Чацвер, 25.04.2024, 17:06

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Музейны архіў

Пра што могуць расказаць грошы
Прадоўжыць серыю «Музейны архіў» хацелася б знаёмствам з калекцыяю, што носіць назву «Нумізматыка». Непасрэдна нумізматыка як навука займаецца вывучэннем грошай, гісторыі грашовага абарачэння, біцця манет; таксама даследуе калекцыяніраванне манет, банкнотаў, заменнікаў грошай і гэтак далей.

Як калекцыя ў фондах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея яна дзеліцца непасрэдна на некалькі раздзелаў:
— нумізматыка — металічныя грашовыя знакі, жэтоны;
— баністыка — папяровыя грашовыя знакі;
— фалерыстыка — ордэны, медалі, значкі і іншыя нагрудныя знакі;
— філатэлія — паштовыя маркі і штэмпелі.

Адным з найбольш актыўных здатчыкаў у калекцыю «Нумізматыка» з’яўляецца былы капітан дальняга плавання (хаця прыстаўка "былы" да маракоў наўрад ці прымяняльная) ганцаўчанін Валянцін Іванавіч Міхейкін. На яго рахунку ўжо больш за сто перададзеных прадметаў толькі ў адпаведную калекцыю. У 2017 годзе аўтару гэтага артыкула давялося звярнуцца да Валянціна Іванавіча з просьбаю аб папаўненні музейных фондаў цікавымі прадметамі. На гэта быў атрыманы адказ, што ў яго як і ў любога паважаючага сябе капітана ёсць свой "сундучок", які ў выніку і быў аддадзены на "разрабаванне" музейным работнікам.

Па тых прадметах, што былі перададзены Валянцінам Іванавічам Міхейкіным ў музей, можна вывучаць геаграфію: грашовыя знакі прадстаўляюць усе кантыненты, акрамя Антарктыды, канечне. Калі пералічваць краіны, то іх назбіраецца не адзін дзесятак, сярод найбольш экзатычных — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аўстралія, Іарданія, Індыя, Куба, Сейшэльскія Астравы, Трынідад і Табага, Ямайка і іншыя.

Да вывучэння геаграфіі можна смела дабавіць і гісторыю. Напрыклад, ці не самым цікавым і каштоўным прадметам, што трапіў ў фонды музея з’яўляецца «Білет Дзяржаўнага Казначэйства Галоўнага Камандавання Ўзброенымі Сіламі на поўдні Расіі», намінал — 10000 рублёў і надрукаваны ён у 1919 годзе. Уся справа ў тым, што перыяд у які быў выдадзены гэты білет — часы Грамадзянскай вайны ў Расіі, якая працягнулася з 1917 па 1923 гады, а Ўзброеныя сілы на поўдні Расіі — аператыўна-стратэгічнае аб'яднанне белых войскаў Поўдня Расіі ў 1919—1920 гадах, кіраўніком якога большую частку часу быў генерал Антон Іванавіч Дзянікін.

Білет Дзяржаўнага Казначэйства Галоўнага Камандавання Ўзброенымі Сіламі на поўдні Расіі

Акрамя непасрэдна вайсковых дзеянняў праводзіліся, як мы бачым, і аперацыі па выпуску грошай. На адной тэрыторыі адначасова маглі хадзіць адразу іх некалькі відаў: царскія і Часовага ўрада, савецкія і так званыя "Данскія грошы". Гэтыя акалічнасці, разам з дасягнуўшымі неверагодных памераў жульніцтва і казнакрацтва ў тыле, у канец расхісталі і без таго цяжкую фінансавую і не толькі сітуацыю сярод белых войскаў. Сталыя чытачы дакладна памятаюць выказванне героя бессмяротнага савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» Папандопулы: «На табе 100 мільёнаў! Слухай, вазьмі ўсё, я сабе яшчэ намалюю!»

Урад Дзянікіна, як меру па ўніфікацыі грашовага звароту, вырашыў пачаць выпуск уласных грошай. Месцамі для іх вырабу былі выбраны адразу некалькі гарадоў: Наварасійск, Кіеў, Адэса і Сімферопаль. І ў жніўні 1919 года былі ўведзены ў зварот банкноты добрай якасці наміналамі 3, 10, 50, 200, 1000 і 10000 рублёў. У якасці эмблемы для іх абраны двухгаловы арол з георгіеўскай стужкай і лаўровым вянком у кіпцюрах, на грудзі арла быў намаляваны Георгій Перамоганосца. На купюрах стаяў подпіс кіраўніка фінансамі Міхаіла Уладзіміравіча Бернацкага. Дадзеныя грошы ўвайшлі ў гісторыю як "званкі" ("колокольчики" — русс.) — на купюры ў 1000 рублёў быў намаляваны Цар-звон. За вялікую колькасць георгіеўскіх стужак, непасрэдна купюры ў 10000 рублёў, атрымалі мянушку "стужачкі" ("ленточки" — русс.). Але ні «Данскія рублі», ні вось гэтыя «Дзянікінскія грошы» рэальнай каштоўнасці не мелі: да сакавіка 1920 года іх было выпушчана больш чым на 30 мільярдаў рублёў.

