Чацвер, 25.04.2024, 20:27

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Музейны архіў

Ад калекцыі праватнай, да калекцыі музейнай
Амаль кожны з нас асабліва ў дзяцінстве займаўся збіраннем розных рэчаў. У невялічкія прыватныя калекцыі траплялі наклейкі з бутэлек, паштовыя маркі, банкноты і манеты, укладышы з жавальных гумак, а таксама шмат чаго іншага, што магло зацікавіць пачынаючага калекцыянера. Як часта папаўнялася калекцыя новымі рэчамі і як доўга яна існавала ў пераважнай большасці залежала ад самаго чалавека, які займаўся падобным збіральніцтвам.

Музей у нечым нагадвае прыватных калекцыянераў. Ён праз збіральніцтва папаўняе свае фонды і адпаведныя калекцыі прадметамі выяўленчага мастацтва, нумізматыкі, дакументаў, разнастайных рэчаў, што могуць несці цікавасць для дадзенай установы, але робяць гэта ў значнай частцы выпадкаў больш сістэмна і грунтоўна.

Перыядычна шляхі прыватных калекцыянераў і музеяў перасякаюцца. Падставай можа быць правядзенне як сумесных, так і персанальных выставак. Альбо перадача сваіх калекцый у фонды музея. У 2017 годзе жыхар горада Ганцавічы Пётр Уладзіміравіч Шуляк аддаў Ганцавіцкаму раённаму краяўзначаму музею сваю калекцыю значкоў у колькасці 62 штукі. Усе яны адносяцца да савецкага перыяду і пераважная большасць якіх выканана на спартыўную тэматыку.

Што тычыцца значкоў на тэматыку спорта, то пэўная частка з іх прысвечана асобным відам — футбол, хакей, валейбол, тэніс, вольная барацьба, лёгкая атлетыка і іншыя; аб’яднанням — «Дынама», «Крылы Саветаў», «Спартак», «ЦСКА»; падзеям — Хакейны турнір на прызы газеты «Известия», чэмпіянату Еўропы па боксу 1969 года, летнія Алімпійскія гульні 1972 года, што прайшлі ў Мюхене, а тасама ці не галоўнай спартыўнай падзеі, якая адбылася на тэрыторыі СССР — летнія Алімпійскія гульні 1980 года.

Значкі да летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года ў Маскве

Яны сталі 22-і за ўсю гісторыю правядзення летніх Алімпіяд, сталіца — Масква, але спаборніцтвы па асобным відам прымалі і іншыя гарады — Ленінград, Кіеў, Мінск (усе — футбол), Талін (парусная рэгата) і падмаскоўныя Мыцішчы (кулявая стральба). Летнія Алімпійскія гульні 1980 года прайшлі з 19 ліпеня па 3 жніўня, у іх прынялі ўдзел 5179 спартсменаў з 80 краін і былі разыграныя 203 камплекты узнагародаў у 21-м відзе спорту. Самі гульні сталі яшчэ вядомы і тым, што больш за 60 краінаў байкатавалі Алімпіяду, афіцыйная прычына — увод у 1979 годзе савецкіх войскаў у Афганістан. Трэба адзначыць, што летняя Маскоўская Алімпіяда не адзіная ў гісторыі ў плане байкоту, рознымі ступенямі пратэсту адзначаюцца ці не кожныя аналагічныя спаборніцтвы. Асабліва ў гэтым плане варта выдзяліць летнія Алімпійскія гульні 1984 года ў Лос-Анджэлесе (ЗША), якія праігнаравалі СССР і большасць сацыялістычных краін.

Але для простых савецкіх грамадзян летняя Алімпіяда 1980 года, нягледзячы на ўсе палітычныя супрацьстаянні, стала сапраўдным святам. Дзякуючы жыхару горада Ганцавічы Яўгену Дзмітрыевічу Акулаву, які ў якасці балельшчыка стаў удзельнікам гульняў, у фонды нашага музея трапілі некалькі ўваходных білетаў на асобныя спартыўныя спаборніцтвы, а таксама разнастайныя не меньш цікавыя артэфакты, сярод якіх выдзяляецца ўваходны білет на святочную цэрымонію закрыцця гульняў, якую большасць людзей сталага ўзросту памятаюць па шчымліваму моманту развітання з талісманам Маскоўскай Алімпіяды мядзведзікам Мішкай.

Турыстычная пуцёўка і ўваходныя білеты на летнія Алімпійскія гульні 1980 года ў Маскве

Застаемся ў спартыўнай тэматыцы і звернем больш пільную ўвагу да гульні нумар адзін у свеце — футбол. Асобна варта выдзяліць невялікі звонку непрыкметны значок, што прысвечаны чэмпіянату свету па футболе, які праводзіўся ў 1970 годзе ў Мексіцы і стаў дзевятым па ліку пад эгідай Міжнароднай футбольнай федэрацыі. На значку абазначаны два артэфакты, адзін з якіх быў выкарыстаны на футбольных чэмпіянах свету ў апошні раз — Кубак «Перамога», а другі ўпершыню — гульнявы мяч Adidas Telstar.

