Серада, 24.04.2024, 16:58

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна

Пасляваеннае станаўленне і развіццё
 Да 85-годдзя са дня заснавання
 пажарнай службы на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. А ўжо 30 чэрвеня гітлераўскія войскі занялі раённы цэнтр Ганцавічы. На акупаванай тэрыторыі пачаліся масавыя растрэлы савецкіх актывістаў, мірных жыхароў і яўрэйскага насельніцтва. Карныя аперацыі сталі сродкам знішчэння насельніцтва раёна. Людзей забівалі, растрэльвалі, вешалі, спальвалі разам з вёскамі. У вёсцы Задуб’е Малькавіцкага сельсавета спалілі 125 двароў і 49 чалавек; у вёсцы Хатынічы Хатыніцкага сельсавета -- 130 двароў і ў іх 73 чалавекі. Такі ж самы лёс спасцігла вёскі Чудзін і Макава. Вёска Задуб’е ўшанавана ў мемарыяльным комплексе Хатынь.

Падчас вайны пажарная частка не працавала. Гаўрыла Дзмітрыевіч Ленкавец, пажарны раённага аддзела міліцыі, быў арыштаваны фашыстамі толькі за тое, што быў пажарным. Яго разам з іншымі савецкімі актывістамі адканваіравалі ў бок вёскі Галынка Клецкага раёна, у Машукоўскі лес. Там іх доўга катавалі, затым прывязалі да дрэў, абклалі галлём і падпалілі.

У ліпені 1944 года гарадскі пасёлак Ганцавічы выгарэў другасна. 8 ліпеня 1944 года ваяры 138-га гвардзейскага стралковага палка пад камандаваннем П.П. Варапаева вызвалілі Ганцавічы ад нямецка-фашысцкіх войскаў. Калі немцы адступалі, то падпалілі склад з бензінам, які знаходзіўся поруч з чыгуначным пераездам, і атэлье яўрэя Шмерка. Пажар не тушылі -- людзі баяліся, што іх расстраляюць немцы. Агонь хутка распаўсюдзіўся на жылыя хаты цэнтральнай часткі гарадскога пасёлка. У выніку гэтага пажару выгарэў увесь цэнтр Ганцавіч.

У мэтах найхутчэйшай арганізацыі і ўзнаўлення дзейнасці Гарадской Пажарнай Каманды (ГПК) загадам Ганцавіцкага раённага выканаўчага камітэта было вырашана абавязаць начальніка пажарнай каманды таварыша Нікуліна ў месячны тэрмін укамплектаваць ГПК паводле штатаў і ўвесь інвентар прывесці ў баявую гатоўнасць, усталяваць кругласутачнае дзяжурства ў пажарным дэпо. На падставе гэтага, з 1 верасня 1944 года, была адноўлена дзейнасць пажарнай аховы МУС у гарадскім пасёлку Ганцавічы.

Адбор кандыдатаў у пажарную ахову быў дбайным. Перад тым, як прыняць на працу, правяралі ўсю сям’ю: не ці было судзімых і сваякоў за мяжой. У камандзе была найстрогая дысцыпліна. На тэрыторыю не мелі права заходзіць староннія. У гарадской пажарнай камандзе на ўвесь раён мелася чатыры возы з бочкамі, на якіх былі ўсталяваныя ручныя пажарныя помпы. Дзейсных добраахвотных, альбо іншых, падраздзяленняў пажарнай аховы ў сельскай мясцовасці на той час не існавала.

У склад гарадской пажарнай каманды ўваходзіла тры каравулы па 10 байцоў і тэлефаністцы ў кожным. Адной з тэлефаністак у перыяд з 1944 па 1948 гады была Пятручэня Ганна Іванаўна.
Мал.1. Тэлефаністка ГПК Петручэня А.І. (зправа).

