Серада, 12.08.2020, 21:36

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны

Частка пятая: Вялікія Круговічы, Агарэвічы
Свята-Георгіеўская царква ў Вялікіх Круговічах размяшчаецца ў цэнтры вёскі. Пабудавана яна на грошы мясцовага памешчыка Ксаверыя Абуховіча ў 1771 годзе. Першапачаткова, па ўсёй бачнасці, была ўніяцкай. У XIX стагоддзі была пераведзена ў праваслаўе, тады, хутчэй за ўсё, капітальна рамантавалася ці ўвогуле перастрайвалася. Мабыць, менавіта з-за гэтага ў шматлікіх літаратурных крыніцах перыядам яе пабудовы лічыцца другая палова XIX стагоддзя.

Царква – помнік народнага драўлянага дойлідства. Двухзрубны храм: асноўны купалападобны аб'ём з трохграннай апсідай і бакавымі рызніцамі. У прасторавай кампазіцыі дамінуе высокі васьмігранны барабан са шлемападобным купалам. Арачныя аконныя праёмы аформлены рызнымі ліштвамі. Унутры апсіду вылучае двухярусны іканастас на сямнаццаць абразоў. Асобна пастаўлена званіца.


Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Вялікія Круговічы

Захаваліся чатыры Памятныя кніжкі 1860, 1865, 1871 і 1901 гадоў. 3 гэтых крыніц можна пачарпнуць шмат досыць цікавай інфармацыі аб гэтым хрысціянскім храме ў Вялікіх Круговічах.

На 1860 год святаром тут быў Нікіфар Іаанавіч Навіцкі, месца дзьячка было вакантным.

На 1865 год за святара быў трыццацічатырохгадовы Юліян Ануфрыевіч Гарбацэвіч, а дзьячком дваццацігадовы Аляксандр Навіцкі.

Адпаведна Памятнай кніжкі за 1871 год Круговіцкая Свята-Горгіеўская царква патрабуе значнага рамонту, да яе належала прыпісная Свята-Ушэсцкая царква ў Агарэвічах. У склад прыхода ўваходзілі вёскі Круговічы, Мельнікі, Шашкі, Агарэвічы, Ганцавічы і Гута. Прыхаджан налічвалася 1045 мужчынскага полу і 1030 жаночага. Святаром быў Юліян Ануфрыевіч Гарбацэвіч, які скончыў Мінскую духоўную семінарыю і служыў святаром з лістапада 1855 года. Меў набедранік і скуфью. За псаломшчыка быў Хрыстафор Мазюкевіч, які скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча. 3 пабудоў меліся, як для святара так і для псаломшчыка – дом, гумно, свіран, адрына і варыўня. Зямлі сядзібнай, ворнай, сенакоснай і пад зараснікамі шэсцьдзесят дзесяцін.

Пры царкве мелася сельская прыходская школа, адчыненая ў 1869 годзе, якая размяшчалася ў агульным доме. Навучалася тут дваццаць дзевяць хлопчыкаў і адна дзяўчынка.

У Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі, складзеным па афіцыяльна запатрабаваным ад прычтаў звесткам на 1879 год, захаваўся досыць вялікі і цікавы матэрыял аб прыходзе Круговіцкай царквы. Усё апісанне царвы і прыхода падзяляецца на шэсць частак: мясцовасць, царква, прычт, уладанні і сродкі ўтрымання царвы і прычту, царкоўныя і прыходскія ўстановы.

Пачнём як і ў Апісанні з першай часткі – мясцовасць. Сяло Круговічы размешчана ў даволі адасобленай мясцовасці, у трэцяй благачыннай акрузе Слуцкага ўезду. Ад Мінска знаходзіцца ў 154 вярстах, ад Слуцка ў 70, ад паштовай станцыі і ад Маскоўска-Брэсцкай чыгункі ў 72 вярстах адпаведна. У раёне прыхода знаходзіцца, у пяці вярстах ад царквы, рымска-каталіцкая могілкавая капліца (тут хутчэй за ўсё маецца на ўвазе драўляная капліца на могілках у Ясянцы, аб якой ішла гаворка ў мінулым артыкуле).

Частка другая – царква. Да 1845 года ў мясцовасці складаючай Круговіцкі прыход была і другая прыходская царква ў Агарэвічах, але па малалікасці прыхаджан у тым жа годзе прыход скасаваны і аб’яднаны з Круговіцкім.

