Субота, 20.04.2024, 07:37

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Страчанае мінулае

Паміж вёскамі Будча і Чудзін Ганцавіцкага раёна, каля ракі Лань ёсць урочышча Казельск (у народзе яго называюць проста Казёл). Тут у ХХ стагоддзі адбываліся падзеі аб якіх хацелася распавесці гаворку.

Заходняя частка Казельска некалі атрымала сваю ўласную назву і цяпер вядома як Людвікова. Гаварыць аб Людвікове і ўвогуле пра ўрочышча Казельск і не закрануць вёскі Будча (ранейшая назва Буча) немагчыма, бо паміж імі існуе цесная гістарычная сувязь; яшчэ з даўніх часоў – урочышча Казельск належала будчанскім феадалам. Так, гаспадарыня будчанскага маёнтка Кацярына Высоцкая і гаспадар чудзінскага маёнтка Багдан Дабрылеўскі ў пачатку ХVII стагоддзя прасілі вышэйшыя ўлады правесці мяжу паміж іх уладаннямі. На просьбу пані Высоцкай адклікнуўся навагародскі ваявода, які прыслаў прадстаўніка ваяводства пана Філімона Зубко (падваяводнага). У адказ на зварот Дабрылеўскага ад Мінска прыбылі Енах Кавечынскі, Адам Маміснецкі і Якуб Кавечынскі.

Высокія паны, разгледзеўшы прэтэнзіі абодвух бакоў, правялі размежаванне ўладанняў і склалі на гэты конт пісьмовы дакумент. У якім гаворыцца: "1603 года, кастрычніка месяца, 7 дня… первый копец (межавы знак – аўтар) усыпан над рекою Ланью на врочышчу в Козельской”. І Казельск, Замошша, як і многія іншыя ўрочышчы, адыйшлі ва ўладанне пані Высоцкай, г.зн. да вёскі Будча. Упамінання пра Людвікова ў архіўных запісах, якія складваліся пры продажы і перепродажы маёнтка ў XVII, XVIII і XIX стагоддзях няма.

Назва Людвікова ўсплывае ў пачатку ХХ стагоддзя калі, валодаўшыя гэтымі мясцінамі Радзівілы, для аховы тутэйшых лясных масіваў і балот заснавалі лясніцтва якое размясцілі ва ўрочышчы Людвікова. Тут жылі ляснічы, аб’ездчык і ляснік. Утрыманне лясніцтваў было больш таннай справай, чям трымаць абслугу панскіх двароў.

У сувязі з пераходам у 1921 годзе часткі земляў БССР да Польскай дзяржавы, для кантролю за перамяшчэннем людзей і тавараў, а таксама для забеспячэння спакою ўсходніх межаў Польшчы ствараліся батальёны памежнай аховы. К траўню 1924 года 15 батальён памежнай аховы пад назвай "Людвікова” стаў размяшчацца у Круговічскай гміне Лунінецкага павета ў г.Людвікова. Устаў батальёна памежнай аховы быў прыняты 15 ліпеня 1925 года. На будаўніцтва ваеннага гарадка, на заробкі, ехалі польскія рабочыя з розных рэгіёнаў краіны, працавалі тут таксама і мясцовыя жыхары. Ваенны гарадок на той час быў пераважна драўляным.


Мал. 1 Такімі слупамі абазначалася мяжа
паміж Польшчай і СССР у 1920-1930-х гадах з польскага боку.


Трэба адзначыць, што месца для гарадка палякі выбралі нядрэннае – паміж вёскамі Будча і Чудзін, да савецка-польскай мяжы кіламетраў пятнаццаць, непадалёку рака Лань, навокал бор з лесам хвойнай пароды. Адсюль было зручна кантраляваць дарогі і лясныя сцежкі, якія вялі да мяжы.

Батальён памежнай аховы як арганізацыйная фармацыя з’яўлялася адзінкай тактычнай і адміністрацыйнай са спецыяльным прызначэннем для аховы мяжы дзяржавы.

