Чацвер, 28.03.2024, 16:06

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны

Частка сёмая: Хатынічы, Раздзялавічы, Боркі
Калі дакладна была пабудавана першая царква ў вёсцы Хатынічы невядома. Але першыя звесткі аб драўляным храме ў гонар Святога Архангела Міхаіла ў гэтай вёсцы датуюцца XVIII стагоддзем. Царква – помнік народнага драўлянага дойлідства, была вырашана прамавугольным у плане зрубам пад вальмавым гонтавым дахам, які па цэнтры быў завершаны шатровым чацвёрыкам і крыжамі па краях вільчыка. Вертыкальна ашаляваныя сцены чляніліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

Адпаведна Ведамасці аб прыходскай Хатыніцкай Свята-Міхайлаўскай царкве за 1865 год: будынкам драўляная, з такой жа званіцаю, дастаткова трывалая. Пасад у ёй адзін у імя святога Міхаіла. Начыненнем патрэбным рэшткавая. Царква гэтая па ліку прыхаджан к ёй прыпісаных адносіцца к пятаму класу. Прычта пры ёй па штату зацверджанага Мінскай духоўнай кансісторыяй ад 4 красавіка 1842 года – святар, дз’ячок, панамар і прасфірня.


Малюнак Свята-Міхайлаўскай царквы ў вёсцы Хатынічы

Зямлі пры гэтай царкве па дакладнаму вымярэнню маецца: пад пабудовамі прычта – 820 сажняў (0,4 га), сядзібнай – 3 дзесяціны (3,3 га), раллёвай – 19 дзесяцін (20,8 га), сенакоснай на 70 вазоў і ўвогуле непрыгоднай – 5 дзесяцін (5,5 га). Уся зямля размяшчаецца ва ўрочышчах Навозы, Захарчын і Семішча. На гэтую зямлю план складзены, але не зацверджаны епархіяльным начальствам і перапіска пагэтаму праводзіцца з мэтаю замены царкоўных зямель на абшарніцкую. Пазначанай зямлёю валодае сам прычт.

На ўтрыманне прычта па штату на 4 красавіка 1842 года выдзялялася 236 рублёў серабром, а на 1865 год – 188.

Гэтая прыходская царква ад Мінскай духоўнай кансісторыі размяшчалася на адлегласці 180 вёрст (192 км), а ад уезнага горада Пінска ў 72 вярстах (76,8 км). Бліжэйшыя прыходскія к Хатыніцкай царкве храмы Малаплотніцкі Багародзічны ў 20 вярстах (21,3 км), Дабраслаўскі Свята-Троіцкі ў 28 вярстах (30 км).

Таксама захаваліся дзве Ведамасці аб Раздзялавіцкай царкве ў імя Раства Прасвятой Багародзіцы і Боркаўскай капліцы ў імя Богаяўлення Гасподняга. Хутчэй за ўсё гэтыя дзве Ведамасці былі зроблены ў 1865 годзе, калі падобнае апісанне праводзілася і ў прыходскай царкве ў вёсцы Хатынічы.

Згодна Ведамасці аб прыходскай Боркаўскай Богаяўленскай капліцы была яна пабудавана невядома калі і кім. Будынкам была драўляная, без званіцы, не абагравался, у 1855 годзе зусім абрынулася. Начыння і кніг пры ёй не было.

Па Ведамасці аб прыпісной Раздзялавіцкай Багародзічнай царкве вядома, што яна таксама была пабудавана невядома калі і кім. Будынкам драўляная, без званіцы, моцная. Не атаплівалася. Пасад у ёй быў адзін у імя Раства Прасвятой Багародзіцы.

Зямлі пры царкве па дакладным вымярэнням: сядзібнай – 1 дзесяціна (1,1 га), раллёвай – 39 дзесяцін (42,6 га), сенакоснай – 5 дзесяцін (5,5 га). Уся зямля размяшчалася ва ўрочышчах Гарліёны, Комны, Надзелеў і Стрыжань. На гэтую зямлю план быў складзены, але не зацверджаны епархіяльным кіраўніцтвам. Вышэй указанай зямлёй карыстаецца прычт для сваіх патрэб.

