Пятніца, 19.04.2024, 03:30

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

З півам па жыцці
Піва — адно з самых старых вынаходніцтваў чалавецтва, равеснік самой цывілізацыі. Хто і калі зварыў першае піва сказаць немагчыма. Кітайцы з даўніх часоў варылі яго з рысу, амерыканскія індзейцы – з кукурузы, кельты і славяне – з ячменю, а плямёны заходняй і цэнтральнай Афрыкі – з сорга. І ўсёж першымі, хто пачаў варыць піва лічацца шумеры – старажытны народ паўднёва-заходняй Азіі: на думку археолагаў, яны варылі напітак падобны піву, яшчэ за 4000 год да пачатку нашай эры.

Старажытныя півавары паступалі даволі проста: свежаспечаны хлеб крышылі ў ваду і ставілі ў цёплае месца. Цераз два-тры дні гэтую сумесь працэжвалі і напітак быў гатовы. Шумеры пускалі на яго прыгатаванне да паловы сваіх хлебных запасаў. Пілі гэты напітак цераз трубачку, як кактэйль, адфільтраваўшы асадак.
У Вавілоне піва варылі жанчыны дома і прадавалі яго ў разліў. Дзейнасць такіх "піўных” імкнуйся рэгуляваць цар Хамурапі – ён першы ўвёў нормы вытворчасці і спажывання піва, увекавечыў іх у вядомай кнізе "Калона законаў”. Вавілонскі закон быў суровы: піваварак, прадаваўшых прадукт нізкай якасці, маглі ўтапіць у іх жа варыве.

З Вавілона піва папала ў Егіпет, дзе таксама стала напіткам нумар адзін. Старажытнаегіпецкі іерогліф, які абазначае трапезу, у літаральным сэнсе гучыць як "хлеб і піва”. Што датычыцца грэкаў і рымлянаў, то яны к піву адносіліся дрэнна. Грэкі, праўда, ужывалі піва, але толькі як танізіруючую мікстуру – з дабаўкамі руты і мандрагоры, Гіпакрат нават прысвяціў гэтаму цэлую кнігу. Рымскі консул і навуковец Пліній Малодшы пісаў аб 195 гатунках піва, вядомых у Еўропе. Рымляне называлі піва "германскім віном”.

Першае ўпамінанне пра піва ў славян адносіцца к 448 г., калі на сярэднім Дунаі півам частавалі грэчаскіх купцоў. Славяне былі пасрэднікамі, перадаўшымі практыку выкарыстоўвання хмелю іншым еўрапейскім народам. У дзевятым стагоддзі піваварэнне было шырока распаўсюджана ў Кіеўскай Русі, Наўгародскіх землях, у Полацкім, і Тураўскім княствах.

Наколькі вядома, у старажытных славян піва было лёгкім, светлым, зеленавата-светлым (бо найчасцей абыходзіліся толькі першаснай ферментацыяй). У паслялюблінскай Рэчы Паспалітай масавае ці «ардынарыйнае» піва пераважна было светлым і слабым (2—3 % алкаголю), хаця варылася і больш моцнае, «дубельтовае» піва (да 6, а часам і да 10 % алкаголю). Слова «дубельтовае» запазычанае ў ХVІІ ст. з галандскай мовы — і сёння ў Галандыі ды Фландрыі тэрмінам dubbel вызначаюць пэўныя гатункі цёмнага піва мацункам каля 6 %. У даўніну мацунак піва ў Нідэрландах пазначаўся колькасцю рысак на бочках, так што dubbel можна было пазнаць па двух, а больш моцны tripel (8—10 %) — па трох рысках на бочцы.

