Аўторак, 16.04.2024, 07:23

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Музейны архіў

Гісторыя брытвы: ад небяспечнай да электрычнай
Серыю артыкулаў «Музейны архіў», што знаёміць з цікавымі прадметамі з фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея, мы прадоўжым падарожжам па калекцыі «Рэчавая» і раскажам у ім пра гісторыю брытвы, якая прайшла эвалюцыйны шлях ад небяспечнай, да электрычнай.

Калекцыя брытваў з фондаў музея

Пераважная большасць дарослага насельніцтва як мужчынскага, так і жаночага знаёма з такой працэдурай як галенне, альбо брыццё. Як сведчаць энцыклапедыныя выданні, згодна з наскальнымі малюнкамі яшчэ 25 тысяч гадоў назад старажытныя людзі саскрабалі валасы з цела пры дапамозе вострых камянёў. Пазней у якасці брытвы выступалі агранены крамень, каменныя нажы, ракавіны малюскаў. Прыкладна ў 3000 годзе да нашай эры з’явіліся бронзавыя скрабкі. У Егіпце для галення выкарыстоўваліся медныя, альбо нават залатыя нажы, а рымляне рабілі гэта пемзаю. Першапачаткова ў папярэдніках брытваў лязо было фіксіраваным, але ўжо прыкладна з 1550 года да нашай эры становяцца вядомы механізмы пры якіх яно складвалася.

Ішоў час, развіваліся тэхналогіі. Сапраўдным штуршком у вытворчасці брытваў у сярэдзіне 18 стагоддзя стала вынаходніцтва чыстай і надзвычай цвёрдай адліванай сталі. Прыблізна ў 1680 годзе ў англійскім горадзе Шэфілд былі выраблены першыя экзэмпляры так званай клінковай брытвы, пазней яна атрымала назву небяспечнай. Садзейнічала гэтаму і рэклама Т-падобнага станка, які ў 1847 годзе (у некаторых крыніцах сустракаецца і іншая дата — 1874 год) вынайшаў англічанін Уільям Сэмюэл Хенсан. У 1895 годзе амерыканец Кінг Кэмп Джылет (прозвішча кажа само за сябе) удасканаліў дадзены станок, распрацаваўшы аднаразовую брытву з двухбаковавострым канцом. Яна была запатэнтавана ў 1906 годзе і з таго часу па сённяшні дзень фактычна застался нязменнай — брытвавы станок.

Першы патэнт на вытворчасць электрычнай брытвы быў атрыманы амерыканцам Джонам Ф. О'Руркам у 1898 годзе, а першая брытва для сухога галення была вынайдзена ў 1915 годзе Іаганам Брюкерам, яна прыводзілася ў дзеянне механічным завадным рухавіком. З памяньшэннем памераў электрычных рухавікоў, брытвы падобнага тыпу пачалі выпускацца ў большай колькасці экзэмпляраў. Садзейнічала павелічэнню папулярнасці і тое, што рэжучыя нажы сталі аддзяляцца брытвавай сеткай. У 1937 годзе амерыканская кампанія «Remington» выпусціла сапраўды зручную электрабрытву, вынаходніцтва якой належыць Джэйкабу Шыку. А літаральная праз год кампанія «Philips» з Нідэрландаў прадставіла ўласную рэжучую сістэму з трымя лязамі, яе аўтар — Аляксандр Гаравіц. Аднак, з-за адноснай дарагавізны вытворчасці электрычныя брытвы масавы распаўсюд атрымалі толькі пасля Другой сусветнай вайны.

Развіццё вытворчасці брытваў ідзе і па сённяшні дзень. Паліцы спецыялізаваных і не толькі магазінаў могуць прадставіць патэнцыйным пакупнікам шырокі спектр падобнай прадукцыі.

У фондах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея прадстаўлены тры небяспечныя брытвы. Дзве з іх адносяцца да савецкага перыяду. На адной з іх на лязо выбіта таўро «З-д СТИЗ. Экстра. 55 г.», гэта сведчыць пра тое, што прылада была выраблена на Маскоўскім заводзе «Стальные изделия» ў 1955 годзе, а сама адносілася да "высококачественных бритв с улучшенной отделкой” і класіфіцыравалася па ўзроўню якасці як «Экстра», вышэй якой была толькі «Москва». Яшчэ на адным маецца таўро вытворцы «ПавМурМет. Вача» — Паўлава-Мурамскі металаапрацоўчы трэст, у які ўваходзіў завод «Труд», што размяшчаўся ў расійскім горадзе Вача — сучасная Ніжагародская вобласць.

Сапраўдная жамчужына сярод падобных прыладаў, што маюцца ў фондах музея — небяспечная брытва «ERN», зроблена яна была на аднайменным нямецкім заводзе, што размяшчаецца ў горадзе Золінген у перыяд часу з 1900 па 1905 гады. Выпуск дадзенай брытвы быў наладжаны адмыслова для Расійскай імперыі, аб гэтым сведчыць надпіс на лязо на рускай мове «Магнитная сталъ». На другім баку маецца таўро «Арол і змяя», лічба 2415 і надпіс «WALD—GERMANY».