Адпаведна Памятнай кніжкі за 1871 год у Хатынічах размяшчалася царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы(?!). Будынкам драўляная, трывалая. Да яе прыналежала прыпісная царква ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы ў Раздзялавічах. У склад прыходу ўваходзілі вёскі Хаценічы (менавіта так названы Хатынічы), Раздзялавічы і Боркі.

За благачыннага святара быў Андрэй Бернацкі, а святаром усё той жа Максім Ціхановіч, які на той час меў набедранік, скуфью, камелоўку, наперстны крэст, ордэн Святой Алены 3-й ступені і ордэн Святога Ўладзіміра 4-й ступені. Псаломшчыкам быў Пётр Валачковіч, які меў стыхар.

Прыхаджан налічвалася 929 душ мужчынскага полу і 918 жаночага. Прычтавыя пабудовы, за выключэннем гаспадарчых пабудоў святара, знаходзіліся ў здавальняючым стане. Зямлі сядзібнай – 49 дзесяцін (53,5 га), раллёвай – 59 дзесяцін (64,5 га), сенакоснай – 49 дзесяцін (53,5 га) і непрыгоднай для гаспадарання адпаведна 5 дзесяцін (5,5 га).

У Хатынічах пры царкве ў агульным доме з 1863 года пачала працаваць прыходская школа, у якой на 1871 год навучалася 28 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі.

У Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі, складзеным па афіцыяльна запатрабаваным ад прычтаў звесткам на 1879 год, захаваўся досыць вялікі і цікавы матэрыял аб прыходзе Хатыніцкай Свята-Міхайлаўскай царквы. Усё апісанне царвы і прыхода падзяляецца па плану на шэсць частак: мясцовасць, царква, прычт, уладанні і сродкі ўтрымання царвы і прычту, царкоўныя і прыходскія ўстановы.

Пачнём як і ў Апісанні з першай часткі – мясцовасць. Сяло Хатынічы, Пінскага ўезду, 2-ой благачыннай акругі, размешчанае пры паштовай дарозе, ідучай з Мінску ў Пінск, знаходзіцца ад губернскага гораду ў 180 (192 км), ад уезднага – 72 (76,8 км) і ад чыгункі ў 66 вярстах (70,4 км) адпаведна. У шасці вярстах (6.5 км) ад Хатыніч знаходзяцца так званыя Шведскія горы, у якіх пахаваны шведы, забітыя ў бітве ў 1709 годзе (падаецца, што зусім не шведы там пахаваны, а прадстаўнікі плямёнаў дрыгавічоў – заўвага аўтара).

Частка другая – царква. Аб часе пабудовы звестак не захавалася, ад сяла знаходзіцца на адлегласці ў 100 сажняў. Пабудавана на сродкі памешчыка графа Тызенгаўза, пабудоваю драўляная ў выглядзе прадаўгаватага прамавугольніка, з адным глухім купалам, гонтавым дахам, аднымі ўваходнымі дзвярамі і адным ярусам акон без жалезных рашотак. Унутраная плошча яе разам з алтаром складае 46 квадратных сажняў (209 м² – заўвага аўтара), столь выслана дошкамі, сцены пабеленыя, пол драўляны, перадалтарная частка не ўзвышаная; адзін клірас уладжаны з правага боку, насупраць храмавага абраза. Двух’ярусны іканастас, афарбаваны ў белы колер, з пілястрамі і афарбаванымі карнізамі і рамамі, новага ўладкавання. У ім маецца пятнаццаць абразоў рознага размеру простага пісьма. Рызніца змяшчаецца ў шафах, алтары і царкве. Царква к ацяпленню не прыставана, пасад у ёй адзін у імя Архістаціга Міхаіла. Неабходнае набажэнскае начыненне маецца, але ўсё яно малакаштоўнае; літургічныя сасуды срэбныя, пазалачоныя. Рыз маецца шэсць, з іх тры новых, у тым ліку адна атласная і тры старых, але годных для ўжывання. Набажэнскае евангеле, у ліст, Кіеўскага друку, новае абкладзенае меднымі дошкамі, зверху пазалочанае, а знізу пасрэбранае, з фініфцевымі малюнкамі Уваскрасення Хрыстова і Евангелістаў. Іншых набажэнскіх кніг маецца поўны круг. У царкоўным архіве метрычныя кнігі захоўваюцца з 1818 году. Царкоўны пагост абнесены дашчатаю агароджаю, плотам ў стаўбы. Званіца ўладкавана асобна на чатырох слупах; у ёй два званы ў 1 пуд 18 фунтаў і 1 пуд (20,8 і 16,3 кг адпаведна – заўвага аўтара). У прыходзе маюцца трое могілак; ні капліц ні могілкавых цэркваў няма; ёсць прыпісная царква ў вёсцы Раздзялавічы.