А вось з гэтага моманту падрабязней. Сапраўды, у 1970 годзе Кубак «Перамога» быў уручаны ў апошні раз, яго ўладальнікам стала зборная Бразіліі, якая выйграла сусветнае футбольнае першынства ў дадзеным годзе і ўвогуле ў трэці раз у сваёй гісторыі, што дало магчымасць забраць ёй спартыўны трафей на пастаяннае захоўванне, гэта было прадугледжана правіламі.

Сам Кубак «Перамога» з’явіўся ў 1930 годзе дзякуючы тагачаснаму прэзідэнту Міжнароднай футбольнай федэрацыі французу Жюлю Рымэ, па ініцыятыве якога ў гэтым жа годзе быў праведзены першы чэмпіянат свету па футболе, што адбыўся ў Уругваі. Пазней у 1946 годзе сам трафей атрымаў афіцыйную назву Кубак Жюля Рымэ. Але была ў яго і яшчэ адна неафіцыйная назва — Кубак Ніка. Уся справа ў тым, што кубак уяўляе сабою крылатую скульптуру старажытнагрэцкай багіні перамогі Нікі, якая рукамі над сабою трымае васьмівугольную чашу і ўсталявана на пастамент з мінерала лазурыта. Аўтарам эскіза кубка з’яўляецца французскі скульптар Абель Лафлёр. Першапачатковая версія Кубка «Перамога» выканана з пазалочанага срэбра 925 пробы, мела вышыню 35 см і важыла 3,8 кг. Яна неаднаразова скрадалася, у 1966 годзе выраблена копія, а ў 1997 годзе сама копія была прададзена на аўкцыёне за 254500 англійскіх фунтаў стэрлінгаў і цяпер выстаўляецца ў экспазіцыі англійскага Нацыянальнага музея футбола ў горадзе Прэстане. А вось арыгінал Кубка «Перамога», што дастаўся зборнай Бразіліі, быў скрадзены ў 1983 годзе, у выніку пошукаў яго не знайшлі і па адной з версій ён быў папросту пераплаўлены. Замест яго Бразільская канфедэрацыя футбола замовіла сабе копію з выкарыстаннем 1,8 кг золата, якая была прадстаўлена прэзідэнтам гэтай краіны Жуанам Фігейрэду ў 1984 годзе.

Кампанія Adidas з мячом Telstar на афіцыйных турнірах дэбютавала яшчэ на чэмпіянаце Еўропы па футболу ў 1968 годзе і ўжо потым ён з’явіўся на сусветным футбольным першынстве 1970 года. Яго назва і знешні выгляд — адсылка да першага ў гісторыі прыватнага спадарожніка «Тэлстар». Мяч быў зроблены з зшытых уручную 20 белых пяцівугольнікаў і 12 чорных шасцівугольнікаў і стаў самым круглым мячом свайго часу. Справа ў тым, што да гэтага часу на футбольных чэмпіянатах свету выкарыстоўваліся мячы, што зшываліся з 18 панэлей блізкіх па форме да прамавугольніка. Канструкцыя Adidas Telstar аказалася настолькі ўдалай, што кампанія выпускала 32-панэлевыя мячы ў розных колеравых варыяцыях да чэмпіянату свету 2006 года, што прайшоў у Германіі, дзе Adidas прадставіла прынцыпова новы 14-панэльны мяч. Але для гістарычнай справядлівасці трэба адзначыць, што вынаходнік 32-панэлявага мяча — менавіта дацкая кампанія Select, якая выпускае падобныя мадыфікаваныя мячы і па сённяшні дзень.

Значкі да чэмпіянату света па футболе 1970 года, што прайшоў у Мексіцы. Злева — Кубак «Перамога», справа — талісман турніра хлопчык Хуаніта

Ёсць у калекцыі Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея яшчэ адзін значок, прысвечаны чэмпіянату света па футболе 1970 года — талісман дадзенага турніра хлопчык Хуаніта, што гуляе з мячом і апрануты ў форму зборнай Мексікі і самбрэра.

Аматары гульні нумар адзін са стажам павінны ведаць (зборная СССР тады з поспехам пераадолела групавы этап, але ў чвэрцьфінале з лікам 0:1 саступіла Уругваю), што чэмпіянат свету па футболе 1970 года ў Мексіцы можна яшчэ па некалькіх пунктах адзначыць, як «ўпершыню»:
— былі дазволены замены футбалістаў пад час гульні;
— галоўны суддзя мог паказаць футбалістам жоўтую і чырвоную карткі;
— каляровыя прамыя тэлевізійныя трансляцыі праз спадарожнік.

У фондах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея захоўваецца яшчэ шмат прадметаў, якія могуць расказаць пра сябе і пра падзеі, да якіх яны былі зроблены, шмат чаго цікавага. Але пра гэта ўжо ў іншым артыкуле.
Катэгорыя: Музейны архіў | Дабавіў: vitalis (10.04.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 648 | Тэгі: Кубак Свету, Алімпіяда, білеты, значкі, футбол, Спот, Ганцавічы, Масква | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.