Піва, якое варылі ў панскіх фальварках, звычайна не вызначалася высокай якасцю. Трынога, гаршчок з вузкім горлам і дугападобнымі ручкамі, дзяжа ці кадка — вось і ўсё начынне, якога патрабавала хатняе піваварства. Да і сам стан памяшканняў, дзе выраблялася піва, быў вельмі дрэнным. Прыгонныя півавары («піваварцы дворныя») не вызначаліся высокім майстэрствам, да таго ж былі схільныя да крадзяжу, таму многія кнігі па рацыянальным вядзенні гаспадаркі і інвентары маёнткаў утрымлівалі інструкцыі, як іх надзейней кантраляваць. Аб гэтым сведчаць дакументы, якія захаваліся з мінулых дзён. Так у "Інвентары маёнтка Будча за 7 студзеня 1643 г.” ёсць такі запіс: "...Дом другі і з святліцай адной і каморай... 3 тылу пабудаваны бровар на адзін карэц. Хацінка вельмі гнілая і нічым не накрытая. 3 другога боку саладоўня...” З цягам часу становішча на бровары ў маёнтку Будча не вельмі палепшылася, пра што можа сведчыць яшчэ адзін "Інвентар маёнтка Будча за 3 снежня 1645 г.” "...Бровар дранкаю накрыты: з аднаго канца ў ім ізба старая для вырабу соладу... Саладоўня для сушэння соладу... У тым двары рэчаў па розных схованках:.. чоп піўны, а для прыгатавання піва кадзі дзве, карытаў піўных – два,.. бочак піўных тры.” З гэтага можна зрабіць вывад, што піваварэнне не абыйшло і тэрыторыю сучаснага Ганцавіцкага раёна. А бровар у маёнтку Будча можна лічыць першым на тэрыторыі Ганцаўшчыны.


Мал. 1 У Рэчы Паспалітай XVI ст. пілі наўпрост
і з такіх бочак -- прататыпаў сучасных кегаў.
Мабыць і тагачасныя жыхары Ганцаўшчыны
не грэбавалі піць з такой пасуды.


Будчанскі бровар не быў адзіным на той час. Паводле вывучэння архіўных дакументаў удалося высветліць, што бровар прысутнічаў і маёнтку Вялікія Круговічы, аб гэтым сведчыць актацыя праведзеная ў ім у 1653 годзе: "...другая ізба насупраць бровара для вытворчасці піва і сушкі соладу... У вінніцы два медныя катлы, адзін піўны... Дворнае начыненне... чоп адзін, кваснік адзін, карыта адно ў бровары,.. бочак піўных тры...” Піва на гэтым бровары ў тыя часы варыў сямейны падрад Казлоў, аб чым сведчыць перапіс вёскі Вялікія Круговічы: "Казёл – півавар, паўвалокі, вол адзін; Казёл – півавар, чвэрцьвалокі...”
Не абыйшлося без бровара і ў вёсцы Ганцавічы. Але і там з цягам часу ўсё прыйшло ў нягоднасць: "Уся забудова, а менавіта... і бровар спарахнелыя і ні на што не прыдатныя, ва ўсім новай пабудовы патрабуюць”.
Трэба адзначыць, што ў неўрадлівыя гады піва варылі і з пырніку — і часам атрымлівалася няблага, але здаралася, што ад такога напою хварэлі і паміралі.


Мал. 2 Куфлю піва ў карчме часта спадарожнічала гульня ў карты, або ў косці ("костырство”). "Таковых, которые без службы живучи и ниякою работаю не бавятся, на костырстве и пьянстве час свой травять, нигде их жаден вряд терпети не маеть...” – папярэджваў Статут ВКЛ.

Але піва ў даўніну пілі вельмі шмат. У Беларусі яно лілося амаль як вада — асабліва ў вышэйшых саслоўях. Вадой грэбавалі, што на тагачасны ўзровень санітарыі было досыць абгрунтаваным. Берасцейскі кашталян Марцін Матушэвіч (сяр. XVIII ст.) занатаваў у сваім дыярыушы: «Піва не было, таму пілі толькі ваду, з чаго ўпаў у вялікую флегму і пачаў на здароўе слабець». Нават прыгонны селянін, як лічыцца, выпіваў да 100 літраў піва ў год. «Устава на валокі» прызнавала піва такім жа прадуктам штодзённага спажывання, як і хлеб. Пад час абавязковай чатырохдзённай летняй талакі панскі двор быў абавязаны забяспечыць парабкам «хлеб і піва».


Мал. 3 Карчма ў Вялікім Княстве Літоўскім. З "Усеагульнай касмаграфіі"
Себасцьяна (сярэдзіна XVI ст.).


