Пятніца, 29.03.2024, 16:14

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Музейны архіў

Крыху з гісторыі нагрудных знакаў
На гэты раз ў артыкуле з серыі «Музейны архіў» мы падрабязна раскажам аб такіх рэчах як нагрудныя знакі, альбо проста знакі. Захоўваюцца яны ў фондах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея ў калекцыі пад назвай «Нумізматыка» ў асобным раздзеле «Фалерыстыка».

Нагрудныя знакі з фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея

Варта будзе ўзгадаць, што фалерыстыка, як навука, займаецца вывучэннем гісторыі ордэнаў, медалёў, значкоў, настольных медалёў і плакетак (памятны альбо дэкаратыўны медаль, які мае форму шматвугольніка), жэтонаў, наградных дакументаў, а таксама любых нагрудных знакаў, іх сістэматызацыяю і апісаннем.

Нагрудныя знакі дзеляцца на некалькі відаў:
— нагрудныя знакі, якія пазначаюць прыналежнасць да пэўнай групы (знакі аб сканчэнні навучальнай установы, нагрудны знак арганізацыі)
— нагрудны знак выдатніка
— службовыя нагрудныя знакі
— вайсковыя нагрудныя знакі
— нагрудныя знакі, прысвечаныя якой-небудзь падзеі ці месцу (сярод іх могуць быць знакі аб раненні, альбо юбілейныя нагрудныя знакі).

Варта асобна прыпыніцца на такой групе, як акадэмічныя нагрудныя знакі, што ўручаюцца і па сённяшні дзень асобам, што скончылі вышэйшую навучальную ўстанову. Праўда, сёння ў Беларусі падобная практыка не мае шырокага распаўсюджвання.

Акадэмічныя нагрудныя знакі з фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея

Сама назва «акадэмічныя знакі» бярэ свой пачатак з ХІХ стагоддзя з часоў Расійскай імперыі, у якой на той час падобнымі знакамі адзначаліся асобы, што скончылі вайсковыя акадэміі. Пазней яны ўручаліся і ў грамадзянскіх навучальных установах. Вялікі перапынак быў з 1917 па 1945 гады, калі яны адмяняліся ўвогуле. У 1945 годзе яны вярнуліся ва ўжыванне для вышэйшых навучальных установаў СССР, а пасля ў 1958 годзе і для сярэдніх — тэхнікумы. У 1961 годзе была распрацавана і ўстаноўлена адзіная форма нагрудных акадэмічных знакаў.

Для вышэйшых навучальных установаў яна была такою. Сам знак па форме быў у выглядзе крыху выпуклага ромба, што быў пакрыты эмаллю колеру ў залежнасці ад тыпу навучальнай установы: універсітэты — сіняя, сельскагаспадарчыя — зялёная, педагагічныя — блакітная, медыцынскія — чырвоная і іншыя. Пры гэтым па краі ромба размяшчаліся белыя эмалевыя палоскі, акаймаваныя залацістымі борцікамі. У верхняй частцы знака на фоне эмалі размяшчалася накладная выява герба СССР, якая менавіта ў універсітэцкіх нагрудных знаках была вынесена ў цэнтр. У ніжняй частцы знака прысутнічала эмблема ВНУ дадзенага тыпу — скрыжаваныя ключ і молат (тэхнічныя), сноп з пшаніцай (сельскагаспадарчыя), ліра, перакрыжаваная кісцю і пяром (сферы мастацтва) і іншыя. Фіксаваны быў і памер — 46 мм па вышыні і 26 мм па шырыні.

Але ня гледзячы на тое, што выгляд знакаў быў адзіны, некаторыя ВНУ (асабліва тэхнічныя) выдавалі сваім выпускнікам акадэмічныя знакі, якія адрозніваліся ад устаноўленых.

А вось навучэнцы тэхнікумаў пасля заканчэння сваіх навучальных установаў атрымлівалі крыху іншыя нагрудныя знакі. Асноўнае адрозненне — форма — шасцікутнік, што быў выцягнуты па вертыкалі і завужаўся ў ніжняй частцы.