У вольны ад нясення службы час асабісты склад каравула займаўся гаспадарчымі справамі: нарыхтоўваў сена для коней і дровы на зіму. Адзін раз у год праходзілі спаборніцтвы па пажарна-прыкладному спорту. На гэтыя спаборніцтвы прыязджаў прадстаўнік з горада Пінска, на той час абласнога цэнтра. Начальнікам Гарадской Пажарнай каманды МУС да 1949 года быў Бірук Рыгор. Будынак пажарнай каманды знаходзіўся на плошчы, дзе цяпер размешчана гасцініца. За будынкам была наглядальная вышка -- каланча, на якой пастаянна знаходзіўся дзяжурны і глядзеў, ці няма ў акрузе пажару. Паколькі тэлефоннай і радыёсувязі з выяхаўшымі падраздзяленнямі не існавала, то наглядальная вышка служыла і крыніцай для атрымання інфармацыі і аб ліквідацыі пажараў. Калі выязджала каманда на пажар, то з каланчы глядзелі, затушылі агонь ці не. Каб выявіць пажары, асабісты склад каманды дзяжурыў на вышцы стала, а ў начны час дзяжурны хадзіў па вуліцах гарадскога пасёлка дазорам. Дазорцам выдаваліся вінтоўкі. Дарэчы, зброя ў пажарнай ахове захавалася аж да 1980-х гадоў. Так, адзін з загадаў от 11.02.1972 г., усталёўваў замацаванне начальнікаў каравулаў і камандзіраў аддзяленняў, адказнымі за баявую малакаліберную зброю. Акрамя таго, за асабістым складам замацоўваліся жылыя хаты, якія яны былі абавязаны перыядычна абыходзіць і выяўляць парушэнні. Выяўленыя вінаватыя пажару караліся штрафам. Са слоў былых супрацоўнікаў ГПК штраф мог дасягаць у памеры 100 рублёў.

 
Мал.2. Назіральная вышка (каланча) ГПК. 1945 год.

Прыкладна ў 1948 годзе Ганцавіцкая пажарная каманда была абсталявана першым пажарным аўтамабілем ЗіС-5. Калі менавіта гэта адбылося, дакладных звестак не маецца. Дзесьці разам са з’яўленнем першага пажарнага аўтамабіля змяніўся і штат пажарнай каманды. Дарэчы, асабісты склад гарадской пажарнай каманды ў перыяд з верасня 1944 па жнівень 1949 гада змяняўся неаднаразова. Калі раней гаварылася аб прыкладна 35 супрацоўнікаў ГПК (тры каравулы па 10 байцоў і тэлефаністцы ў кожным, начальнік ГПК, інструктар па прафілактыцы), то на фотаздымках 1948 года на адном з іх мы бачым каля пажарнага аўтамабіля каравул з трох пажарных, шафёра, тэлефаністкі і начальніка каманды, а на іншым -- 18 супрацоўнікаў. Архіўныя ж дакументы за верасень 1949 года распавядаюць аб тым, што ўся гарадская пажарная каманда на той час складалася з 13 чалавек: начальнік ГПК, памагаты начальніка ГПК, інструктар па прафілактыцы, тры начальнікі каравулаў, тры байцы, тры шафёры і адзін шафёр падменны.

 
Мал.3. Пажарны аўтамабіль і баявы разлік ГПК. 1948 год.

 
Мал.4. Пажарны аўтамабіль і асабісты склад ГПК. 1948 год.

Такі склад каманды захоўваўся досыць доўга. Памяншэнне колькасці супрацоўнікаў пажарнай каманды, хутчэй за ўсё, звязана з тым, што зменьшаны склад замяніла тэхніка. Ці выкарыстоўваліся раўналежна конныя хады і пажарная техніка ў канцы 1940-х і ў пачатку 1950-х, сапраўды невядома. Хутчэй за ўсё -- не. Аднак выкарыстанне коней у пажарнай службе працягвалася яшчэ досыць доўга. Так у 1962 годзе быў атрыманы новы воз, праўда асноўнае яго прызначэнне -- выкарыстанне для службовых мэт кіраўніцтва і інспектараў дзяржаўнага пажарнага нагляду.