Прыходская Свята-Георгіеўская царква размешчана ў канцы сялення Круговічы, калі менавіта і кім пабудавана невядома. Будынкам драўляная на каменным падмурку, уяўляе сабой від прадаўгаватага крыжа з адным купалам пасярэдзіне. Дзверы адны, вокны з рашоткамі размешчаны ў адзін рад. Дах гонтавы, які як і вонкавыя сцены, пафарбаваны мяслянымі фарбамі. Увогуле ў сценах даволі моцная, толькі паўзгніўшы дах можа быць заменены новым. Унутраная плошча складае каля 25 квадратных сажняў (53,3 м2). Пол драўляны. К ацяпленню царква не прыстасавана. Салея ўзвышаецца на адну прыступку, на ёй уладжаны клірасы. Іканастас новага ўладкавання пафарбаваны ў блакітны колер, з залачонымі карнізамі і рамамі, складаецца з сямнаццаці новага пісання ікон, размешчаных у два рады. Неабходныя для чынення богаслужэнняў утварныя рэчы маюцца ў неабходнай колькасці, але ўсе яны малакаштоўныя, так як зробленыя з апліке, акрамя аднаго сярэбранага літургічнага сасуда. Евангелі богаслужэбных два – адно ў лісце, а другое ў 1/8 ад ліста, абудва ў малінава-аксамітных пераплётах, з чаканенымі металічнымі выявамі. Вопраткі святарскай маецца восем прыбораў, усе з мішурнай парчы, з іх чатыры новыя, а чатыры зусім зношаныя. Да поўнага круга богаслужэбных кніг недастае толькі месячных міней. У царкоўным архіве захоўваюцца метрычныя кнігі з 1794 па 1850 і з 1852 і па сучасны год, а споведныя спісы і іншыя царкоўныя дакументы з 1841 года. Пагост царкоўны абнесены простаю драўлянаю агароджаю. Званіца пабудавана асобна ад царквы, у ёй размешчаны два званы – у 25 і 20 фунтаў (10 і 8 кг адпаведна). К гэтай царкве належаць: прыпісная драўляная Ушэсцкая царква ў вёсцы Агарэвічы, быўшая да 1845 года прыходскаю, і могілкавая – Варварынская ў вёсцы Любашава. Могілкаў у прыходзе сем.

Частка трэцяя – прыход. У склад прыхода ўваходзяць сяленні: Круговічы, Малыя Круговічы, Мельнікі, Гута, Шашкі, Агарэвічы, Ганцавічы і Любашава. Пры тым, што самая аддаленая вёска знаходзіцца ў чатырнаццаці вярстах. Прыхаджан налічваецца: 916 душ мужчынскага полу і 929 – жаночага. Усе яны сялянскага саслоўя. Акрамя хлебаробства і ўвогуле сельскай гаспадаркі займаюца вытворчасцю колаў для продажы на кірмашы. Рэлігіёзна-маральны стан прыходу здавальняючы: з малітвасловій развіта ўчыненне памінальных і заздраўных абедняў, малебнаў і крэсных хадоў па палям. З святаў асаблівай павагай карыстаюцца дні вялікамучаніка Георгія і пакрова Прасвятай Багародзіцы.

Частка чацвёртая – прычт. Прычт пры гэтай царкве складаецца з настаяцеля і псаломчыка. За настаяцеля святар Юліян Гарбацэвіч, скончыўшы курс Мінскай духоўнай семінарыі, які святарствуе з 1855 года і мае набедранік.

Частка пятая – уладанні і сродкі ўтрымання царквы і прычта. Царкоўнага дахода паступае 70 рублёў. Прычт, акрамя штатнага жалавання, атрымлівае 24 рублі ад уладальніка вёскі Івана Абуховіча. Таксама прычт карыстаецца царкоўнымі памяшканнямі і зямлёю. Царкоўнай зямлі налічваецца: сядзібнай – 1 дзесяціна 268 сажняў (далей дз і с адпаведна), раллёвай – 19 дз 226 с, сенакоснай – 3 дз 892 с, пад лясамі – 12 дз 396 с, непрыгоднай – 1038 с; пры прыпісной царкве: сядзібнай – 2349 с, раллёвай – 17 дз 940 сажняў, сенакоснай – 1 дз 238 с, пад лесам – 1694 с, непрыгоднай – 658 с. План на гэтую землю маецца і прычт ёй валодае безперашкодна. З пабудоў маюцца: для святара – дом, свіран, гумно, адрына, варыўня; для псаломшчыка – дом, гумно, адрына і варыўня. Абудва дамы яшчэ досыць моцныя, а іншыя пабудовы патрабуюць капітальнага рамонту.