Асаблівую цікавасць пераважна ў маладога пакалення выклікаюць знакі перыяду СССР, якімі ўзнагароджваліся люді за высокія паказчыкі ў працы, сярод іх варта выдзяліць знак «Победитель социалистического соревнования», а таксама — «Ударник пятилетки».

Знакі «Победитель социалистического соревнования 1975 и 1978 годов» і «Ударник 10 пятилетки»

Узнагароджванне знакам «Победитель социалистического соревнования» праводзілася ў СССР з 1973 па 1980-я гады. Для таго, каб атрымаць такі знак, трэба было стаць пераможцам так званага сацыялістычнага спаборніцтва. Увядзенне яго было звязана з жаданнем павелічэння прадукцыйнасці працы на дзяржаўных прадпрыемствах і заклікала замяніць капіталістычную канкурэнцыю. Спаборнічалі не толькі заводы, але і цэхі, брыгады, асобныя рабочыя, а таксама навучальныя ўстановы і іншыя. Практыкавалася яно не толькі непасрэдна ў СССР, але і ў іншых дзяржавах так званага Усходняга блока. Наколькі яно было паспяховым — пытанне рытарычнае.

Сам знак «Победитель социалистического соревнования» мае дзве варыяцыі, першая з іх уручалася з 1973 па 1975-я гады, другая — з 1976 па 1980-я гады. Больш ранні знак вырабляўся з алюмінія і быў выкананы ў выглядзе шасцяронкі з разгорнутым сцягам у цэнтры і акантоўкі з лаўровага лісця. На сцягу надпіс «Победитель соцсоревнования», пад ім размешчаны каласы пшаніцы, серп і молат, а над ім — год, калі ўручалася ўзнагарода. Сам знак мацаваўся да калодкі ў форме банта з чырвонаю зоркаю ў цэнтры. У 1976 годзе дызайн знака змяніўся, але захаваў агульную стылістыку папярэдняй версіі — год уручэння ўзнагароды перамясціўся пад сцяг і стаў выконвацца на сінім фоне, а калодка стала прамавугольнай формы. Трэба адзначыць і тое, што да знака давалася пасведчанне.

Знак «Ударник пятилетки» — узнагарода, што ўручалася ўдарнікам па выніках 9-й, 10-й, 11-й і 12-й пяцігодак у СССР. Людзям сталага пакалення не патрабуецца дадатковая інфармацыя аб такіх тэрмінах як «ударнік» і «пяцігодка», а вось для моладзі гэтыя словы гучаць, як нешта зусім невядомае.

Паспрабуем кораценька ў іх разабрацца. Пяцігодка, альбо пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі СССР — эканамічны план, які распрацоўваўся для хуткага развіцця эканомікі Савецкага Саюза ў агульнанацыянальным маштабе. Першы пяцігадовы план быў распрацаваны ў 1928 годзе. Усяго іх было трынаццаць, але апошні, тэрмін яго дзеяння — 1991—1995-я гады, не быў рэалізаваны з прычыны распада СССР ў 1991 годзе. Што тычыцца слова ўдарнік, то гэта працаўнік, які дэманструе павышаную прадукцыйнасць сваёй працы. Сам тэрмін узнік у першыя гады пяцігодак і быў напрамую звязаны з выразам «ударный труд» — праца на максімуме магчымасцей, арыентаваная на перавышэнне ўсталяваных нормаў. Сам тэрмін шырока выкарыстоўваўся як сродак ідэалагічнага ўздзеяння. А імёны ударнікаў, што дасягнулі надзвычай высокіх паказчыкаў, напрыклад — шахцёр Аляксей Стаханаў (ад яго прозвішча пасля ўзніклі тэрміны «стахановец» і «стахановское движение»), выкарыстоўваліся як прыклад для пераймання.

