Чацвер, 18.04.2024, 20:32

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны

Частка восьмая: Ганцавічы, Любашава
Аб магчыма першым хрысціянскім храме ў блізкім наваколлі Ганцавіч можна даведацца з Інвентара асобнага фальварка Ганцавічы, прададзенага Макавецкімі Навагрудскаму падстолію і ваяводу пану Юзафу Абуховічу датаваным 23 красавіка 1773 года. У гэтым дакуменце досыць падрабязна апісваецца гэты аб’ект.

«Царква, альбо касцёлік Ганцавіцкі за вёскай Ганцавіцкай, размяшчаецца на адлегласці каля чвэрці мілі ад двара. Гэты касцёлік пад тытулам Святога Антонія са спарахнелым дахам і пашкоджанымі сценамі наскрозь, як сіта, унутры ніякага аздаблення не мае, нават алтары пустыя, шкло з вокнаў павынімана і драніцамі забіта, патрабуе найхутчэйшага рамонту. Пры гэтым касцёлку, альбо царкве, здаўна ніякага плябана
(прабашча – заўвага аўтара) не было, пагэтаму аб плябаніі нічога паведаміць нельга. Круговіцкая парафія і плябанія пастырскай увагай не занядбаныя, аднак невядома, калі быў дадзены фундуш і ўтворана парафія, але калі гэты фундушовы дакумент знойдзецца, то мы ад таго права каляторства адмаўляемся на карысць новага дзедзіча пана Юзафа Абуховіча, навагрудскага падваяводы, які мае падбіраць і прэзентаваць новых парохаў». Верагодней за ўсё і тут не абыйшлося без уніяцтва, ў сувязі з чым і узнікае путаніца ў назве – касцелік, царква. На сённяшні час устанавіць, дзе дакладна размяшчалася гэтая царква не прадстаўляецца магчымым.

Цікавае вызначэнне тэрміну каляторства дае заснавальнік фотаэнцыклапедыі "Нашы касцёлы" Дзяніс Салаш: "Каляторства – карупцыйны прывілей. Калі вельмі груба, то права каляторства давалася фундатарам. Не ўсім. Фактычна каляторства – гэта цалкавітае кіраванне парафіяй уладальнікам прывілею і... права выбара пробашча для сваёй парафіі. Такі сабе перажытак XVII стагоддзя. Часцяком гэтым правам падкупалі кальвіністаў, каб тыя вярталіся да каталіцызму, бо ў кальвіністаў гэты карупцыйны чыннік быў моцна распаўсюджаны і тады, і цяпер. Прыгадайце той жа фільм "Джывс і Вустэр". Там малады пастар амаль на каленях выпрошвае пасаду вікарыя ў парафіі буйнога англасаксонскага землеўладальніка.

Фундатар касцёла, які згодна з прывілеямі, якія яму за гэта належалі меў права прызначаць на пасады плябана любога святара, нават без вышэйшых святарскіх пасвечанняў, і які (плябан), нават мог быць свецкім. Намінальна падаваліся паперы на зацвярджэнне біскупам азначанага плябана на азначанай парафіі, але адмоваў практычна не сустракалася. Спадкаберцы калятара выконвалі яго функцыі. Ну і шэраг прывілеяў, які належыў калятарам: спецыяльная лаўка ў касцёле блізка прэзбітэрыя, умяшчэнне памятнай табліцы ў касцёле, бясплатнае пахаванне, Пасхальная ежа пасвячалася ў калятара дома, куча набажэнстваў у іх інтэнцыі. Ну і абавязкі меў: матэрыяльнай падтрымкі парафіі, у выніку вакату павінен быў знайсці плябана на парафію, меў і захоўваў дакумент эрыгуючы парафію... Расійскі варыянт гэтага азначэння – ктитор”.

Пасля падпісання ў 1839 годзе полацкага царкоўнага сабору царква пераходзіць у праваслаўе. Колькі яшчэ хрысціянская святыня праслужыла праваслаўным вернікам дакладна не вядома.

Адпаведна энцыклапедыі "Каталіцкія храмы Беларусі" пад рэдакцыяй А.М. Калугіна Касцёл Звествавання Найсвяцейшай Дзеве Марыі быў пабудаваны ў 1911 годзе, калі быў адкрыты часовы храм і пачата будаўніцтва новага мураванага, завяршыць якое перашкодзіла Першая сусветная вайна. Парафія налічвала тры тысячы прыхаджан. Таксама мелася прыпісная капліца ў вёсцы Малькавічы.

