Пятніца, 26.04.2024, 07:09

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны

Частка шостая: Малькавічы, Люсіна, Макава
Сучасная царква ў Малькавічах у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца пабудавана непадалёку ад могілак ў 1992-1994 гг. У пачатку XXI стагоддзя абкладзена цэглай. Твор народнага дойлідства. Вырашана крыжовым у плане аб’ёмам вальмавымі дахамі, завершанымі ў сяродкрыжжы, над пяціграннымі прыдзеламі і апсідай цыбулепадобнымі галоўкамі. Аналагічна завершана надбудаваная над фасадам чатырохгранная званіца. Уваход вырашаны праз нізкі прытвор пад двухсхільным дахам. Абкладзеныя цэглай фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.


Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Малькавічы

Першыя звесткі, згодна Ведамасці, аб праваслаўным храме ў Малькавічах, датуюцца 1865-м годам. Свята-Георгіеўская царква калі і кім пабудавана невядома. Будынак драўляны з такой жа званіцай, нядаўна адрамантаваныя. Пасад адзін, ў імя Святога Георгія. Начыненнем, уборамі і кнігамі на той час царква была бедная. Па штату ў адпаведнасці найвысокаму палажэнню ад 4 красавіка 1842 года тут павінны былі працаваць святар, дз’ячок, панамар і прасфірня. Зямлі пры гэтай царкве сядзібнай паўтары дзесяціны, ворнай – 30 і сенакоснай 30 дзесяцін адпаведна. Акрамя таго на рацы Цна мелася шэсць спецыяльных месцаў для лоўлі рыбы. Дамы і хлявы ў святара, дз’ячка і панамара былі новыя, а для прасфірні нічога не было пабудавана ўвогуле. На ўтрыманне прычту выдзялялася ў год 236 рублёў серабром. Бліжэйшая прыходская – Малаплотніцкая ў чатырнаццаці вёрстах. Захаваўся Вопіс царкоўнай маёмасці выдадзены Мінскай духоўнай кансісторыяй у чэрвені 1834 года № 4091 за подпісам сакратара Шабалоўскага.

Да Малькавіцкага храма належалі прыпісныя цэрквы ў Люсіне і Макаве. У Люсінскай Свята-Троіцкай царкве на 1865 год богаслужэнні праводзіліся, а ў Макаўскай Багаяўленскай з-за яе спарахнеласці – не.

Адпаведна Памятнай кніжкі за 1871 год Малькавіцкай Свята-Георгіеўскай царквы прыход яе складаўся з вёсак Малькавічы, Люсіна, Макава і Ліпск. Прыхаджан налічвалася 726 душ мужчынскага полу і 705 – жаночага. Святаром працаваў Раман Тышкевіч, а псаломшчыкам Іван Крычэтовіч. Прычтавыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы былі на той час новымі.

Адпаведна дакументаў Мінскай епархіі за 1879 год становіцца вядома, што Малькавіцкая царква згарэла 4 ліпеня 1877 года разам з усімі іншымі пабудовамі і пераважнай большасцю маёмасці. Згарэў таксама разам з іншымі набажэннымі рэчамі мясцова-шанаваны вобраз Святога Вялікапакутнага Георгія. Ад пажару ўцалелі толькі даразахавальніца, два святарскія ўбранні, два Евангеллі і некаторыя іншыя рэчы. У царкоўным архіве захоўваліся метрычныя кнігі з 1835 па 1877 гады.

У Малькавіцкім праваслаўным прыходзе знаходзілася чатыры могілкі і адна прыпісная Багародзіцкая царква ў вёсцы Люсіна. У склад прыхода ўваходзілі: сяло Малькавічы, вёскі — Ліпск, Люсіна і Макава. Самая аддаленая вёска размяшчалася за 19 вёрст ад царквы. Прыход складалі 548 душ (прыхаджан) мужчынскага полу і 552 душы жаночага полу. Усе адносіліся да сялянскага саслоўя. Ступень іх набожнасці царква ацэньвала як даволі нізкі.

Малькавіцкі Георгіеўскі храм быў бедным. Яго гадавы прыбытак складаў да 40 рублёў. Зямлі царкоўнай налічвалася ўсяго каля 50 дзесяцін, у тым ліку сенакоснай 13 і ворыўнай 30 дзесяцін адпаведна. Уся зямля знаходзілася ў адным месцы і гэтым была зручная для карыстання. Пры царкве працавала прыхадское папячыцельства. Прычт, апрача талавання, карыстаўся царкоўнай зямлёй.

З Памятнай кніжкі за 1901 год становіцца вядома, што новая драўляная Свята-Георгіеўская царква была пабудавана ў 1884 годзе. Вельмі цікавае супадзенне з годам праходжання праз вёску чыгункі і заснаваннем станцыі Малькавічы. До новай царквы была прыпісана могілкавая ў вёсцы Люсіна, пра Макаўскую звестак няма, відаць зусім спарахнела. Прыход складаўся з саміх Малькавіч і трох бліжэйшых вёсак, якіх невядома, але хутчэй за ўсё гэта былі: Люсіна, Ліпск і Макава. Прыхаджан налічвалася 900 душ мужчынскага полу і 888 – жаночага. Царкоўная зямля займала 54 дзесяціны. Прычтавыя пабудовы былі драўляныя ў недастатковай колькасці і патрабавалі рамонту. Прычт складаўся з усё тых жа святара Рамана Тышкевіча, скончыўшага Мінскую духоўную семінарыю і меўшага на той час скуфью, а таксама псаломшчыка Івана Тышкевіча, скончыўшага сельска-рамесляную школу. Пры царкве ў Малькавічах мелася прыходская школа. Загадчыкам і законавучыцелем быў мясцовы святар, а настаўнікам – Ганна Тышкевіч.