Былі на Ганцаўшчыне і корчмы, найбольш вядомая – Качайбалоцкая: "Карчма Качайбалоцкая ў паўмілі ад двара Ганцавіцкага на гасцінцы Хатыніцкім пры мосце ў ганцавіцкіх межах: мост той патрабуе рамонту. Карчма не малая, з двух ізбаў, здаўна ўтрымліваецца для карысці прыязджаючых, з-за недагледжанасці зараз разбураецца, дах папсаваны і моцна працякаючы, у ізбах шкло пабіта, замкоў ніякіх няма, прымусам пад жытло ўжываецца. Пры карчме для карысці тутэйшых арэндатараў некалі пабудаваны бровар, таксама значанага рамонту патрабуе... Пры бровары студня копаная, як і ўся гэта забудова занядбаная, патрабуе вычышчэння і аздаблення. Згаданы мост каля карчмы, за праезд праз які бярэцца мыта з вандруючых, ужо не вельмі бяспечны, патрабуе пабудовы новага моста”. Можна лічыць, што ў часы свайго росквіту гэтая карчма была добрым прытулкам падарожнікам, дзе яны не толькі маглі знайсці начлег, але і добра адпачыць папіўшы смачнага Качайбалоцкага піва напрыклад адведаць стравы прыгатаваныя з выкарыстаннем піва.

Тым больш, што піва было незаменным інгрэдыентам у гастранаміі ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Гарачае піва з мёдам ці макавым малаком, каўбасы, звараныя ў піве, і іншыя стравы з піва былі аздобай стала. На працягу стагоддзяў шляхецкае сняданне было немагчыма ўявіць без адмысловага піўнога супу, які запраўляўся, як правіла, сырымі яечнымі жаўткамі, смятанай, тварагом ды рознымі спецыямі. Такі суп (ён называўся «граматкай», «бярмушкай» ці «фарамушкай») і нават проста піва, падагрэтае з кавалкамі чэрствага хлеба ці тварагом, было прынята есці з грэнкамі. Піўныя супы за старадаўнім сталом у Рэчы Паспалітай замянялі каву ды гарбату, якія пачалі іх выцясняць толькі з ХVІІ ст., але яшчэ і ў ХІХ-м «граматка» карысталася вялікай папулярнасцю. Вялікім яе аматарам, асабліва падчас посту, быў кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары. Французскі інжынер Гіём дэ Баплан занатаваў у сярэдзіне ХVІІ стагоддзя: «Палякі (гэта тычылася ўкраінскай шляхты, а ў шырокім сэнсе і ўсёй Рэчы Паспалітай) пад час абеду п’юць толькі піва ў вялізных шкляніцах, якія працавалі на беларускіх землях і належылі Радзівілам”.

Трэба адзначыць, што яшчэ ў адной вёсцы Ганцавіцкага раёна Чудзіне былі як бровар, так і карчма. Аб гэтым сцвярджае Інвентар праведзены ў гэтай вёсцы ў 1793 годзе: "…далей паварочваючы ў правы бок зруб падобны: з канца некалі была стайня, цяпер арандатарам ужываецца як бровар, да якога вароты дранічныя адзінарныя… Карчма ў вёсцы заезная з стадолай. З жылымі памяшканнямі з двух канцоў. Уваходзячы ў адзін пакой… пабудаваны дзверы на бегуне. У ім два вакна з шкла акруглага, печ пякарская напалову абложаная кафляй. Пры ёй камора ў якую дзверы на бегуне, у ёй малое вакенца. Столь у памяшканні і каморы з ацесаных дошчак. Другое жылое памяшканне з дрэва брусаванага, да якога дзверы на завесах з клямкай і жалезным кручком. Печ у ёй крыжаваная, адна частка пакрыта кафляй, а другая не. Вокнаў тут з белага шкла тры. Пры гэтым памяшканні камора, да якой дзверы на завесах з жалезнымі зашчапкамі і прабоямі. Столь з цясаных дошчак… Увесь дах карчмы з дробнай драніцы. Пры гэтай карчме свіронак з акруглага дрэва пад старым дранічным пакрыццём, у якім дзверы на бегуне. Праз вуліцу млын конны з дрэва акруглага… Пры ім саладоўня з дрэва акруглага, пры ёй пакойчык…”

Можна яшчэ шмат чаго расказаць аб гісторыі піваварэння як ўвогуле на Беларусі, так і ў тым ліку на Ганцаўшчыне, але пра гэта як-небудзь у іншы раз.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (19.05.2008) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 3458 | Тэгі: піва, Виталий Герасименя, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 3.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.