Знакі «Победитель социалистического соревнования 1976 года» і «Ударник 9-й и XI-й пятилеток», а таксама пасведчанні да іх, што ўручаліся Герою Сацыялістычнай Працы экскаватаршчыку Віктару Паўлавічу Шапавалу, знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі музея

Сам знак «Ударник пятилетки» вырабляўся з алюмінія. Першыя тры варыяцыі — 9-я, 10-я і 11-я пяцігодкі амаль аднолькавыя — авальныя па форме, па краях абрамленне з лаўровага лісця. У цэнтры знака разгорнуты чырвоны сцяг з надпісам «Ударник 9-10-XI пятилетки», уверсе размешчана чырвоная зорка, унізе — чырвоная стужка з надпісам «СССР» над якой выявы сярпа і молата. У 1986 годзе дызайн знака «Ударник XII пятилетки» кардынальна абнавіўся. Аснова — пяцікутнік срэбнага колеру, на які пры дапамозе заклёпвання мацаваўся чырвоны сцяг з адпаведным надпісам.

Нагрудныя знакі маюць шырокае распаўсюджванне і ў сучаснай гісторыі Беларусі, іх у адпаведных мэтах выкарыстоўваюць разнастайныя арганізацыі і ўстановы.

Напрыклад, у чэрвені 2003 года указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў зацверджаны нагрудны знак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пад назваю «Выдатнік». Узнагароджваліся ім работнікі МНС розных узроўняў за ўзорнае нясенне службы, мужнасць і самаадданасць, выяўленыя пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага альбо тэхнагеннага характару. Згодна з палажэннем аб нагрудным знаку ўзнагароджванне павінна было праводзіцца асабіста і менавіта ў святочнай абстаноўцы. За наўмыснае правапарушэнне, альбо за грубую дысцыплінарную правіннасць нагрудны знак маглі і забраць.

Сама ўзнагарода выраблена з металу жоўтага колеру і уяўляе сабою геральдычны знак-эмблему МНС, які накладзены на авальны вянок з лаўровых галінак. На геральдычным знаку-эмблеме ніжэй каскі маецца тэкст «МНС», пад ім на ленце надпіс «Выдатнік». На адваротным баку размешчаны тэкст «Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь».

Дадзеным нагрудным знакам з фондаў нашага музея ў студзені 2005 года ўзнагароджаны прапаршчык унутранай службы Ганцавіцкага РАНС Анатолій Міхайлавіч Кірэйчык.

Знакі «Выдатнік» Міністэрства па назвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, «Отличник пожарной охраны БССР» і «Выдатнік ВПСС» Міністэрства унутраных спраў Рэспублікі Беларусь

Трэба адзначыць, што маюцца ў фондах музея і больш ранейшыя падобныя знакі — «Отличник пожарной охраны БССР» і «Выдатнік ВПСС» (ваенізаванай пажарнай службы) Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны імі былі Аляксандр Фёдаравіч Высоцкі і Валерый Уладзіміравіч Аляксейчык, якія працяглы час аддалі службе ў пажарнай ахове Ганцавіцкага раёна.

На гэтым пералік нагрудных знакаў з фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея не заканчваецца, іх значна болей. Хапае сярод іх і вельмі цікавых экзэмпляраў, пра якія мы абавязкова распавядзём у наступных артыкулах серыі «Музейны архіў».

Паважаныя чытачы, мы ўпэўненыя, што ў вас дома ёсць разнастайныя як нагрудныя знакі, так і проста знакі часоў СССР, так і перыяду незалежнай Беларусі. Будзем рады бачыць іх ужо ў якасці музейных прадметаў. Тэлефон для даведак — 8 (01646) 214-51.
Катэгорыя: Музейны архіў | Дабавіў: vitalis (06.01.2022)
Праглядаў: 626 | Тэгі: Гісторыя, нумізматыка, Ганцавіцкі раён, фалерыстыка, музей, Ганцавічы, нагрудныя знакі | Рэйтынг: 4.2/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 11
Гасцей: 11
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.