У сувязі з памяншэннем колькасці каравулаў, паменшылася і колькасць нарадаў, якія неслі пажарныя. Пажарныя перасталі несці дзяжурства на вуліцах горада, і дзяжурыць на вышцы. Ды і самой наглядальнай вышкі, да пачатку 1951 года, не стала. Асноўнам нарадам на службу стаў нарад каля тэлефона, які па чарзе неслі ўсе члены каравула. Аднак, са студзеня 1951 года, з’явіўся нарад на фасадзе пажарнага дэпо, які неслі ў начны час з 22.00 да 7.00.

За ўвесь перыяд існавання пажарнай службы ішло яе сталае тэхнічнае ўдасканаленне. На ўзбраенні ў пажарных была вялікая колькасць розных тэхнічных сродкаў, і першую чаргу аўтамабіляў. Нажаль, вывучаныя архіўныя дакументы і нават расповяды непасрэдных удзельнікаў падзей тых гадоў, не дазволілі скласці суцэльную храналагічную карціну камплектавання пажарнымі аўтамабілямі Ганцавіцкай раённай пажарнай службы, асабліва ў перыяд з 1945 па 1980 гады. Тым не менш, можна з вялікай упэўненасцю канстатаваць, што за дадзены прамежак часу ў распараджэнні Ганцавіцкіх пажарных пабывалі вельмі разнастайныя мадэлі пажарных аўтацыстэрнаў.

1 студзеня 1959 года Гарадская Пажарная Каманда была перайменавана ў Гарадскую Пажарную Ахову МУС.

З 1960 года Ганцавіцкая Гарадская Пажарная Ахова была пераведзена на чатырохзменнае дзяжурства, у выніку чаго штаты каманды павялічыліся да 15 чалавек. Змены ў штатным раскладзе каманды адбываліся яшчэ неаднаразова.

Унутранае жыццё Гарадской Пажарнай Каманды не магло быць незалежным ад палітычнага становішча таго часу. У сувязі з вераснёвым пленумам ЦК КПСС 1953 года, Ганцавіцкі раённы камітэт прапанаваў начальніку Ганцавіцкага ГПК Кляўцову П.А. накіраваць лепшых працаўнікоў каманды Мелехаўца Ф.М. і Курыліка Ў.А. на пастаянную працу ў калгас, у ліку іншых "дваццацітысячнікаў”.

Падчас дзяжурстваў пажарныя ўдасканальвалі сваё баявое майстэрства. Заняткі ў каравуле праводзіліся штодня, паводле раскладу. Штоквартальна прымаліся залікі па баявой і палітычнай падрыхтоўцы. Штогод у камандзе праводзіліся спаборніцтвы сярод асабістага складу:
- па пераадоленні 100-мятровай паласы з перашкодамі;
- паміж каравуламі па баявым разгортванні ад аўтацыстэрны;
- сярод шафёрскага складу па хуткасным манеўраванні.

Па выніках спаборніцтваў вызначаліся: "Лепшы каравул”, "Лепшы начальнік каравула”, "Лепшы шафёр”. Пераможцы адстойвалі гонар раёна на абласных спаборніцтвах. Звычайна такія спаборніцтвы праходзілі ў горадзе Баранавічы. Пажарны Ганцавіцкай Гарадской Пажарнай Аховы Чыркун Іван Канстанцінавіч і шафёр Высоцкі Аляксандр Фёдаравіч, у 1964 годзе за поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы ўзнагароджаны нагруднымі знакамі "Выдатнік Пажарнай Аховы БССР”.

Начальнік каравула ППЧ г.Ганцавічы Курылік Мікалай Антонавіч дамогся звання "Лепшы начальнік каравула” Брэсцкай вобласці за 1976 год.