Варта асобна выдзяліць і нямецкія памятныя манеты наміналам дзве маркі, што выпускаліся Федэральным банкам Германіі пэўны час у другой палове ХХ стагоддзя. Яны былі прымеркаваныя да 20-годдзя з дня заснавання Федэратыўнай Рэспублікі Германія. Першая іх чэканка павінна была адбыцца ў 1969 годзе непасрэдна да юбілейнай даты. Аверс у іх аднолькавы — выява герба Германіі, а дакладней адной з яго версій — Федэральны арол без геральдычнага шчыта, а таксама намінал манеты — дзве маркі.

Манеты да 20-годдзя з дня заснавання Федэратыўнай Рэспублікі Германія (злева — Тэадор Хойс, зправа — Конрад Адэнауэр)

А вось рэверсы былі розныя, на адной з іх знаходзілася профільная выява Конрада Адэнауэра — першы канцлер пасляваеннай ФРГ, яго яназываюць бацькам новай Германіі; на другой такая ж выява Тэадора Хойса, ён стаў першым пасляваенным прэзідэнтам гэтай краіны.

Валянцін Іванавіч Міхейкін доўгі час жыў і працаваў у Латвіі, і дзякуючы гэтаму ў нас з’явіўся поўны набор латвійскіх манет наміналам з аднаго санціма па адзін лат, якія былі ў абарачэнні з 1992 па 2013 гады. Найбольш цікавымі ў дадзенай падборцы выглядаюць манеты вартасцю адзін лат: аверс аднолькавы — Вялікі герб Латвійскай Рэспублікі, а вось рэверс налічвае аж 24 варыяцыі! У нашым музеі захоўваюцца дзве манеты, на рэверсе адной размешчана выява рыбы, на другой — грыба.

Латвійскія манеты наміналам у 1 лат

Нельга абыйсці бокам і Кубінскія манеты за іх своеасаблівасць. Уся справа ў тым, што на Кубе ўжо працяглы час у абарачэнні знаходзяцца два віды нацыянальнай валюты — песа і канверсійнае песа, якое ў прастамоўі атрымала назву "кук". І, калі звычайнае песа прадназначаецца выключна для мясцовага насельніцтва, то "кук" выступае ў якасці замены амерыканскага долара і першапачаткова быў накіраваны для патрэб турыстаў, дыпламатаў і іншых гасцей краіны. На пачатку курс канверсіі паміж звычайным песа і "кукам" быў адзін да аднаго, афіцыйна па сённяшні дзень ён захоўваецца на тым жа самым узроўні, але ў рэальным жыцці рэгулярна вагаецца, часам дасягаў 100 да 1 у карысць канверсійнага песа, зараз жа за адзін "кук" трэба аддаць 25 звычайных песа.

Манеты Кубы. Зверху — канверсійныя ("манеты для гасцей"), знізу — звычайныя

У музеі захоўваюцца сем Кубінскіх разменных манет рознага наміналу, чатыры з іх звычайныя, а тры — канверсійныя, яны яшчэ носяць назву "манеты для гасцей”. Гэтыя манеты выпускаліся з 1981 па 1989 гады Кубінскім Нацыянальным Інстытутам турызму для выкарыстоўвання гасцямі краіны, ад іншых іх выдзяляў надпіс «Intur» на адным з бакоў, намінал іх складаў 5, 10, 25, 50 сентава і адзін песа.

Таму, калі вы падарожнічаеце, ці ездзіце па працоўных мэтах па іншых краінах і ў вас па вяртанні дадому застаецца пэўная колькасць мясцовых грошай, то будзем рады вас бачыць у Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі: нават адна манета, ці банкнота мінімальнага наміналу дазволіць папоўніць калекцыю «Нумізматыка» яшчэ адным цікавым прадметам.

Можна меркаваць, што гэтым артыкулам мы прадоўжылі знаёміць чытачоў партала з фондамі Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея і пачалі непасрэднае азнаямленне з калекцыяю «Нумізматыка», у якой захоўваецца яшчэ шмат цікавых прадметаў, што вартыя асобнага апісання.
Катэгорыя: Музейны архіў | Дабавіў: vitalis (27.03.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 756 | Тэгі: калекцыя, музей, баністыка, Ганцавіцкі раён, банкноты, Манеты, фалерыстыка, Ганцавічы, філатэлія, нумізматыка | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.