Субота, 20.04.2024, 15:03

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны

Частка першая: Чудзін, Людвікова
УСТУП

Распачаць новую серыю сваіх публікацый "Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны" хацелася б словамі выдатнага беларускага гісторыка А.М. Калугіна: "Ці ёсць чалавек, якога б не ўзрушылі купалы храмаў? Ці застаецца хто абыякавым, ступіўшы пад скляпенні, дзе з абразоў глядзяць вочы святых праведнікаў?

На беларускай зямлі з даўніх часоў з вялікай павагай ставіліся да Бога. Сведчанне гэтаму – велічныя высокамастацкія храмы, шматлікія каплічкі. Яны даносяць да нас многавекавую гісторыю народа, шматпакутны лёс нацыі, яе імкненне да зямнога дабрабыту, міру, ушанаванне рэлігійных, агульначалавечых ідэалаў. Храмы – святыні, якія беражліва, з пакалення ў пакаленне, народ ахоўваў ад гістарычных катаклізмаў, каб перадаць у будучыню ўвасоблены ў іх неацэнны духоўны скарб, неразменную каштоўнасць – душу нацыі.

Наша Беларусь – краіна даўняй і багатай хрысціянскай культуры. Тут склаліся самабытныя мастацкія традыцыі культавага дойлідства. Архітэктура храмаў, як ніводны іншы помнік мастацтва, нясе адбітак духоўнай спадчыны нацыі, сведчыць аб невычэрпным таленце, эстэтычным мысленні народа.

У храмабудаўніцтве, якое сінтэзавала архітэктуру, жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, народ увасабляе свае лепшыя ідэалы і пачуцці, выяўляе разнастайнасць мастацка-стылявых асаблівасцей, якія характэрныя выключна для Беларусі. У дрэва і ў цэглу дойліды ўкладалі характар, веліч і непаўторнасць беларускай душы, што надало яскравую адметнасць хрысціянскаму дойлідству Беларусі. Нішто так не здольна паведаміць пра лёс і ментальнасць народа, як помнікі яго натхнёнай архітэктурнай творчасці, духоўных пошукаў, тэхнічнага майстэрства і вынаходніцкай кемлівасці.

Ва ўсёй сукупнасці вытокаў і праяў хрысціянская архітэктура Беларусі – агульнанацыянальны гісторыка-культурны здабытак. Гэтыя хрысціянскія святыні арганічна ўвайшлі ў архітэктурнае і прыроднае асяроддзе краіны, сваімі манументальнымі гмахамі, вежамі ўключыліся ў структуру гарадоў і вёсак Беларусі, фарміруючы іх маляўнічыя панарамы і сілуэты. Яны стаяць на беларускай зямлі, будаваліся ў яе гістарычным і культурным асяроддзі і з цягам часу зрасліся з гэтым асяроддзем.

Велічныя храмы, манументальныя фрэскі і творы – бясцэнная культурная спадчына народа. У творах архітэктуры увасабляецца непаўторнасць светаўспрымання, талент і міралюбнасць народа. Храмы мацуюць сувязь часоў, дапамагаюць асэнсоўваць перажытае. Што можа больш дакладна вызначыць каштоўнасці кожнай культурнай эпохі, як не помнікі сакральнай архітэктуры! А калі адасобіцца ад сакральнасці – ці гэта не ўвасабленне тытанічнай інтэлектуальнай і фізічнай працы, найтанчэйшых разлікаў, канцэнтрацыі ўсіх творчых магчымасцей народа ва ўсіх відах мастацтва – ад горадабудаўніцтва да аб’ёмнай архітэктуры, ад жывапісу да скульптуры, ад музыкі да тэатру?

У новым тысячагоддзі храмы вяртаюць сваю спрадвечную гістарычную і грамадскую сутнасць, аднаўляюць духоўную моц, становяцца сапраўднымі цэнтрамі духоўнасці і культуры, уздымаюць людзей над будзённасцю. Хрысціянскае дойлідства абуджае і фарміруе нацыянальную самасвядомасць народа, увасабляе ў культавых архітэктурных манументах годнасць чалавека, яго высокае зямное прызначэнне".


ЧАСТКА ПЕРШАЯ: ЧУДЗІН, ЛЮДВІКОВА

По какой ты скроена мерке?
Чем твой образ манит вдали?
Чем ты славишься вечно церковь?
Выросшая из Чудинской земли.