Частка трэцяя – прыход. У склад прыходу ўваходзяць: сяло Хаценічы (менавіта так названы Хатынічы ў дакуменце – заўвага аўтара) і вёскі Раздзялавічы і Боркі, апошняя знаходзіцца ў 17 вярстах. Прыхаджан налічваецца мужскога полу 811 душ і жаночага – 813. Усе яны сялянскага саслоўя і займаюцца хлебаробствам і пчалярствам. Ступень іх рэлігіёзнасці не высокая. Грамадскія малітваслоўі не развітыя.

Частка чацвёртая – прычт. Прычт складаецца з настаяцеля і псаломшчыка. Настаяцелем з’яўляецца святар Максім Ціхановіч з сярэдняга аддзялення семінарыі, святарствуе з 1832 года, а настаяцелем на нынешнім месцы знаходзіцца з 1857 года. Выконваючы справы псаломшчыка Пётр Валачковіч на пасадзе з 1832 года.

Частка пятая – уладанні і сродкі ўтрымання царквы і прычта. Царкоўнага даходу ў год паступае да 40 рублёў. Прычт, акрамя штатнага даравання, карыстаецца царкоўнаю зямлёю і памяшканнямі. Зямлі маецца: сядзібнай 3 дзесяціны 1866 квадратных сажняў (4,1 га, далей дз і кв с адпаведна – заўвага аўтара), раллёвай 19 дз 1450 кв с (21,4 га), сенакоснай 9 дз 1484 кв с (10,5 га), балотнай на 60 вазоў сена і нязручнай 5 дз 1424 кв с (6,1 га); уся яна размяшчаецца на шасці дзялянках. План на землю, выключаючы балотны сенакос, маецца, а межавай кнігі няма. Сядзіба прычту паблізу царквы. Усе пабудовы для размяшчэння прычту маюцца, але адно з іх патрабуе папраўкі, другія перабудовы, што і падцверджана камісіяй, аглядваўшай іх у 1877 годзе.

Частка шостая – царкоўныя і прыходскія ўстановы. У прыходзе маецца царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча. Граматнымі можна лічыць 5 %. Багадзельні няма.

Новая царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы была размешчана ў цэнтры вёскі, стаяла ў глыбіні свабоднага ад забудовы ўчастка, у скверы. Пабудавана ў 1868 годзе (дадзеныя прыведзены згодна кнігі А.М. Калугіна "Праваслаўныя храмы на Беларусі” – заўвага аўтара) з дрэва архітэктарам Вайтовічам. Знішчана ў 1980-м годзе.


Свята-Успенская царква ў вёсцы Хатынічы, праіснаваўшая да 1980 году

Помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. Тры зрубы прызначаны для званіцы, бабінца, малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, прамавугольнай апсіды. Асноўны купалападобны аб’ём завяршаў васьмераковы светлавы барабан. У кампазіцыі будынка вылучаліся кампактна вертыкальная званіца і прыземісты асноўны аб’ём. Царква і званіца завяршаліся аднолькавымі васьмерыковымі барабанамі з чатырохшчытовымі шатрамі. Бакавыя фасады мелі ярусна ўзрастаючую кампазіцыю. Такая трактоўка фасадаў зменшыла плоскасць будынка і ўзбагаціла яго сілуэт. У архітэктуры царквы значнае месца займаў дэкор: карнізы, фрызы, ліштвы аконных праёмаў, вуглавыя пілястры і шчыты шатроў, драўляная разьба, якая вельмі ажыўляла фасады і выяўляла іх тэктоніку, падкрэсліваючы аб’ёмы і асноўныя чляненні. Характар разьбы быў вельмі рознабаковы : класіцыстычныя ордэрныя формы, матывы руска-візантыйскага стылю, народная драўляная разьба.