Батальён складаўся з каманды батальёна; чатырох рот, якія ў сваю чаргу дзяліліся кожная на чатыры ўзводы; пулямётнай роты, складаўшайся з трох узводаў.

У адпаведнасці з арганізацыйнай інструкцыяй батальён пагранічнай аховы меў наступную структуру: камандзір батальёна, камандзір роты, адз’ютант батальёна, афіцэр роты, квартырамайстар батальёна, афіцэр-забеспячэнец, казначэй, урач батальёна, батальённыя майстэрні, каманда камандзіра батальёна як адміністрацыйны пададдзел, пулямётны ўзвод, рота памежнай аховы.

У 1924 годзе ў 15 батальёне корпуса памежнай аховы "Людвікова” быў адкрыты свой ваенна-спартыўны клуб. Начальнікам клуба з’яўляўся парудчык Зігмунд Шымчынскі. Найбольшай наведвальнасцю і членствам адрознівалася секцыя футболу, якая праводзіла пастаянныя трэніроўкі, а таксама матчы з 17 батальёнам. Каманда мела сваю спартыўную форму.

Секцыя лёгкай атлетыкі знаходзілася ў стадыі развіцця. Існавала таксама стралковая секцыя, узначальваемая капітанам Пігюсам. Тэнісную секцыю узначальваў парутчык Юрчынскі, намаганнямі якога быў пабудаваны тэнісны корт. Затым да існуючых секцый дабавіліся секцыі бокса, лыж і грэблі.

Мал. 2 Так выглядала форма ваенаслужачых
"Памежнай аховы” батальёна "Людвікова”

На 1925 год ў 15 батальёне з агульнай колькасці ваеннаслужачых было 92 неадукаваных, у сувязі з чым праводзілася планавая работа па навучэнню асобнага складу. закупляліся падручнікі і сшыткі, адкрылася бібліятэка. Уся практычная і тэарытычная падрыхтоўка ў батальёне праходзіла пры строгім выконванні ўставаў і інструкцый.

Пры найме ў батальён афіцэрскага складу, яму прадстаўлялася з’ёмная жыллё ў навакольных вёсках. За адзін квадратны метр афіцэр плаціў шэсць злотых. Догавар аб арэндзе складаўся на адзін год.

Батальёнам вялася свая незалежная гаспадарчая дзейнасць. Ён маў свае лесараспрацоўкі, на якіх працавала 400 чалавек. Апрача таго, 25 мая 1925 года ў 15 батальёне быў створаны кааператыў пад назвай "Кааператыў 15 батальёна Памежнай Аховы”, тавары для якога закупляліся ў аптовых магазінах і фабрыках у Варшаве, Лодзі, Вільнюсе і іншых гарадах. Гэта былі харчовыя тавары, галантарэя, касметыка, вопратка, абутак і шмат чаго іншага. Прыбытак кааператыва ў месяц складаў 33000 злотых. Тавары ахвотна раскупаліся не толькі ваеннаслужачымі і іх семьямі, але і насельніцтвам з навакольных вёсак з-за таннасці тавараў. Гэта прыносіла вялікія страты мясцовым яўрэйскім магазінчыкам і лаўкам. Пры батальёне планавалася нават адкрыццё цэху па вытворчасці калбас.

К 1 верасню 1925 года ў батальёне "Людвікова” была праведзена тэлефонная лінія. Работы па пракладцы цеплатрасы, вадапровада і каналізацыі праводзіліся на тэрыторыі батальёна і завяршыліся ў 1937 годзе, для чаго наймаліся рабочыя і інжынеры, і за добрую працу ўзнагароджваліся прэміяй ў памеры 15 % ад заработнай платы. Батальён меў таксама свае электрычную і воданапорную станцыі. У 1938 годзе ў Людвікова былі закончаны работы па будаўніцтву дамоў з белай цэглы для афцэраў і іх сем’яў.

