Субота, 20.04.2024, 10:40

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны

Частка чацьвёртая: Дзяніскавічы, Ізбіцкі Бор
Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла была пабудавана ў Дзяніскавічах ў 1839 годзе па фундацыі князя Льва Радзівіла. У 1878 годзе абнесена драўлянай агароджай. Да храма была прыпісана драўляная Успенская царква ва ўрочышчы Ізбіцкі Бор, што непадалёку ад вёскі.

Храм – твор народнага дойлідства, быў вырашаны падоўжаным у плане крыжам, перакрыжаванне гонтавых дахаў завяршалася купалам на светлавым барабане. Ашаляваныя фасады чляніліся радам аконных праёмаў. Мела два ўваходы. Над прытворам узвышалася званіца. Унутры малітоўную залу перакрывала драўлянае скляпенне на ветразях, адкрытае ў светлавы барабан.

Згодна з Памятнай кніжкай за 1871 год царква святых Пятра і Паўла патрабавала папраўкі. К ёй была прыпісана Успенская царква ў Ізбіцкім Бару. Прыхаджан налічвалася 842 мужчынскага полу і 814 жаночага. Святаром быў Іван Біруковіч, які скончыў Мінскую духоўную семінарыю і святарстваваў з 15 чэрвеня 1870 года. За псаломшчыка быў Фама Сушчынскі, абучаны прычэтным прадметам у Слуцкім манастыры, працаваўшы на такой пасадзе з 1844 года. З пабудоў меліся: для святара – дом, гумно, свіран, тры жывёльных адрыны; для псаломшчыка – гумно і жывёльная адрына, якія былі трухлявымі. Зямлі сядзібнай, ворнай і сенакоснай было 90 дзесяцін.

Па Памятнай кніжцы 1901 года прыход налічваў 886 душ мужчынскага полу і 828 жаночага. Прычт складаўся са святара Іаана Вернікоўскага, скончыўшага Мінскую духоўную семінарыю і які меў набедранік, а таксама псаломшчыка Васіля Мігая, выпускніка Мінскага духоўнага вучылішча. Усе прычтавыя пабудовы – драўляныя. Царкоўнай зямлі тры валокі. Пры царкве была прыходская школа, пабудаваная ў 1884 годзе. За загадчыка і законавучыцеля на 1901 год быў мясцовы святар, а месца настаўніка было вакантным.

У 1904 годзе ў Дзяніскавічах адбыўся вялікі пажар, у выніку якога згарэла большая частка вёскі. Царква таксама згарэла. Амаль адразу ж пасля гэтага пачалася работа па яе аднаўленню. Лес на будаўніцтва новага храма выдзяліў адзін з князёў Радзівілаў. Дзяніскаўцы бескарысліва пілавалі гэты лес, тралявалі, вазілі на сваіх конях бярвенні на лесазавод. Галоўныя ж работы выконвалі прыежджыя, якія далёка славіліся сваім майстэрствам па цяслярнай, сталярнай справе і разьбе па дрэве. Царква будавалася па лекалах Петра-Паўлаўскай (Троіцкай) царквы, якая знаходзіцца ў Ляхавіцкім раёне. Мажліва, увогуле, новы храм будаваўся на старым падмурку і часткова ці поўнасцю быў копіяй папярэдняга. Новазбудаваная праваслаўная святыня была названа ў імя святога Архістраціга Міхаіла.


Прыхаджане Дзяніскавіцкай Свята-Міхайлаўскай царквы,
разам са святаром. 24.03.1934

Прастаяла яна да Другой сусветнай вайны, калі пад час досыць знакамітага "дзяніскавіцкага бою”, адбыўшагася 17 лютага 1944 года, была разбурана. Вось што ўспамінаў непасрэдны ўдзельнік тых падзей ветэран партызанскай брыгады імя Панамарэнкі артылерыст Юрый Сяргеевіч Міненкоў: "Паступіў загад высунуць гармату бліжэй да Дзяніскавіч, каб прыцэльна знішчыць станкавыя пулямёты, якія былі ўстаноўлены на званіцы царквы… Выскачыўшы на гравійку мы патрапілі пад кулямёты з званіцы, але застаялыя коні хутка даімчалі гармату да новай пазіцыі. Стукнулі некалькімі бранябойна-запальнымі снарадамі па царкве... Так, змушаны я сёння адкрыта сказаць перад Богам, перад праваслаўным народам, што царкву ў Дзяніскавічах разбіла мая гармата...”