Частка шостая – царкоўныя і прыходскія ўстановы. Пры царкве зацверджана царкоўна-прыхадское папячыцельства і існуе штатнае народнае вучылішча. Працэнт граматнасці паміж прыхаджанамі нязначны. Багадзельні няма.

Па памятнай кніжцы 1901 года царква была трухлявай. Прыпісных к ёй было дзве царквы. Склад прыходу складалі самі Вялікія Круговічы і сем навакольных вёсак. Прыхаджан налічвалася 1307 душ мужчынскага полу і 1204 — жаночага. Царкоўнай зямлі тры валокі. Прычтавыя пабудовы драўляныя і струхнелыя. Святаром і псаломшчыкам былі ўсё тыя ж Юліян Ануфрыевіч Гарбацэвіч і Хрыстафор Мазюкевіч.

Варта падрабязней спыніцца на царкве вёскі Агарэвічы. Час пабудовы Свята-Ушэсцкай царквы не высветлены. Адзначаецца ў 1910 годзе, як струхнелая. У 1845 годзе, як гаварылася раней, прыход быў скасаваны і аб'яднаны з Вялікакруговіцкім. У 1903 годзе пры царкве была пабудавана драўляная царкоўна-прыходская школа. Царква разабрана ў 1960 гадах. Яна ўяўляла сабой твор народнага драўлянага дойлідства. Храм быў вырашаны прамавугольным зрубам на дубовых стойках-штандартах. Над гонтавым дахам узвышалася галоўка, неашаляваныя фасады чляніліся чатырма аконнымі праёмамі.


Крыж на месцы, дзе размяшчалася Свята-Ушэсцкая царква ў Агарэвічах


Захаваўшыйся фрагмент царскіх варот Свята-Ушэсцкай Агарэвіцкай царквы,
які знаходзіцца ў Вялікакруговіцкай Свята-Георгіеўскай царкве


Сёння ў Агарэвічах дабудоўваецца новая Свята-Уладзімірская царква. Яна вырашана ў стылізаваных формах маскоўска-яраслаўскага царкоўнага дойлідства XVII стагоддзя па канону чатырохчасткавага храма падоўжана-восевай кампазіцыі: прытвор-званіца (васьмярык на чацвёрыку), трапезная, кубападобная двух’ярусная малітоўная зала з бакавымі прыдзеламі, паўкруглая апсіда з бакавымі рызніцамі. Другі кубападобны светлавы ярус малітоўнай залы апярэзаны какошнікавым парапетам і завершаны цыбулепадобным купалам на цыліндрычным барабане, архітэктурная выразнасць сродкамі арнаментальнай жоўта-чырвонай цаглянай муроўкі: гарадковыя фрызы, ліштвы арачных праёмаў, філёнгавыя вуглавыя лапаткі, аркатурныя парапеты. Цэнтральны ўваход адзначаны арачным двухслуповым рундуком пад двухсхільным пакрыццём, бакавыя – арачнымі парталамі.


Свята-Уладзімірская царква ў вёсцы Агарэвічы

У гэтай мясцовасці, акрамя праваслаўя, досыць шырока было распаўсюджана і каталіцтва. Прынамсі Абуховічы, якія валодалі не толькі Круговічамі, але і навакольнымі вёскамі, па веравызнанню былі каталікамі.

Капліца ў Вялікіх Круговічах знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы. Пабудавана ў XIX стагоддзі з цэглы як пахавальня ўладальнікаў сядзібы Абуховічаў, праўда ў гэтым накірунку па невядомых абставінах не выкарыстоўвалася.


Каталіцкая капліца ў вёсцы Вялікія Круговічы

Помнік архітэктуры неакласіцызму. Вырашана лапідарным прамавугольным у плане аб’ёмам пад стромкім двухсхільным дахам. Плоскасныя фасады пазбаўлены архітэктурнага дэкору, апяразаны карнізам простага профілю, прарэзаны арачнымі аконнымі ўваходнымі праёмамі. Пад капліцай сутарэнне пад цыліндрычным скляпеннем.
Катэгорыя: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны | Дабавіў: admin (26.03.2010) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 3198 | Тэгі: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны, Агарэвічы, Вялікія Круговічы, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.