Так в округе твой образ точен,
Так ты здесь для всех нужна,
Будто создана ты не зодчим,
А самой землёй рождена.
Н.Коржавин


 
Царква ў в.Чудзін у імя святога велікамучанніка Георгія Перамаганосца

Будынак Чудзінскай царквы ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца з’яўляецца мабыць адной з старэйшых драўляных пабудоў на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Годам яе пабудовы лічыцца 1867. Але і да гэтага часу ў Чудзіне быў свой храм. Аб гэтым сведчыць рапарт Завішчанскага благачыннага святара Іаана Бабарыкіна да архіепіскапа Мінскага і Бабруйскага Міхаіла: "Майго ведамства Будчанскага прыходу пры сяле Чудзін стаіць на могілках паўразбураная капліца, у якой пасля далучэння ўніяцкай к праваслаўнай царкве праходзілі богаслужэнні. Аднак зараз з-за ветхасці якой, святары не праводзяць богаслужэнні, а толькі адпяваюць перад пахаваннем. Зараз сяляне вёскі Чудзін жадаюць аднавіць царкву ўласнымі намаганнямі ў такім выглядзе, каб у ёй маглі праводзіцца богаслужэнні. Таксама яны хочуць каб царква была прыпісана да Будчанскай да якой належыць і зараз. Даносячы аб гэтым Вашаму Высокапраасвяшчэнству прашу дазволіць Чудзінскім сялянам пабудаваць на месцы разбуранай царквы новую. Так як бліжэйшая – Будчанская прыходская царква знаходзіцца на адлегласці ў 10 вёрст, а з-за кепскай дарогі жыхары вёскі Чудзін часта не маюць магчымасці слухаць богаслужэнні”. Дакумент гэты датуецца 24 чэрвенем 1865 года.

Будаўніцтва новай царквы было завершана ў студзені 1867 года. А ўжо ў красавіку ў Мінскую духоўную кансісторыю паступіў рапарт: "Маю павагу дакласці, што новазбудаваная царква, прыпісаная к прыходскай Будчаснкай, 25 красавіка была асвешчана ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца. Бучацінскі благачынны святар Віктар Дамінікоўскі”.

У 1898 годзе пры царкве была пабудавана царкоўнапрыходская школа. На 1911 год адпаведна Спісу царкоўнапрыходскіх школ Мінскай губерні ў школе вёскі Чудзін вучылася 57 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, настаўнікам быў Аляксандр Ярашэвіч.

Большую частку другой паловы ХХ стагоддзя царква была зачынена, не дзейнічала і паступова разбуралася. Напрыканцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя жыхары вёскі Чудзін рашылі аднавіць работу царквы. Пачаўся збор сродкаў на рэстаўрацыю, кожны ў меру сваіх магчымасцей дапамагаў хутчэйшаму аднаўленню святыні. І ў 1989 годзе адрамантаваная і адноўленая царква адчыніла свае дзверы для прыхаджан і наведвальнікаў.

Царква ў Чудзіне знаходзіцца на старых закрытых могілках у цэнтры вёскі. Перад царквой пастаўлена аднаярусная вертыкальна ашаляваная званіца з шатровым пакрыццём. Георгіеўская царква ў Чудзіне – помнік народнага драўлянага дойлідства. Прамавугольны выцягнуты па падоўжанай восі зруб завершаны трохграннай апсідай, з супрацьлеглага фасада далучаецца прамавугольны прытвор з ганкам. Яруснасць храма ствараюць рознавялікія двухсхільныя дахі зрубаў, цэнтральны завершаны гранёным барабанам з шатровым верхам.

 
Унутраняе ўбранства Свята-Георгіеўскай царквы ў вёсцы Чудзін

Перажыўшы на сваім вяку не адну вайну, пору савецкага атэізму, гэты праваслаўны храм ужо болей за 140 гадоў з’яўляецца нязменным сімвалам вёскі Чудзін.

Не абыйшлося ў ваколіцах Чудзіна і без каталіцкай святыні. У 1938 годзе пры ваенным гарадку Людвікова, дзе мясціўся батальён памежнай аховы, быў пабудаваны драўляны касцёл. На вялікі жаль ніякіх дакументаў аб ім не захавалася. Нават невядома дакладная дата знікнення. Вядома толькі, што праіснаваў ён не вельмі доўга, аставіўшы аб сабе толькі ўспаміны.

Аўтар ўдзячны настаўніку гісторыі Чудзінскай сярэдняй школы Мароз Галіне Мікалаеўне за дапамогу пры напісанні артыкулу.
Катэгорыя: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны | Дабавіў: admin (27.11.2009) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 3733 | Тэгі: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны, Людвікова, Чудзін, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 4.9/10
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.