Маюцца досыць сціплыя звесткі і пра царкву ў Ізбіцкім (Ізбійскім, Узбійскім) Бары. На 1860 год святаром быў Людвіг Іаанавіч Гарбацэвіч. Ён, адзначаецца, з сям’і святара, як і яго жонка Фёкла Пракопаўна. Дз’ячком тут быў з 1865 года саракашасцігадовы Фама Кандрацьевіч Сушчынскі. Пазаштатнымі святарамі ў царкве былі відаць родныя браты асноўнага святара – Фелікс Іаанавіч і Макарый Іаанавіч Гарбацэвічы. Пра тое калі і кім была пабудавана царква звестак няма.

Адпаведна ведамасці "Аб прыпісной царкве размешчанай у Ізбіцкім Бары ў імя Успення прасвятой Багародзіцы за 1865 год” храм на гэтым месцы быў пабудаваны ў 1861 годзе з Мінскай духоўнай кансісторыі па прыказу № 4807 ад 20 чэрвеня 1859 года па просьбе святара Людвіга Гарбацэвіча, царкоўнага старасты Герасіма Глеба. Адносна гэтай даты, то хутчэй за ўсё пасля далучэння з уніяцтва да праваслаўя, царква з-за спарахнеласці ў 1861 годзе будавалася як новая і па праваслаўных канонах храмабудаўніцтва.


Ізбіцкая царква (тапонім Ізбіцк)
на "Ваенна-тапаграфічнай карце Расіі” (трохвярстоўцы).
1850 год

Успенская царква ў Ізбіцкім Бары была зруйнавана ў 1940-я гады. Адпаведна фрагментальна захаваўшагася фундаменту можна зрабіць выснову, што яна была прамавугольная ў плане памерам прыкладна 8х10 метраў. І ў цяперашні час на Успенне 28 жніўня ад вёскі Будча да яе праходзіць пешы крэсны ход.


Сям’я з вёскі Будча каля царквы ў Ізбіцкім Бары

Цікава таксама паходжанне тапоніма Ізбіцкі (Узбіцкі, Узбійскі) Бор. Адпаведна Беларускай энцыклапедыі ізбіца – а) верхні ярус вежаў абарончых збудаванняў ў драўляным дойлідстве Беларусі, Польшчы, Украіны XVI-XVII ст., б) зрубная апора мастоў, в) зруб у складзе канструкцый, што закладаліся для большай трываласці ўнутр земляных абарончых валоў сярэдневечнага горада. Даведацца б ад якога з прапанаваных варыянтаў пайшла гэтая назва?!


Крыжы на месцы, дзе знаходзілася Свята-Успенская царква ў Ізбіцкім Бары

Ужо каля пятнаццаці гадоў царква ў вёсцы Дзяніскавічы часова размяшчаецца ў прыстасаваным для гэтага будынку былога старога магазіна, збудаванага яшчэ ў 1953 годзе і бясплатна дараванага райспажыўсаюзам мясцовым праваслаўным вернікам. Два гады назад па ініцыятыве праваслаўнай паловы насельніцтва вёскі на чале з мясцовым святаром пачаліся работы па аднаўленню хрысціянскай святыні. Сіламі епархіі і зацікаўленых людзей вызначана месца для пабудовы новага храма, на якім устаноўлены крыж. Таксама афармляюцца праектна-каштарысныя дакументы і завозяцца будаўнічыя матэрыялы. Але з-за недахопу фінансавых сродкаў работа рухаецца марудна.

У лістападзе мінулага 2009 года намаганнямі мясцовага праваслаўнага насельніцтва ў цэнтры вёскі быў закладзены падмурак памерам восем на шаснаццаць метраў. Плануецца пабудаваць царкву з сілікатных блокаў, фасад будзе пакрыты ўцяпляльнымі плітамі і атынкаваны. Сам храм будзе мець тры купалы.
Катэгорыя: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны | Дабавіў: admin (19.02.2010) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 3862 | Тэгі: Ізбіцкі Бор, Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны, Дзяніскавічы, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.