 
Плошча мястэчка Ганцавічы.
На заднім плане касцёл, побач з якім званіца. Здымак да 1934 года

Па іншым архіўным дакументальным звесткам касцёл у Ганцавічах, на той час мястэчку, быў пабудаваны ў 1921 годзе і больш паходзіў на каплічку з асобна пабудаванай званіцай. Пад час пажару 1934 года гэты касцёл згарэў. У 1934-1936 гадах на месцы пажарышча быў пабудаваны новы драўляны касцёл. Святыня будавалася пад кіраўніцтвам ксяндза Францішака Смаршчэўскага. Званы для касцёла купіў пан Свіжынскі, маёнтак якога размяшчаўся паміж вёскамі Любашава і Сукач. Побач з касцёлам была пабудавана плябань – дом для пражывання ксяндза.

 
Касцёл Звествавання Дзеве Марыі ў мястэчку Ганцавічы.
1930-я гады

У 1939 годзе парафію ўзначаліў ксёндз Курэк, але ў 1940 годзе яго арыштавалі бальшавікі. Людзі і цяпер памятаюць яго словы: "Дзе няма Бога, там няма хлеба. Дзе няма Бога, там няма культуры".

Гэты будынак касцёла прастаяў на гарадской плошчы да 1957 года. Пасля Другой сусветнай вайны ў ім яшчэ некаторы час праводзіліся набажэнствы, а потым будынак перабсталявалі пад дом культуры. У канцы 1950-х гадоў касцёл разабралі, а з яго матэрыялаў па вуліцы Перамогі ў сасновым бары (цяпер там стаіць СДЮШАР) збудавалі "Зялёны тэатр". Чаму зялёны? Яго лепей было б назваць летнім, таму што працаваў ён толькі ў летнюю пару. Але, відаць, паняцці "зялёны" і "летні" ў таго, хто даваў яму падобную назву, асацыіраваліся ў адно. А можа, яго назвалі "зялёным” з-за пастаяннага колеру яго афарбоўкі – нязменна зялёнай?! А на месцы касцёла быў пабудаваны сучасны будынак Дома культуры.

У плябані – доме ксяндза, пасля Другой сусветнай вайны, размясцілася рэдакцыя газеты "Сялянская праўда”, калі скасавалі Ганцавіцкі раён, як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку – Дом піянераў, а з 1966 года – зноў рэдакцыя раённай газеты. Менавіта з гэтага года "раёнка" пачала насіць назву "Савецкае Палессе".

 
Касцёл Звествавання Дзеве Марыі ў горадзе Ганцавічы

Новы будынак касцёла быў пабудаваны па той жа вуліцы Кацёльнай-Кастрычніцкай, але на іншым месцы ў 1999 годзе з цэглы. Ён вырашаны ў сучасных формах стылізаванай готыкі, прамавугольным у плане пад двухсхільным дахам аб’ёмам, да якога далучана ніжэйшая пяцігранная апсіда з бакавымі сакрысціямі. Франтальны фасад надзелены вертыкальнай дамінантай – чатырохграннай шатровай вежай. Фасады расчлянёны стральчатымі вокнамі-біфорыўмамі, пад уваходным парталам – круглае вакно-ружа.

Царква ў імя свяціцеля Ціхана, патрыярха Маскоўскага ў Ганцавічах была пабудавана на скрыжаванні вуліц Кастрычніцкай і Будаўнікоў на пачатку ХХІ стагоддзя з цэглы. Пяцікупальны храм са званіцай вырашаны ў традыцыях старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Асноўная архітэктурная тэма – закамернае вырашэнне фасадаў, прарэзаных вузкімі вертыкальна выцягнутымі арачнымі аконнымі праёмамі. Будынак вызначаецца грабнасцю архітэктурных форм, маляўнічым шматкупальным сілуэтам, вертыкальнай імклівасцю.

 
Свята-Ціханаўская царква ў горадзе Ганцавічы

Па інтэрнэту блукае фотаздымак, прадстаўлены як Свята-Варварынская царква ў вёсцы Любашава. На самой справе гэта праваслаўная царква ў імя Аляксандра Неўскага, па іншых звестках Праабражэнская, якая знаходзілася ў пасёлку гарадскога тыпу (мястэчку) Любяшоў, што на Валыншчыне Украіна.

 
Фотаздымак, які вельмі часта падпісваецца,
як Свята-Варварынская царква ў вёсцы Любашава


Кропку на даследваннях па тэме "Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны" рабіць не будзем. Не закранутым увогуле застаўся яшчэ адзін з напрамкаў хрысціянста – пратэстантызм. Ды па каталіцкіх і праваслаўных святынях засталося яшчэ вельмі шмат пытанняў. Таксама маладаследаванымі, з-за вялікага прайшоўшага перыяду, засталіся ўніяцкія святыні. Ўвогуле працы яшчэ вельмі шмат. І тым цікавей!
Катэгорыя: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны | Дабавіў: admin (03.06.2010) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 2860 | Тэгі: Ганцавічы, Любашава, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.