1927 год знамянальны тым, што князь Радзівіл пралажыў вузкакалейку з вёскі Дзяніскавічы, праз тэрыторыю вёскі Будча, Людвікоўскай дачы, каля ваеннага гарадка і далей ажно да Хамінскаўскага лясніцтва, што недалёка ад вёскі Заастравечча, якая знаходзіцца зараз у Клецкім раёне Мінскай вобласці. Па вузкакалейцы перавозіліся лесаматэрыялы на піларамы ў вёску Дзяніскавічы і мястэчка Ганцавічы.

Каля ваеннага гарадка купец Шыфрын будуе лесапільны завод, дзе рэзалі дошкі і рабілі бандарку. На гэтым заводзе працавалі ў асноўным рабочыя і жыхары вёскі Чудзін. Праўда перад Другой сусветнай вайною у 1937-38 гадах завод згарэў, крыху даўжэй праіснавала смалакурня, якую Шыфрын пабудаваў ва ўрочышчы Казельск. Тут з хваёвых карчоў выраблялі дзёгаць і шкіпінар.

Польскія ўлады непадалёку ад ваеннага гарадка ў бок вёскі Чудзін пабудавалі каталіцкі касцёл, у разліку на тое, што яго будуць наведваць вайскоўцы, жыхары Людвікова і навакольных вёсак Чудзін і Будча. Касцёл перастаў існаваць у пярыяд Другой сустветнай вайны.

Улада палякаў пратрымалася да 1939 года. Пажар Другой Сусветнай вайны ахопліваў усё больш краін Заходняй Еўропы, перакінуўшыся і на Польшчу. У такіх умовах савецкі ўрад аддаў загад Чырваной Арміі перайсці-савецка-польскую мяжу і вызваліць заходнія тэрыторыі Беларусі і Украіны. Польскія вайскоўцы без баёў пакінулі ваенны гарадок і ён пэўны час заставаўся без нагляду. Пасля ўсталявання савецкай улады ў Чудзіне ў Людвікова размясцілася школа малодшых камандзіраў Чырвонай Арміі. Школа праіснавала да чэрвеня 1941 года, а з пачаткам вайны гарадок пакінулі і чырвонаармейцы.

У перадваенны пярыяд у Людвікова размяшчаліся і іншыя ўстановы. Уласніцкія дамы каля ваеннага гарадка займала Чудзінскае сельпо і магазін. Тавары сюды дастаўляліся па вузкакалейцы. У адным з драўляных будынкаў пры ваенным гарадку размяшчалася таксама паштовае аддзяленне, якое абслугоўвала жыхароў навакольных вёсак, а таксама вайскоўцаў з ваеннага гарадка.

У канцы чэрвеня 1941 года фашысцкія самалёты бамбілі ваенны гарадок. Прамым пападаннем была знішчана вадакачка. Праўда людзей на той час у гарадку ўжо не было.

У 1942 годзе чудзінскія паліцаі паспрабавалі зрабіць пусты і разбураны гарадок сваім апорным пунктам і ўтварылі тут пастарунак. Але некалькі партызанскіх рэйдаў прымусілі забыць іх пра такія намеры.

У пасляваенны пярыяд жыхары суседніх вёсак, калі будавалі жыллё, а будаўнічых матэрыялаў не хапала, менавіта тут знаходзілі і цэглу і цвікі, якіх не было дзе купіць.



Мал. 3, 4. Рэшткі пабудовы штаба батальёна
корпуса памежнай аховы "Людвікова”.


Такім чынам, на месцы гарадка засталося толькі тое, што нельга было разабраць і вывезці. Падмуркі колішніх пабудоў паступова зарасталі кустамі і лесам. Але яшчэ сёння, нібы памятны знак, узвышаюцца сцены часткова разбуранага будынка, дзе некалі размяшчаўся штаб батальёна. Няма зараз і вузкакалейкі, ад якой застаўся ледзь заўважны насып.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (20.05.2008) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 3565 | Тэгі: Будча, Чудин, Виталий Герасименя, Людвиково | Рэйтынг: 4.6/9
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.