць кнігу рупліўцам-землякам, цяперашнім мінчукам, дапамог старшыня Мінскага згуртавання нашчадкаў шляхты Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі.

Паэма «Дзяніскавічы», па ўсёй бачнасці, пісалася пад час апошняга прыезду аўтара ў родны кут: у 1862 годзе. Друкавалася ў 1878 годзе ў паляўнічым часопісе «Lowіec». Яна фактычна й стала своеасаблівай паляўнічай эпапеяй. У паэме апісваюцца як асаблівасці палявання ў беларускім лесе на працягу ўсяго года, так і непаўторная беларуская прырода. Шмат можна даведацца й пра жыццё, звычаі паляўнічых. Нягледзячы на тое, што твор напісаны быў на польскай мове, у ім сустракаецца вельмі шмат беларусізмаў і рэгіянізмаў — што яшчэ раз пацвярджае версію пра беларускія карані Артура Бартэльса.


У тыя часы вёска Дзяніскавічы й лес вакол яе ўваходзілі ў Клецкую ардынацыю князёў Радзівілаў. Таму ёсць здагадка, што Артур Бартэльс мог быць пазашлюбным сынам князя Радзівіла, нарадзіўся ж у сям’і памешчыка, які тымі землямі кіраваў. Іншыя крыніцы нам сведчаць: адукацыю ён атрымаў у Санкт-Пецярбурзе й Парыжы. Стаў вядомы, калі пераехаў у Варшаву. Быў сярод удзельнікаў паўстання 1863 года. Каля 1875 года падаўся ў горад Кракаў, які на той час уваходзіў у склад Аўстрыйскай імперыі, дзе спрабаваў сябе ў журналістыцы.

Да нас дайшлі шматлікія творы Артура Бартэльса: чатыры паэмы, у тым ліку паэма «Tydzіen poleskі», сорак вершаў зборніка «Pіosenkі і satyry», сем п’ес, пяць нарысаў пра паляванне на Літве (так, як вядома, называлася гістарычная частка тэрыторыі сучаснай Беларусі). Таксама творчая спадчына Бартэльса — і ноты з песнямі. Цікава, што Артур Бартэльс стварыў тры графічныя раманы, друкаванне якіх у еўрапейскай літаратуры стала модным значна пазней. Аснова тых графічных раманаў — малюнак, выкананы ў карыкатурнай манеры, а тэкст іграе толькі дапаможную ролю. Заўважым: аўтар цудоўна маляваў.

У кнізе, якая нядаўна выйшла ў Мінску, побач з паэмай «Дзяніскавічы» перадрукаваны й альбом Артура Бартэльса — з арыгінальнымі малюнкамі ў колеры «Літоўскія тыпы». У сваіх карыкатурах ён звычайна высмейваў заганныя звычкі дваранства й дробнай местачковай шляхты, да якой і сам належаў. Гумар і сатыра — гэта тое, што добра ўдавалася Артуру Бартэльсу.

Памёр ён 23 снежня 1885 года ў Кракаве. Там і знаходзіцца яго магіла: на Ракавецкіх могілках, побач з ягонай жонкай з роду Ваньковічаў. Даследчыкі творчасці Артура Бартэльса ў Беларусі не прамінулі магчымасці, каб наведацца туды, пакланіцца вядомаму суайчынніку.

Ганна ЛАГУН – газета «Звязда»
Катэгорыя: Грамадства | Праглядаў: 809 | Дабавіў: vitalis | Тэгі: Дзяніскавічы, Віктар Гардзей, Анатоль Трафімчык, Артур Бартэльс, Ганцавіцкі раён, Літаратурная Ганцаўшчына
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Снежань 2018  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.