Субота, 27.04.2024, 01:30

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Ясянецкая суконная фабрыка
У фондах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея захоўваецца досыць цікавы дакумент "Гадавая ведамасць суконнай фабрыкі ў вёсцы Ясянец на зямлі памешчыка Ксаверыя Абуховіча ад 20 лістапада 1832 года”. Цікавы ён не столькі ўпамінаннем у ім дастаткова вядомага шляхецкага роду Абуховічаў, а практычна поўным апісаннем, у большай ступені статыстычным, прадпрыемства па вытворчасці сукна.

Суконная фабрыка размяшчалася ў вёсцы Ясянец Круговіцкай воласці Слуцкага павету Мінскай губерні на ўласнай зямлі памешчыка Ксаверыя Абуховіча. Калі яна была пабудавана не вядома, калі закончыла функцыянаваць таксама, але ў "Журнале генеральнай праверкі гандлёвых і прамысловых устаноў у Круговіцкай воласці за сакавік 1895 года” яна ўжо не згадваецца.

Ясянец, суконная фабрыка
Тапонім "Сукон. Фабр. Ясенецъ”
на "Ваенна-тапаграфічнай карце Расіі” (трохвярстоўцы).
1850 год

Сама суконная фабрыка складалася з трох драўляных пабудоў, як гаворыцца ў самім дакуменце, з якіх адна даўжынёю – 16 сажняў (34,1 м), другая – 15 (32 м), трэцяя – 21 (44,1 м) адпаведна.

Сыравінай была поўсць двух гатункаў – гішпанская (менавіта так названа ў дакуменце) і простая. Гішпанская поўсць закуплялася ў Слуцкім павеце ў колькасці 10 пудоў (164 кг) і ў Навагрудскім павеце ў такой жа колькасці. Простая ж поўсць закуплялася ў колькасці да 301 пуда (4 936,4 кг) ў Слуцкім павеце. Таксама куплялася для патрэб вытворчасці: драўляны алей – 4 пуды (65,6 кг), гусінае сала – да 31 пуда (508,4 кг), якое куплялася менавіта ў Клецку, фарбы – 76 пудоў (1 246,4 кг), мыла – 28 пудоў (459,2 кг), купарваса – 19 пудоў (311,6 кг), па ўсёй бачнасці купляўся жалезны купарвас, ён у ткацтве выкарыстоўваўся для акрашвання поўсці ў чорны колер, свечак – 17 пудоў (278,8 кг) і шмат чаго іншага.

Машын ці ткацкіх станкоў было 10 штук, з якіх была адна механічная машына на тры нажніцы. Фарбавальных катлоў на суконнай фабрыцы было чатыры штукі, адзін быў на 70 гарцоў (231 л), другі на 40 (132 л), трэці на 20 (66 л), чацвёрты на 12 гарцоў адпаведна (39,6 л).

Усяго на фабрыцы працавала больш за 30 чалавек: майстроў і падмайстроў – 15, простых рабочых – 21.

Сукна 1-га гатунку выраблялася 160 кускоў агульнай даўжынёй 3 280 аршынаў (2 328,8 м). Даўжыня асобнага куска складала пркладна 20 аршынаў (14,2 м), шырыня – 1 аршын і 11 вяршокоў (0,76 м), а вага – 1 пуд (16,4 кг). 2-га гатунку – 101 кусок агульнай даўжынёй 2 020 аршынаў (1 434,2 м), даўжыня аднаго куска заставалася прыкладна аднолькавай з куском сукна першага гатунку, шырыня – 1 аршын 12 вяршкоў (0,77 м), вага – 35 фунтаў (14,35 кг). Сукна 3-га гатунку выраблялася 41 кусок, агульная даўжыня якіх складала 820 аршынаў (582,2 м), даўжыня асобнага куска – 20 аршынаў (14,2 м), шырыня – 1 аршын 15 вяршкоў (0,78 м), вага – 29 фунтаў (11,89 кг). Сукна 4-га гатунку выраблялася толькі 9 кускоў, агульнай даўжынёю 180 аршынаў (127,8 м), шырыня ў адрозненні ад трох папярэдніх гатункаў была значна большай і складала 2 аршыны (1,42 м), а вага – 27 фунтаў (11,07 кг)

Трэба адзначыць, што на той час Ясянецкая суконная фабрыка не была адзіным падобным прадпрыемствам на тэрыторыі сучаснага Ганцавіцкага раёна. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца дакументы па падобным прадпрыемстве ў маёнтку Дзяніскавічы Круговіцкай воласці Слуцкага павету. Валодалі гэтай суконнай фабрыкай князі Радзівілы.

На сённяшні дзень ў вёсцы Ясянец ад багатай спадчыны Абуховічаў, калі не лічыць багатыя пахаванні на мясцовых могілках, застаўся адзін здзічэлы і закінуты прысядзібны парк. Толькі прыемны пах квітнеючай белай акацыі ў канцы мая пачатку чэрвеня нагадвае аб багатым гістарычным мінулым гэтага месца.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (13.03.2011) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 2581 | Тэгі: Ясянец, Абуховічы, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.