 
Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Малькавічы. 1941 год

Што тычыцца Макаўскай Богаяўленскай прыпісной царквы, то пабудавана яна была ў 1812 годзе на сродкі прыхаджан. Будынкам была драўлянаю, без званіцы, на момант напісання гэтага дакумента, датыроўку якога высветліць не ўдалося, патрабавала перабудовы. Пасад у ёй адзін у імя Багаяўлення Гасподняга. Начыненнем і ўборам вельмі бедная.

Аб Люсінскай прыпісной Свята-Троіцкай царкве захавалася крыху больш звестак. Пабудовай была драўлянаю з такою ж па пабудове званіцай. Калі і кім будавалася невядома, вядома толькі, што капітальна рамантавалася ў 1858 годзе. Пасад ў ёй быў адзін у імя Святой Троіцы. Начыненнем і ўборамі была бедная, царкоўных кніг зусім не было. Не было таксама і вопісу царкоўнай маёмасці. Дамоў і пабудоў прыпісаных царкве не было. Метрычных і грашовых запісаў на месцы не праводзілася, з-за таго, што гэта рабілася пры царкве.

У сваёй кнізе "Праваслаўныя храмы на Беларусі” ("Беларуская Энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі, 2001 г.) А.М. Калугін прыводзіць вось такія сведкі аб Люсінскім праваслаўным храме:” Люсінская Свята-Троіцкая царква знаходзілася каля старых могілак. Зруйнавана ў 1950-я гады. Уяўляла сабой твор народнага дойлідства. Была вырашана чатырохсценным зрубам пад гонтавым дахам са званіцай на фратальным фасадзе.”

Але прачытаны артыкул Вячаслава Смаля "Люсіна” ў падшыўках газеты "Народная трыбуна” за 2001 год, штурхае да больш падрабязнага разглядання гэтай праблемы: "…у частцы Люсіна пад назвай Сяло на пачатку ХХ стагоддзя размяшчалася ўніяцкая царква. У 1920-1930-я гады, калі вёска знаходзілася ў складзе Польшчы, яна была перабудавана пад каталіцкую капліцу, куды на служэнне прыяжджаў ксёндз з суседніх Малькавіч. Праваслаўная царква была пабудавана ў 1930-я гады. Прыгожая, высокая яна мела на сваім даху дзве вежы са званамі”. На жаль больш падрабязных звестак у гэтым артыкуле не прадстаўлена.

Дарэчы, зусім нядаўна, Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў вёсцы Люсіна рэлігійнай абшчыны "Прыход храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы”.

   

Выгляд касцёлу ў Малькавічах

Касцёл у Малькавічах быў пабудаваны пры чыгуначнай станцыі ў канцы 1930-х гадоў. А ўжо ў саракавыя гады мінулага стагоддзя, пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР, касцёл пераўтварылі ў склад. У сярэдзіне 1950-ых гадоў ён быў разабраны, частка піламатэрыялаў пайшла на будаўніцтва прыстройкі да старога будынка бальніцы, а другая ўвогуле папілавана на дровы. Касцёл быў драўляным, пабудаваны на пагорку, прамавугольным у плане. Па памерах ён быў не досыць вялікім: каталіцкага насельніцтва было не досыць шмат – працаўнікі чыгуначнай станцыі, уладальнік лесапілкі, ды невялікая колькасць асаднікаў. Сёння на месцы, дзе размяшчаўся касцёл, засталіся толькі рэшткі падмурку, таксама стаіць каталіцкі крэст, які ўвасабляе ў сабе непахіснасць веры.

 
Каталіцкі крэст на пагорку ў Малькавічах, дзе размяшчаўся касцёл

На вясковых могілках, што знаходзяцца па дарозе на суседні Ліпск, у канцы XІX стагоддзя была пабудавана каталіцкая капліца. Па іншых звестках пабудавана яна была ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя. Трэба адзначыць, што гэтыя могілкі былі ў свой час падзелены на дзве часткі: праваслаўную і каталіцкую, на якой і знаходзілася капліца. Толькі з адносна нядаўняга часу гэтае раздзяленне знікла. Капліца прастаяла да сярэдзіны 1980-х гадоў, калі згарэла па вельмі банальнай прычыне: сяляне спальвалі апаўшае ліcце і агонь перакінуўся на саму пабудову, патушыць якую на жаль не ўдалося.

 
Каталіцкая капліца на новых могілках у Малькавічах. Другая палова ХХ ст
Катэгорыя: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны | Дабавіў: admin (01.05.2010) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 3719 | Тэгі: Макава, Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны, Люсіна, Малькавічы, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.