Вывучаючы архіўныя дакументы аб дзейнасці Ганцавіцкай пажарнай службы ў перыяд з 1949 па 1985 гады відаць, што не ўсё ў працы пажарных складалася добра. І кадравые недахопы, і грубыя парушэнні дысцыпліны. І не дзіўна. Гэта сёння аварыйна-выратавальная служба раёна складаецца з 69 чалавек, мае 15 пажарных машын, пасты, размешчаныя ў сельскай мясцовасці, радыёсувязь, апараты абароны органаў дыхання, у кожнага жыхара калі не ў хаце, то ў кішэні маецца тэлефон. Пры ўсім гэтым ёсць праблемы, у тым ліку і пры тушэнні пажараў. А тады? Адзін аўтамабіль і тры чалавекі ў складзе каравула на ўвесь раён. Запас вады ў аўтамабілі невялікі, хуткасць таксама невысокая, дарогі дрэнныя. Тэлефоны былі не ў кожнай вёсцы. Можна сабе уявіць вынік тушэння пажару ў аддаленай вёсцы. Насельніцтва не заўсёды па вартасці ацэньвала вынікі тушэння. Ад гэтага ў працаўнікоў пажарнай службы часам апускаліся рукі. Падводзілі нервы. Да і агульная пісьменнасць супрацоўнікаў пажарнай службы, як мусіць і большасці насельніцтва таго часу, негледзячы на кадравы адбор,была невысокай.

Аднак тыя людзі, якія сур'ёзна звязвалі сваё жыццё з пажарнай службай, заставаліся ў ёй надоўга, рабілі сваю працу так, як таго патрабавала іх сумленне і час, нягледзячы на нягоды і пазбаўленні. Калі ўважліва вывучыць кадравы склад супрацоўнікаў пажарнай службы ў перыяд з 1949 па 1989 год, а гэта досыць вялікі прамежак часу, то відаць, што большасць супрацоўнікаў прапрацавалі ў службе ўсё сваё жыццё, аж да выхаду на пенсію альбо смерці. Утварылася нават цэлая сямейная дынастыя – дынастыя Мелехаўцоў. Сапраўды, дынастыя Мелехаўцоў моцна звязана з пажарнай службай раёна. Першым з Мелехаўцоў, хто прыйшоў на працу ў Гарадскую Пажарную Каманду быў Фёдар Мартынавіч. На працоўным месцы яго часта наведвалі сыны – Іван і Аляксандр. З дзяцінства знаёмыя з пажарнай службай, яны таксама сталі пажарнымі. Мелехавец Іван Фёдаравіч аддаў пажарнай службе 39 гадоў, а Аляксандр Фёдаравіч – 42 гады. Траюрадны брат Аляксандра і Івана – Мелехавец Іван Міронавіч, прапрацаваў 28 гадоў. Родныя браты – Мелехавец Франц Іванавіч і Сяргей Іванавіч аддалі пажарнай службе 36 і 30 гадоў адпаведна. У цяперашні час, вось ужо больш як 15 гадоў, працуе шафёрам Ганцавіцкага РАНС сын Аляксандра Фёдаравіча – Аляксандр Аляксандравіч. І вось ужо на працягу больш як шасцідзесяці гадоў, з 1944 года і па сённяшні дзень, у пажарнай службе працавалі і працуюць прадстаўнікі трох пакаленняў дынастыі Мелехаўцоў.

 
Мал.5.1.  На здымку, пасярэдзіне, начальнік ГПК Рублеўскі Андрэй Адамавіч,
зправа -- Мелехавец Фёдар Марцінавіч, начальнік каравула. 1949 год.
 
Мал.5.2. Супрацоўнікі ГПК: Краўчук А.М., Курылік М.А., Мелехавец І.М.,
Мелехавец І.Ф., Мелехавец А.Ф. 1962 год.

Мал.5.3. Ветэран пажарнай службы Мелехавец Аляксандр Фёдаравіч
і яго сын -- Мелехавец Аляксандр Аляксандравіч. 2007 год.

У 1971 годзе па вуліцы Пралетарскай дом 30 (цяпер вуліца Праскурава) быў пабудаваны новы будынак прафесійнай пажарнай часці і пажарная каманда горада Ганцавічы пераехала ў новы будынак, дзе і размяшчаецца па сённяшні час, а стары будынак, у цэнтры горада, у 1974 годзе быў знесены. На гэтым была закончана адна і распачата новая глава ў гісторыі пажарнай службы Ганцавіцкага раёна.
Катэгорыя: Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна | Дабавіў: admin (20.11.2008) | Аўтар: Валерый ГАРДЗЕЙ, Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 2576 | Тэгі: Ганцевичский РОЧС, Валерый Гардзей, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.