Небяспечныя брытвы ў фондах музея

У 2020 годзе да нас у фонды трапіў і брытвавы станок з рамантычнаю назваю «Рандеву-1», да якога ў пару быў дадзены памазок для галення. Брытвавы станок класічнай Т-падобнай формы і складаецца з дзвух частак — ручка і непасрэдна станок, дзе размяшчаецца двухбаковае плоскае лязо, якое можна праз пэўны час замяняць на новае. Кошт яго ў рознічным гандлі складаў усяго чатыры рублі.

Што тычыцца памазка для галення, то гэта не проста аксэсуар — пры дапамозе адмысловага мыла ці крэму ён стварае густую пену, неабходную, каб абараніць скуру і змякчыць валасінкі падчас галення. Акрамя таго, пры дапамозе створанай такім чынам пены памазок масажыруе скуру, робячы працэс галення меней балючым і дапамагае пазбегнуць раздражнення скуры. Дакладная дата з’яўлення яго невядомая, памазкі для галення блізкія по форме да сучасных з’явіліся ў цырульнях Францыі ў 1870-я гады. Да таго часу пену на твар наносілі і расціралі проста рукамі.

Памазок і брытвавы станок «Рандеву-1»

Элетрычныя брытвы пад маркаю «Харьков» не патрабуюць шырокага прадстаўлення. У часы існавання Савецкага Саюза яны з’яўляліся ці не самымі папулярнымі падобнымі прыборамі і ў розных варыяцыях меліся практычна ў кожнай сям’і. Напрыклад, за 1977 год на Харкаўскім заводзе электраапаратуры было выраблена 2,7 міліёнаў электрычных брытваў! Сёлета, дарэчы, спаўняецца 65 гадоў выпуску першай брытвы пад назваю «Харьков». Мець у карыстанні такую брытву было прэстыжна. Кінааматары павінны памятаць, што ў легендарнай карціне «Ирония судьбы, или С легким паром!» кінарэжысёра Эльдара Разанава гераіня фільма Надзя дорыць свайму жаніху Іпаліту брытву "с плавающей головкой” — «Харьков-5М».

Цікавым момантам было і тое, што пры ўключэнні электрычнай брытвы «Харьков» ў сетку глядзець тэлевізар ужо не было магчымасці — ствараліся памехі і на экране з’яўлялася рабізна (рябь — русс.).

Прыклад прадукцыі Харкаўскага завода электраапаратуры ёсць і ў фондах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея — электрычная брытва «Харьков-33».

Электрычныя брытва «Харьков-33»

Маецца ў фондах музея і электрычная брытва «Бердск-8». Прылады пад такою назваю пачалі выпускацца ў 1970-х гадах на Бердскім электрамеханічным заводзе, што знаходзіцца паблізу ад расійскага горада Навасібірск, і даволі хутка атрымалі добрую папулярнасць.

За аснову для вырабу мужчынскіх электрычных брытваў «Бердск» былі ўзятыя мадэлі нідэрландскай кампаніі «Philips». Яны былі абсталяваны ротарнай сістэмай, у якой нельга было змяняць месцамі нажы і сеткі. Прарэзы ў гэтых сетках былі выкананы металічнымі піламі і прывараны адзін да аднаго, таму памяняць іх месцамі не было ніякай магчымасці. Пад час працы брытвы «Бердск» стваралі шмат шуму, таму па успамінах хто імі карыстаўся, ад гуку галення раніцаю маглі прачнуцца ўсе дамачадцы. Акрамя таго, брытва даволі балюча выскубала валасінкі, дастаўляючы пры гэтым непрыемныя фізічныя адчуванні, часам нават выклікаючы раздражненне скуры. З цягам часу эксплуатацыйныя мінусы адыходзілі ў мінулае і, хочацца спадзявацца, што наш экзэмпляр, які быў выраблены ў жніўні 1987 года працяглы час верай і праўдай служыў свайму ўладальніку.

Электрычная брытва «Бердск-8»

У асобны від выдзелены механічныя брытвы са спружынным рухавіком, у якіх брытвавы блок канструктыўна падобны электрычным брытвам. Маецца такі прадмет і ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі — завадная механічная брытва «Спутник», што выраблялася на аднайменным Ленінградскім электрамеханічным заводзе. Калі верыць пашпарту прылады, то яна пабачыла свет 16 лістапада 1965 года і па сённяшні дзень можа выкарыстоўвацца па сваім непасрэдным прызначэнні — сапраўды вінтаж. Пры поўным заводзе брытва магла працаваць у межах трох хвілін, а ў камплекце ішло адразу дзве галоўкі, адна з якіх прызначалася для галення, а іншая для стрыжкі. Дарэчы, гарантыйныя абавязкі на бясплатнае ўхіленне завадскіх дэфектаў, што былі выяўлены падчас эксплуатацыі брытвы пасля яе продажы ў магазіне складалі восем месяцаў. Фактычна дадзеная механічная брытва магла быць добрым падарункам для мужчын, якія шмат часу праводзяць у дарозе.

Завадная механічная брытва «Спутник»

Хочацца звярнуцца да чытачоў у якіх дома ёсць вось такія бытавыя прадметы, што мажліва ўжо і не выкарыстоўваюцца. Здавайце іх у наш музей, з вашай дапамогай ім будзе нададзена другое жыццё ўжо ў якасці музейнага прадмета, ці ўвогуле экспаната. Будзем вам вельмі ўдзячныя за дапамогу ў папаўненні музейных калекцый!
Катэгорыя: Музейны архіў | Дабавіў: vitalis (02.10.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 612 | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.