У прастору малітоўнай залы адкрываўся светлавы барабан з шатровым скляпеннем на ветразях і праз шырокія прасветы – памяшканні бабінца,апсіды і прытвораў.

Згодна з Памятнаю кніжкай за 1901 год Хатыніцкая Свята-Успенская царква была пабудавана ў 1874 годзе, розніца з дадзенымі А.М. Калугіна шэсць гадоў, тым больш, што і ў Памятнай кніжцы за 1871 год яна была згадана. Але, што самае цікавае, яна ні якім чынам не была ўпамянутая ў апісанні прыхода за 1879 год, пры тым пры ўсім, што ўжо як мінімум праіснавала пяць гадоў. Вось дзе загадка! Згодна з вышэй узгаданаю Памятнаю кніжкаю да Хатыніцкай царквы была прыпісана царква ў Раздзялавічах. Прыход складаўся з Хатыніч, Раздзялавіч і Борак. Прыхаджан налічвалася 1166 душ мужскога полу і 1087 – жаночага. Плошча зямлі пры самастойнай царкве складала 58 дз 1485 кв с (64 га), а пры прыпісной 63 дз 1480 кв с (69,5 га). Прычтавыя пабудовы былі драўляныя ў нездавальняючым выглядзе. Святарстваваў тут з 1889 году Іаан Радакоўскі, а за псаломшчыка быў Антон Жэлезняковіч.

Якім сяло Хатынічы было на пачатку ХХ стагоддзя апісаў Якуб Колас у першых главах трылогіі "На ростанях” праз уражанні маладога настаўніка Лабановіча: "Вёска была досыць вялікая, цягнулася ў адну лінію, і толькі каля цэркаўкі (Свята-Успенскай)на ўзгорку хаты гуртаваліся гусцей і шырэй. Злева, пры канцы вёскі, стаяў дом валаснога праўлення з двумя высокімі чырвонымі комінамі над пачарнелым дахам. Насупраць, на другі бок вуліцы, выглядала школа з белымі аканіцамі і двумя ці трыма развіслымі вязамі каля яе. Пры дарозе ў вёску, крыху на водшыбе, маркотна тулілася старэнькая драўляная цэркаўка (Свята-Міхайлаўская). Цяпер яна стаяла адзінокая, закінутая, забытая, і толькі богабаязны падарожны, праходзячы каля яе, прыпыняўся і хрысціўся, набожна схіліўшы галаву”.

Па ўспамінах старажылаў служба ў царкве не спынялася нават у самыя цяжкія часы.

Добрую памяць пасля сябе пакінуў святар Мушынскі, які прыехаў у в.Хатынічы ў калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. З успамінаў Рылка Марыі Раманаўны: "Бацюшка прыехаў у в. Хатынічы са сваёй жонкай і двумя дзецьмі. Старэйшы сын Сцяпан быў бялявы, падобны на матушку. Малодшая Ліля была смуглявая, як бацюшка. Усе яны былі вельмі прыгожыя і статныя. Знешняя прыгажосць спалучалася з унутранняю. Сям’я святара мела вялікую гаспадарку, многа зямлі: па вуліцы Зарэчнай, на Касмачах, Крупанях, былі пакосы. Бацюшка быў добрым гаспадаром. Упраўляцца з вялікай гаспадаркай і працаваць на зямлі прыходзілі людзі, якім не было чым заплаціць за паслугі – хрэсьбіны, вяселле і г.д. У школе бацюшка выкладаў Закон Божы. Вяскоўцы былі людзьмі веруючымі, у час паста абавязкова пасцілі, на святы, у нядзелю не працавалі, але ў царкве мнагалюдна было толькі на вялікія гадавыя святы, асабліва на Вялікдзень. Тады моладзь парамі хадзіла вакол царквы. Кожны мог падняцца высока на званіцу і пазваніць. Таму на свята не сціхаў калакольны звон, а ў царкве гучаў чаруючы спеў царкоўнага хора, у якім спявала матушка, яе дзеці – Сцяпан і Ліля, вяскоўцы Дэнда, Покаль, Благачынны, Зося, Маня Масаліха, Маня Рылка. Калі ў вёсцы паміраў чалавек, то абавязкова ў царкве званілі, апавяшчаючы вяскоўцаў аб гэтым. Пра адпяванне дамаўляліся на другі дзень. Адпявалі пакойніка ў хаце, а пасля неслі ў царкву і зноў званілі, даючы вяскоўцам знак, каб тыя выходзілі з хат і развітваліся са сваім аднавяскоўцам. Званіць, прадаваць свечкі ўваходзіла ў абавязкі старасты. Вялікая Айчынная вайна прынесла гора ў кожную хату. Не абышло яно і дом свяшчэнніка – загінуў сын бацюшкі – Мушынскі Сцяпан. Праз некалькі гадоў пасля вайны быў арыштаваны бацюшка і царкоўны актыў. Бацюшку растралялі. Пасля Мушынскага у Хатынічах святаром быў Лапко, а затым, да 1959 года – Каліноўскі Міхаіл Якаўлевіч. Пасля смерці Каліноўскага, царквой упраўляў вясковы жыхар, якому далі прозвішча Благачынны. Ён адпяваў пакойнікаў, хрысціў дзяцей на даму”.

А вось, што ўспамінае былы настаўнік гісторыі Пісарык Мікалай Кірылавіч: "Некалі багатая Свята-Успенская царква пачала скуднець, прыйшла ў заняпад. З’явіліся людзі, якія пачалі скупляць царкоўную маёмасць, таму ўсё каштоўнае, што было ў царкве паступова была згублена. Разбурылі царкву не адразу. Прагніў дах, амаль разбурыўся адзін з купалоў. Царква патрабавала капітальнага рамонту. Туды пачалі лазіць дзеці, мясцовая гаспадарка пачала выкарыстоўваць святое месца, як склад для сваёй прадукцыі. Тое каштоўнае, што заставалася ў царкве перад разбурэннем, на падводзе прыехаў забраць Малькавіцкі святар. У дапамогу яму для пагрузкі са школы былі адпраўлены некалькі вучняў старэйшых класаў Хатыніцкай сярэдняй школы. Вярнуўшыся ў клас яны прынеслі апошнія царкоўныя каштоўнасці – Евангеле, Біблію, карціну "Явление Христа народу” і ведамасці епархіі Мінскай губерні, Пінскага ўезду, сяла Хатынічы Міхайла Архангельскай царквы” за 1832 і 1859 гады. На аснове гэтых кніг была ўстаноўлена колькасць насельніцтва, якое пражывала ў вёсках Хатынічы, Раздзялавічы і Боркі ў тыя гады. У 1980 годзе, напярэдадні Вялікадня, у крашчоную суботу царкву разбурылі”.


Сучасная Свята-Успенская царква

У 1992 годзе на Каляды, пасля доўгага перарыву, адбылася служба у пустуючым на той час доме, які быў часова прыстасаваны пад царкву. У хуткім часе пачалося будаўніцтва новага храма, на тым жа месцы, дзе ён знаходзіўся раней. Асвячэнне Свята-Успенскай царквы адбылося за два тыдні да Вялікадня ў дзень Пахвалы Прасвятой Багародзіцы ў 1994 годзе. З 1992 года і па сённяшні дзень (2010 год – заўвага аўтара) настаяцелем Свята-Успенскай царквы з’яўляецца іерэй Сяргей Антонавіч Бірук.

Новая царква вырашана па кампазіцыі папярэдняга храма ў стылізаваных формах рэтраспектыўна-рускага стылю. Яе фарміруюць прамавугольныя ў плане прытвор-званіца, кароткая трапезная, цэнтрычная малітоўная зала з бакавымі прыдзеламі, прамавугольная апсіда. Над пакатым чатырохсхільным дахам цэнтральнага аб’ёму і шатром васьміграннай званіцы ўзведзены цыбулепадобныя галоўкі.
Катэгорыя: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны | Дабавіў: admin (21.05.2010) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 3369 | Тэгі: Віталь Герасіменя, Хатынічы, Раздзялавічы, Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны, Боркі | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.